Дзяцел сярэдні (Dendrocopos medius) — птушка сямейства дзятлавых.
Апісанне
Даўжыня цела 19-22 см, размах крылаў 34-42 см. Стракаты, у абодвух полаў чырвоная «шапачка» без чорнай абводкі (у самкі крыху меншая і больш светлая). Чорныя «вусы» вельмі вузкія і не даходзяць да асновы дзюбы, галава з бакоў белая. Спод цела белы з цёмнымі рыскамі на баках, паступова пераходзіць у пастэльна-чырванаватае падбрушша, на спіне дзве белыя плямы. Маладыя падобныя да самкі, але менш кантрастныя. Стукае даволі рэдка.
Пашырэнне
Арэал: Еўропа (акрамя Ірландыі, Брытанскіх а-воў, Пiрэнейскага п-ва; сустракаецца толькі ў Галісiі), Каўказ, паўночная Турцыя, Іран. На Беларусі нешматлікі, распаўсюджаны на гнездаванні ў паўднёвай частцы краіны аселы і качуючы від.
Насяляе старыя лісцевыя або змяшаныя дрэвастоі з мноствам прасек і палян (часта паблізу лугоў і на ўскрайках лясоў), прырэчныя лясы, паркі, старыя лясы.
Асаблівасці біялогіі
Гняздо ў дупле засыхаючага дрэва, радзей здаровага (часам займае дуплы пасля іншых дзятлаў). Подсціл з трэсак. Дыяметр адтуліны каля 5 см, глыбіня дупла — да 15-35 см.
Яйкі 5-6 (часам 4-8) авальныя, амаль з аднолькавымі тупымі канцамі, белыя і бліскучыя. Памеры: 23х18 мм.
Падвіды
D. m. medius — Заходняя, Цэнтральная Еўропа і паўднёвы-ўсход Еўропы;
D. m. caucasicus — ад поўначы Турцыі праз Каўказ да закаспійскіх раёнаў;
D. m. anatoliae — Заходняя і Паўднёвая Азія, Малая Азія;
D. m. sanctijohannis — паўднёвы захад Ірана, верагодна, Ірак.
Літаратура
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.