Святаслаў Яраславіч, Святаслаў II (1027 — 1076) — князь чарнігаўскі (1054—73), вялікі князь кіеўскі (1073—76).
Сын Яраслава Мудрага. Разам з братамі Усеваладам Яраславічам і Ізяславам Яраславічам стварылі своеасаблівы княжацкі трыумвірат, які ў 1054—72 кіраваў усімі справамі на Русі. У 1060 Святаслаў Яраславіч хадзіў на торкаў (у паходзе ўдзельнічаў і полацкі князь Усяслаў Брачыславіч з дружынай). У пач. 1067 браты Яраславічы перамаглі на р. Няміга князя Усяслава Брачыславіча (гл. Нямігская бітва). Летам таго ж года «на Ршы у Смаленска» браты прапанавалі Усяславу Брачыславічу правесці перагаворы. Аднак, нагледзячы на тое, што «цалавалі крыж чэсны Усяславу», па-здрадніцку захапілі яго і разам з сынамі пасадзілі ў турму-поруб у Кіеве. У 1068 браты пацярпелі няўдачу ад полаўцаў на р. Альта (каля Пераяслава), аднак неўзабаве Святаслаў Яраславіч разбіў іх каля Сноўска. Разам з братамі з’яўляецца адным са складальнікаў «Рускай праўды» (т.зв. «Праўды Яраславічаў»). У 1073 пры падтрымцы Усевалада адабраў у старэйшага брата Ізяслава велікакняжацкі трон. Па заказе Святаслава Яраславіча ў 1073 і 1076 былі складзены «Ізборнікі Святаслава».
Зноскі
↑Grand Duke of Kiev Svi︠a︡toslav I︠A︡roslavich // Faceted Application of Subject Terminology Праверана 9 кастрычніка 2017.