Сёгунат Камакура (яп.: 鎌倉幕府, Камакура бакуфу, 1192—1333) — першы ўсеяпонскі самурайскі ўрад, заснаваны сям'ёй Мінамота з цэнтрам у горадзе Камакура (сучасная прэфектура Канагава). Існаваў 142 гады — з часу прызначэння Мінамота но Ёрытома сёгунам (1192 год) да знішчэння Камакуры войскамі Ніты Ёсісады (1333). За час існавання сёгуната ім правіла 9 сёгунаў. Характарызаваўся моцным палітычным уплывам рэгенцкай сям'і Хадзё, якая рэальна кіравала ўрадам.