Сцяг Латвіі
Латвія | |
---|---|
Зацверджаны | 27 лютага 1990 |
Прапорцыя | 1:2 |
Сцяг Ла́твіі — палатно 1:2 з дзвюх гарызантальных кармінавых палос, якія пасярэдзіне раздзяляюцца тонкай белай палоскай, кожная з кармінавых палос пры гэтым удвая таўсцейшая за белую палоску.
Кармінавы колер сімвалізуе кроў пралітую за свабоду Латвіі. Своеасаблівы кармінава-чырвоны колер (код: «1807C»), вядомы ў свеце таксама як «Латышскі чырвоны» («Latvian Red»).
Белы колер сімвалізуе чысціню і справядлівасць.
Гісторыя
Паходжанне
У Лівонскай рыфмаванай хроніцы пад 1279 годам успамінаецца сцяг атрада ландвера (апалчэння) замка Ведэн (на тэрыторыі сучаснага горада Цэсіс) — чырвонае з белай паласой. Паводле хронікі, сто латгальскіх апалчэнцаў накіраваліся ў Рыгу як падмацаванне для адбіцця нападу іншага балцкага племені — земгалаў[1].
Паданне
Паводле падання, асновай сцяга было белае палотнішча, на якім вынеслі з поля бою смяротна параненага правадыра латышскага племені. Воіны паднялі прамочанае крывёю з двух бакоў палотнішча як сцяг і пад ім перамаглі[2]. Дакладна такое ж паданне ёсць пра сцяг Аўстрыі.
Новы час
У Дэрпцкім (Тартускім) універсітэце, на літаратурных вечарах у 1870-я гады, младалатышы вырашылі «абзавесціся» сваёй сімволікай. Удзельнік «вечароў», гісторык Яніс Грынбергс (паводле іншай версіі — студэнт Екабс Лаўтэнбах-Юсміньш) выявіў у Рыфмаванай хроніцы, дзе апісаны падзеі 1279 года, што ў аднаго з латгальскіх плямёнаў быў чырвоны сцяг, падзелены белай паласой. Апісання іншых латышскіх племянных сцягоў не былі знойдзены, таму ўдзельнікі «вечароў» прынялі чырвона-бела-чырвоны сцяг за свой сімвал. Аднак, настолькі ранняе выкарыстанне чырвона-бела-чырвонага сцягу вядомае толькі са ўспамінаў апублікаваных ў 1920-я гады[1].
Чырвона-белыя колеры былі выкарыстаны на Першым латышскім свяце песень у 1873 годзе[1].
Першы дакладна вядомы чырвона-бела-чырвоны сцяг зрабіў у 2-й палове 1916 года педагог і журналіст Яні Лапіньш у неакупіраванай германскімі войскамі Валміеры. Гэты сцяг трохі адрозніваўся ад таго, якім карыстаюцца цяпер, захаваўся да нашых дзён. Выкарыстанне чырвона-бела-чырвонага сцягу пачасцілася пасля Лютаўскай рэвалюцыі, калі ён з'яўляўся на мітынгах, дзе ў той час дамінавалі чырвоныя сцягі[3]. Сцягі з чырвона-бела-чырвоным спалучэннем колераў упрыгожвалі І-ы Латгальскі з'езд 26-27 красавіка (паводле старога стылю) ў Рэзэкне[4].
У 1917 годзе мастакі стварылі некалькі эскізаў нацыянальнага сцяга з варыянтамі суадносін колераў 1:1:1 і 2:1:2, з якіх лепшымі былі прызнаны эскізы гісторыка мастацтва Ольгерта Гросвальда (1:1:1) і мастакоў Ансіса Цыруліса і Волдэмара Тоне (2:1:2). Ніводны з варыянтаў не выкарыстоўваў цёмна-чырвоны колер, за які яшчэ раней выступалі Лінард Лайцэн і Оскар Войтс[5].
Чырвона-бела-чырвоны сцяг стаў дзяржаўным сцягам Латвійскай Рэспублікі са дня яе заснавання 18 лістапада 1918 года, але канчатковы яго знешні выгляд быў зацверджаны 20 студзеня 1923 года[5].
Пасля анексіі Латвіі СССР у 1940 годзе, сцягам Латвійскай ССР было чырвонае палотнішча з выкананымі ў золаце скарочанай назвай рэспублікі (LPRS), выявай сярпа і молата і пяціканцовай зоркі[6], а ў 1953—1990 гадах — прамавугольнае палотнішча, якое складалася з пяці гарызантальных каляровых палос: верхняй паласы чырвонага колеру, якая займала дзве траціны шырыні сцяга, двух белых і двух сініх хвалістых палос, якія чаргуюцца паміж сабой і сімвалізуюць мора, яны займаюць адну траціну шырыні сцяга; у верхнім вугле чырвонай паласы палотнішча, каля дрэўка, на адлегласці адной пятай ад шырыні сцяга ад дрэўка выяўлены залатыя серп і молат і над імі чырвоная пяціканцовая зорка, акантаваная залатым беражком[7]. У савецкі час выраб і публічная дэманстрацыя чырвона-бела-чырвонага сцяга лічылася антыдзяржаўным злачынствам і адпаведна каралася[8].
Сучаснасць
29 верасня 1988 года быў прыняты ўказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Латвійскай СССР «Аб культурна-гістарычнай сімволіцы латышскага народа», які прызнаў чырвона-бела-чырвонае спалучэнне колераў нацыянальнай сімволікай і дазволіў яго выкарыстанне, сярод іншага, і ў якасці сцяга[9]. 15 лютага 1990 года Вярхоўны Савет Латвійскай ССР прыняў закон «Аб сцягу Латвійскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», якім змяніў ранейшы сцяг рэспублікі на чырвона-бела-чырвоны[10]. Гістарычны сцяг захаваў статус дзяржаўнага і пасля аднаўлення незалежнасці Латвійскай Рэспублікі.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ а б в Latvijas sarkanbaltsarkanā karoga ġenēzes(недаступная спасылка). mfa.gov.lv. Архівавана з першакрыніцы 26 студзеня 2012. Праверана 12 студзеня 2017.
- ↑ Национальные символы Латвии Архівавана 15 студзеня 2017.
- ↑ Pumpurinš, T.. Sarkanbaltsarkanās-Latvijas karoga krāsas (I) . lvportal.lv. Праверана 12 студзеня 2017.
- ↑ Šilde, Ā. Latvijas vēsture 1914-1940. — Stokholm: Daugava, 1976. — С. 119-120.
- ↑ а б Pumpirinš, T.. Sarkanbaltsarknās - Latvijas karoga krāsas (II) . lvportals.lv. Праверана 12 студзеня 2017.
- ↑ Паводле артыкула 117 (пазней 116) Канстытуцыі Латвійскай ССР
- ↑ Паводле артыкула 116 Канстытуцыі Латвійскай ССР, змененай ў лютым 1953 года
- ↑ Sprūde, V.. Būs “Karoga stāsti” (лат.)(недаступная спасылка) (2 лютага 2013). Архівавана з першакрыніцы 27 лістапада 2016. Праверана 12 студзеня 2017.
- ↑ (лат.), Cīṇa (30 верасня 1989).
- ↑ , Cīṇa (22 лютага 1990).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сцяг Латвіі
- Law on the National Flag of Latvia (англ.). licumi/lv. — Англійскі пераклад Закона аб дзяржаўным сцяге. Архівавана з першакрыніцы 23 мая 2013.
- Дзяржаўны сцяг Латвійскай Рэспублікі(недаступная спасылка). vexillografia.ru. Архівавана з першакрыніцы 14 лютага 2015. Праверана 27 красавіка 2015.