Слізевікі
Група пратыст | |||||
---|---|---|---|---|---|
Назва | |||||
Слізевікі | |||||
Статус назвы | |||||
абмяркоўваецца | |||||
Бацькоўскі таксон | |||||
Група Пратысты | |||||
Прадстаўнікі | |||||
|
|||||
|
Слізевікі́[1] (Myxomycota, Mycetozoa) — група грыбападобных арганізмаў няпэўнага сістэматычнага становішча.
Апісанне
Традыцыйна вылучаліся ў аддзел ніжэйшых раслін, у сучаснай заалагічнай сістэматыцы іх адносяць да прасцейшых. Падобныя на грыбы (адсутнасць хларафілу, наяўнасць спораўтварэння, пладовыя целы, пераважна сапратрофны тып жыўлення) і на жывёл (здольнасць да актыўных амёбападобных рухаў). Адрозніваюцца акразіяміцэты (клетачныя слізевікі) і міксаміцэты (сапраўдныя слізевікі), якія аб’ядноўваюць каля 500 відаў.
Пашырэнне
Пашыраны паўсюдна, пераважна касмапалітычныя віды. На тэрыторыі Беларусі найбольш вядомыя роды лікагала (Lycogala), стэманітыс (Stemonitis), трыхія (Trichia), фізарум (Physarum), фуліга (Fuligo) і інш. Трапляюцца ў глебе, гнілых пнях, пад карой, апалым лісцем, на гноі; паразітычныя формы — у клетках водарасцей, вышэйшых раслін, у грыбах.
Асаблівасці біялогіі
У перыяд вегетатыўнага развіцця слізевікі, што жывуць свабодна, насяляюць вільготныя, цёмныя месцы. На святло выпаўзаюць для ўтварэння на субстраце пладовых цел (спарангіяў і эталіяў), у якіх фарміруюцца гаплоідныя споры (у вадзе прарастаюць у зааспоры, у вільготным асяроддзі — у міксамёбы). Пры іх капуліраванні парамі ўтвараюцца дыплоідныя міксамёбы, якія шматразова дзеляцца, растуць і фарміруюць плазмодый. Пры неспрыяльных умовах (сухасць субстрату, нізкая тэмпература, адсутнасць корму) плазмодый ператвараецца ў склероцый.
Споры застаюцца жыццяздольнымі дзясяткі гадоў.
Класы
- Dictyosteliomycetes
- Protosteliomycetes — Протастэліды
- Myxomycetes — Міксаміцэты
Зноскі
Літаратура
- Бельская С. І. Слізевікі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 7—8. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Сцефановіч А. І. Слізевікі // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.