Стрататып
Стрататы́п[1] — пэўным разрэз (адзіны або складовы[2]) адкладаў стратыграфічнага падраздзялення (стратона), указаны і апісаны ў якасці эталоннага. Дазваляе вызначыць аб’ём, межы, літалагічныя і палеанталагічныя характарыстыкі падраздзялення[3].
Адрозніваюць наступныя стрататыпы:
- галастрататып (першасны стрататып) — устанаўліваецца аўтарам стратыграфічнага падраздзялення адначасова з устанаўленнем самога падраздзялення;
- лектастрататып (абраны стрататып) — выбіраецца ў тых выпадках, калі першасны стрататып не быў паказаны аўтарам падраздзялення;
- неастрататып (новы стрататып) — выбіраецца, калі першасны стрататып з якіх-небудзь прычын стаў недаступным для параўнання і вывучэння (напрыклад, у сувязі са знішчэннем агаленняў, затапленнем)[2].
Складовым стрататыпам называецца сукупнасць разрэзаў, размешчаных у рамках стрататыповай мясцовасці, якія складаюць разам поўны тыповы разрэз пэўнага стратона. Яго варыянтам з’яўляецца арэальны стрататып — сукупнасць разрэзаў, якія размешчаны ў рамках стрататыповай мясцовасці і забяспечваюць вызначэнне ўзроставай паслядоўнасці слаёў і межаў дадзенага падраздзялення як стратыграфічнымі, так і геамарфалагічнымі метадамі. Гіпастрататып (другасны, дадатковы стрататып) — дадаткова абраны разрэз, які валодае больш выразнымі, у параўнанні з галастрататыпам, асаблівасцямі (больш даступны і лепш ахарактарызаваны). Парастрататып — разрэз, які быў выкарыстаны аўтарам пры першапачатковым вызначэнні галастрататыпа з мэтай дапаўнення яго характарыстыкі. Стрататып стратыграфічнай мяжы (лімітатып) — абраны ў якасці эталоннага разрэз, у якім фіксуецца становішча ніжняй мяжы стратона.
Кожнае стратыграфічнае падраздзяленне можа мець толькі адзін стрататып. У Міжнароднай стратыграфічнай шкале ўсе падраздзяленні павінны мець стрататып мяжы ў форме «глабальнага стратратапічнага разрэзу і кропкі» (GSSP), калі ў разрэзе паказана канкрэтнае месца ніжняй мяжы падраздзялення (так званы «залаты цвік»)[3]. Апублікаванне апісання стрататыпа — абавязковая ўмова валіднасці большасці катэгорый стратыграфічных падраздзяленняў[3].
Крыніцы
- ↑ БелЭн 2002.
- ↑ а б Кутырло, В. Э. 2018.
- ↑ а б в БРЭ 2004—2017.
Літаратура
- Кручак С. А. Стрататып // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 200. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Стратотип // Горная энциклопедия: [в 5 томах] / Гл. ред. Е. А. Козловский. — М.: «Советская энциклопедия», 1991. — Т. 5. СССР — Яшма. — 541 с. — 44 126 экз. — ISBN 5-85270-007-X. (руск.)
- Геологический словарь: в 2-х томах. / Под редакцией К. Н. Паффенгольца и др. — М.: Недра, 1978. (руск.)
- Кутырло, В. Э. Асновы стратыграфіі: дапаможнік / В. Э. Кутырло. — Мн.: БДУ, 2018. — 44 с. — 100 экз. — ISBN 978-985-566-593-0. Архівавана 23 мая 2023.
- Рычкова И. В. Основы стратиграфии и геохронологии: учебное пособие / И. В. Рычкова; Томский политехнический университет. — Томск: Изд-во Томского политехнического университета, 2014. — 53 с. (руск.)
- Комаров В. Н., Андрухович А. О., Туров А. В. Основы стратиграфии. Учебное пособие. — М.: МГРИ—РГГРУ, 2018. — 148 с. (руск.)
- Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—2017.
Спасылкі
- Стратотип (руск.) (Праверана 26 чэрвеня 2023) // Усерасійскі навукова-даследчы геалагічны інстытут імя А. П. Карпінскага
- Global Boundary Stratotype Section and Points // International Commission on Stratigraphy (англ.) (Праверана 26 чэрвеня 2023)
- Chapter 4. Stratotypes and Type Localities // International Commission on Stratigraphy (англ.) (Праверана 26 чэрвеня 2023)