Святагорскі Успенскі манастыр у Пушкінскіх Гарах
Святаго́рскі Свя́та-Успе́нскі манасты́р — праваслаўны мужчынскі манастыр у пасёлку Пушкінскія Горы Пскоўскай вобласці (Расія). Помнік архітэктуры 16—19 ст.
Размяшчаецца на Святых (былых Сінічых) гарах. Уваходзіць у склад Музея-запаведніка Пушкіна.
На тэрыторыі манастыра знаходзіцца магіла А. С. Пушкіна і яго продкаў.
Гісторыя
Манастыр заснаваны ў 1569 годзе як мужчынскі на Сінічых гарах. Пасля 1918 у саборы была экспазіцыя, прысвечаная Пушкіну. У Вялікую Айчынную вайну манастыр быў моцна пашкоджаны. Адноўлены. З 1990-х гадоў храм дзейнічае. Святагорскі манастыр уваходзіць у склад Музея-запаведніка Пушкіна.
Архітэктура
Ансамбль манастыра абнесены пабеленымі каменнымі сценамі і Анастасіеўскай і Святой брамамі.
На вяршыні ўзгорка — мураваны 4-стаўповы 3-апсідны 1-купальны Успенскі сабор (16 ст.) з традыцыйнымі рысамі Пскоўскай школы дойлідства. У ветразевых скляпеннях і верхняй частцы праслаў сабора ўстаноўлены галаснікі.
У ансамбль Святагорскага манастыра ўваходзяць таксама званіца ў стылі класіцызму (завершана ў 1821; у яе верхнім ярусе размяшчаўся гадзіннік), брацкі корпус з трапезнай, гасцініца.
Літаратура
- Лаўрэцкі Г. А. Святагорскі манастыр // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 274. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Святогорский-Успенский мужской монастырь // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.