Франсіска Масіяс Нгема
Франсіска Масіяс Нгема | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
ісп.: Francisco Macías Nguema Biyogo Masie Nguema Biyogo Ñegue Ndong | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Пераемнік | Тэадора Абіянг Нгема Мбасога | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
1 студзеня 1924[1][2] |
||||||
Смерць |
29 верасня 1979[2] (55 гадоў) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Імя пры нараджэнні | Mez-m Ngueme | ||||||
Дзеці | Mónica Macías[d] і Filiberto Ntutumu Nguema[d] | ||||||
Партыя | |||||||
Узнагароды | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Франсіска Масіяс Нгема Біёга Ньеге Ндонг (ісп.: Francisco Macías Nguéma Bijogo Ñegue Ndong; 1 студзеня 1924[1][2], Мангома[d], Río Muni Province[d], Іспанская імперыя[1] — 29 верасня 1979[2], Black Beach[d], Малаба) — першы прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі, знаходзіўся ва ўладзе з 12 кастрычніка 1968 па 3 жніўня 1979 года (з 1972 года пажыццёва). Належаў да племя фанг. Клан Эсангі. Адзін з найбольш адыёзных афрыканскіх дыктатараў, прывёў краіну да поўнага эканамічнага і палітычнага калапсу[3]. Зрынуты 3 жніўня 1979 года ў выніку ваеннага перавароту, арганізаванага яго пляменнікам падпалкоўнікам Тэадора Абіангам Нгемай Мбасога, пакараны смерцю 29 верасня 1979 года.
Ранняя кар’ера
Франсіска Масіяс Нгема паходзіў з вобласці Мангома ў Рыа-Муні, кантынентальнай частцы Экватарыяльнай Гвінеі. Ён быў чалавекам даволі абмежаваных здольнасцяў, аднак змог зрабіць кар’еру ў іспанскай каланіяльнай адміністрацыі дзякуючы таму, што выказваў асабістую адданасць каланіяльнаму рэжыму. Масіяс Нгема тройчы спрабаваў здаць экзамен, які даваў права стаць дзяржаўным служачым. Толькі на чацвёрты раз, пры відавочнай дапамозе іспанскіх чыноўнікаў, ён дасягнуў сваёй мэты[3].
У 1960 годзе ён быў прызначаны алькальдам (мэрам) Мангома і стаў членам асамблеі ў Санта-Ісабэль, якой былі даручаны ўнутраныя справы калоніі. 12 кастрычніка 1968 года была абвешчана незалежнасць Экватарыяльнай Гвінеі, Масіяс Нгема ўзначаліў кааліцыйны ўрад і стаў прэзідэнтам краіны. Нягледзячы на абвяшчэнне незалежнасці, у Экватарыяльнай Гвінеі захоўвалася моцная іспанская прысутнасць, у прыватнасці, у эканоміцы.
У лютым 1969 года Масіяс Нгема зрабіў некалькі прамоваў, рэзка накіраваных супраць іспанскага насельніцтва. Фармальнай падставай быў вывешаны на адным з будынкаў сцяг Іспаніі, які Масіяс Нгема ўбачыў падчас адной са сваіх паездак. У выніку афрыканская моладзь выйшла на вуліцы і фактычна пачала паляванне на іспанцаў. Да канца сакавіка 1969 года пераважная большасць з 7000 іспанцаў, якія заставаліся ў Экватарыяльнай Гвінеі, баючыся за сваё жыццё, беглі з краіны, пакінуўшы ўсю сваю маёмасць, найбольш каштоўнай з якой былі плантацыі кавы і какавы.
Дзяржаўныя дзеячы, якія накіроўвалі свае намаганні на спыненне або змякчэнне крызісу, былі рэпрэсаваныя. Так, міністр замежных спраў, Атанасіа Ндонга Міёнэ, які спрабаваў выступіць пасярэднікам, быў выкліканы ў прэзідэнцкі палац, збіты прыкладамі так, што яму зламалі абедзве нагі, а затым заключаны ў турму, дзе быў неўзабаве забіты[3]. Масіяс Нгема распусціў урад; дзесяць з дванаццаці міністраў былі расстраляны. Замест кааліцыйнага ўрада Нгема прызначыў на вышэйшыя пасады дзяржавы сваіх сваякоў з клана эсангі. Яго пляменнік і будучы пераемнік Тэадора Абіянг Нгема Мбасога стаў камандзірам Нацыянальнай гвардыі, генеральным сакратаром Міністэрства абароны і начальнікам турмаў. На пасадзе ў спецслужбах бяспекі Франсіска Масіяс Нгема прызначаў толькі сваіх сваякоў[3]. Такім чынам пачалося дыктатарскае кіраванне Масіяса Нгемы, якое вылучалася нават на фоне сучасных яму афрыканскіх дыктатараў.
Ужо праз год свайго кіравання, на Раство 1969 года, прэзідэнт распарадзіўся пакараць смерцю 150 апазіцыянераў і меркаваных змоўшчыкаў на Нацыянальным стадыёне, прычым падчас пакарання смерцю з узмацняльнікаў гучала песня «Those Were the Days»[заўв 1] у выкананні Мэры Хопкін; яшчэ 36 чалавек, закапаных па шыю ў выкапаных імі ж ямах, былі пакінутыя на з’ядзенне вогненным мурашкам.
Дыктатарскае кіраванне
Масіяс Нгема дыктатар Экватарыяльнай Гвінеі да 1979 года. Валодаў фактычна неабмежаванай уладай з лютага 1969 года, хоць юрыдычна афармленне неабмежаваных паўнамоцтваў адбывалася паступова.
Так, у ліпені 1970 года было абвешчана аб увядзенні ў краіне аднапартыйнай сістэмы і стварэнні Адзінай нацыянальнай партыі працоўных (ПУНТ), у якую было ўключана ўсё дарослае насельніцтва краіны. 12 ліпеня 1973 года была прынятая канстытуцыя, адмененая толькі пасля звяржэння Масіяса Нгемы ў 1979 годзе. Згодна з Канстытуцыяй, Экватарыяльная Гвінея была рэспублікай. Кіраўніком дзяржавы і ўрада быў прэзідэнт; кандыдат у прэзідэнты павінен быў вылучацца з’ездам адзінай нацыянальнай партыі працоўных. Франсіска Масіяс Нгема быў прызначаны пажыццёвым прэзідэнтам. Па канстытуцыі, прэзідэнт быў надзелены неабмежаванымі паўнамоцтвамі ва ўсіх сферах дзяржаўнай дзейнасці: займаў пасаду міністра узброеных сіл, дзяржаўнай бяспекі, народнага будаўніцтва, прызначаў і здымаў усіх грамадзянскіх і ваенных службовых асоб, выдаваў дэкрэты, якія мелі сілу закона. Урад Рэспублікі — Савет Міністраў — складаўся з міністраў, якіх прызначаў і здымаў прэзідэнт і адказных выключна перад ім. Заканадаўчы орган — аднапалатны парламент — Нацыянальны народны сход (60 дэпутатаў), абіраўся насельніцтвам на 5 гадоў. Выбарчае права давалася ўсім грамадзянам, якія дасягнулі 18 гадоў. Кіраванне правінцыямі ажыццяўлялі губернатары, таксама прызначаныя прэзідэнтам. У гарадах меліся выбарныя муніцыпальныя саветы, узначаленыя мэрамі; у сельскай мясцовасці — насельніцтва выбірала супольныя сходы. У судовую сістэму ўваходзілі: Вярхоўны народны суд — вышэйшая судовая інстанцыя, суды першай інстанцыі, раённыя суддзі. Члены ўсіх судоў прызначаліся прэзідэнтам.
Хоць ужо пасля выгнання іспанцаў ўсе іх прадпрыемствы фактычна перайшлі дзяржаве, фармальна дэкрэт аб перадачы закінутых іспанцамі плантацый пад кантроль дзяржавы быў прыняты толькі ў 1974 годзе. У 1975 годзе быў прыняты закон аб замежных інвестыцыях, па якім удзел дзяржавы ў капітале кампаній не павінна перавышаць 50 %. Таксама Канстытуцыяй 1973 года была ўсталяваная дзяржаўная манаполія на знешні гандаль. Паколькі дзяржавай фактычна кіравала сям’я Масіяса Нгемы, гэтыя рашэнні азначалі заканадаўчае замацаванне ўсёй як палітычнай, так і эканамічнай улады ў яе руках.
Атрымаўшы неабмежаваныя магчымасці пераследу сваіх палітычных праціўнікаў, Масіяс Нгема развязаў кампанію тэрору. Любы, каго ён падазраваў у нелаяльнасці, мог быць неадкладна арыштаваны і забіты[3]. За час яго кіравання, паводле ацэнак, у краіне з насельніцтвам у 300 тысяч чалавек 50 тысяч былі забітыя і яшчэ 125 тысяч беглі за мяжу. Калі дырэктар Дзяржаўнага бюро статыстыкі апублікаваў справаздачу аб дэмаграфіі, і Масіясу Нгеме здалося, што лічбы колькасці насельніцтва занадта нізкія, ён загадаў раздзяліць дырэктара, «каб той навучыўся лічыць». Як мінімум двойчы задакументавана, што ён загадаў расстраляць усіх былых палюбоўнікаў яго ўласных палюбоўніц. Перад кожным візітам за мяжу ён аддаваў загад пакараць смерцю некалькі зняволеных, каб выклікаць астатнім пачуццё страху і пазбегнуць дзяржаўнага перавароту падчас яго адсутнасці[3].
Вынікам такой палітыкі стала поўнае знікненне адукаваных людзей, якія былі альбо пакараныя, альбо беглі з краіны; у сярэдзіне 1970-х гадоў у краіне захоўвалася не больш за дзесятак грамадзян, якія мелі вышэйшую адукацыю. У рэспубліцы не было ніводнага ВНУ (не было іх і да Нгемы).
Эканоміка прыйшла ў поўны заняпад. Рэгулярна атрымлівалі заробак толькі прэзідэнт, ваенныя, паліцэйскія і супрацоўнікі спецслужбаў. Міністэрствы былі пазбаўленыя бюджэтнага фінансавання; многія зачыніліся і не функцыянавалі, а большасць міністраў былі пакараныя. У 1976 годзе дырэктар Цэнтральнага Нацыянальнага банка быў публічна пакараны, а банк фактычна спыніў сваё існаванне. Функцыі цэнтральнага банка стаў выконваць сам Масіяс Нгема, які трымаў у сябе дома ўсе валютныя рэсурсы Экватарыяльнай Гвінеі. Адной з крыніц даходу краіны стаў захоп замежнікаў (замежных дыпламатаў і турыстаў) у закладнікі, з наступным іх вяртаннем за выкуп[3]. Манаполія знешняга гандлю фактычна дазваляла Масіясу Нгеме і яго сям’і прадаваць усе тавары па тых цэнах, якія яны самі ўсталёўвалі.
Масіяс Нгема лічыў сваімі галоўнымі супернікамі адукацыю, інтэлектуалаў і замежную культуру. Ён зачыніў амаль усе бібліятэкі ў краіне, да 1974 годзе заставалася толькі бібліятэка ў Малаба. Масіяс Нгема забараніў выпуск газет і выкарыстанне друкарняў (да 1975 года ў краіне выдавалася толькі дзве газеты, абедзве ўрадавыя, пазней былі зачыненыя і яны), а затым нават ужыванне слова «інтэлектуальны». У 1974 годзе па ўказе прэзідэнта былі зачыненыя ўсе школы ў каталіцкіх місіях; дзяржаўныя школы фактычна не функцыянавалі і раней, падмяняючы адукацыю завучваннем лозунгаў[3]. Падчас праўлення Масіяса Нгемы эканоміка Экватарыяльнай Гвінеі дэградавала. У крамах не было прадуктаў, у дамах — вады, электрычнасці, паліва. Пасля заходу сонца ўсё апускалася ў цемру. Былі зачыненыя школы і начныя клубы.
Франсіска Масіяс Нгема таксама надаваў шмат увагі кантролю над рэлігіяй. Так, ён распарадзіўся павесіць свой партрэт у кожным каталіцкім храме. Пад пагрозай арышту святары былі абавязаныя паўтараць лозунгі «Няма бога, акрамя Франсіска Масіяса Нгемы» і «Бог стварыў Экватарыяльную Гвінею дзякуючы Франсіска Масіясу Нгеме. Без Франсіска Масіяса Нгемы Экватарыяльнай Гвінеі не існавала б». У 1975 годзе ён папросту забараніў вызнаваць каталіцтва пад страхам смерці. Святары былі высланы з краіны, а будынкі храмаў стаялі пустымі. Кафедральны сабор Малаба выкарыстоўваўся як склад зброі[3]. Яшчэ ў 1973 годзе ён змяніў усе іспанскія геаграфічныя назвы на афрыканскія. Так, востраў Фернанда-По ён пераназваў у Масіяс-Нгема-Біёга ў гонар сябе самога, а сталіцу краіны горад Санта-Ісабэль — у Малаба.
Як і многія афрыканскія лідары, Масіяс Нгема лавіраваў паміж СССР і Захадам. Ён падтрымліваў антыпартугальскі рух на суседніх Сан-Тамэ і Прынсіпі і меў сяброўскія адносіны з КНДР, будучы прыхільнікам тамтэйшага дыктатара Кім Ір Сена. Пасля звяржэння першага прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі яго сям’я знайшла прытулак у Паўночнай Карэі. Дачка Франсіска Масіяса Нгемы Монік затым перабралася ў Паўднёвую Карэю і выдала кнігу «Монік з Пхеньяна».
Канец праўлення
У канцы 1970-х гадоў Масіяс Нгема пачаў выяўляць відавочныя прыкметы дэменцыі: ён часта размаўляў са сваімі былымі калегамі, якіх сам жа даўно загадаў пакараць смерцю, стаў горш чуць і часта крычаў, размаўляючы сам з сабой, бо інакш не чуў сябе. У яго пачаліся цяжкасці з каардынацыяй рухаў. Яму стала цяжка жыць у Малаба, і ён большую частку часу праводзіў у сваім доме ў Рыа-Муні разам з трыма жонкамі. У зарасніках бамбука каля дома ён захоўваў увесь валютны запас Экватарыяльнай Гвінеі (пры гэтым частка грошай паспела прыйсці ў непрыдатнасць)[3].
Паступова ён стаў небяспечны нават для ўласнай сям’і. У чэрвені 1979 года 11 афіцэраў Нацыянальнай гвардыі прыйшлі да яго са скаргай на тое, што ўжо некалькі месяцаў не атрымлівалі зарплату; усе яны былі расстраляныя. Тады 3 жніўня яго пляменнік Тэадора Абіянг Нгема Мбасога, які ўзначальваў тады Нацгвардыю, вырашыў ажыццявіць пераварот: ваенныя ўварваліся ў дом Ндонга, ахоўнікі ратаваць яго не сталі. Аднак, Нгеме нейкім чынам атрымалася збегчы, з двума валізкамі валюты (пры гэтым увесь астатні валютны запас краіны ён спаліў).
Аднак, праз два тыдні ён быў арыштаваны. Пасля ваганняў, ці аддаць яго пад суд або адправіць у бальніцу, было вырашана правесці суд[3]. Нгеме было прад’яўленае абвінавачванне ў 80 тысячах забойстваў; ён быў прызнаны вінаватым у 500 забойствах і прысуджаны да расстрэлу.
Таму што насельніцтва Экватарыяльнай Гвінеі верыла, што ён з’яўляецца ведзьмаром і валодае звышнатуральнымі сіламі, ні адзін з салдат не пагадзіўся прыняць удзел у расстрэле, для здзяйснення пакарання прыйшлося спецыяльна выклікаць ўзвод мараканскіх салдат. Нгема быў расстраляны 29 верасня 1979 года разам з пяццю найбліжэйшымі паплечнікамі.
Насельніцтва краіны яшчэ доўга верыла ў прысутнасць і звышнатуральныя магчымасці яго духу[3].
Заўвагі
- ↑ На мелодыю рускага раманса «Дорогой длинною»
Крыніцы
- ↑ а б в г Dictionary of African Biography / E. K. Akyeampong, Henry Louis Gates, Jr. — NYC: OUP, 2012.
- ↑ а б в г Francisco Macias N'Guema // Munzinger Personen Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л Martin Meredith. The State of Africa. — Free Press (London), 2005. — С. 239—244. — ISBN 978-0-7432-3222-7.
Літаратура
- Масиас Нгема (Люди и события) // The New Times. — 1968. — № 48. — С. 29.
- Советский энциклопедический словарь. / Научн.-ред. совет: А. М. Прохоров (пред.) — М.: Советская энциклопедия, 1981. — 1600 с.; илл.
- Большая советская энциклопедия. 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1970—1977.
- Страны мира: Краткий полит.-экон. справочник. / Азаров Е. С. и др. — М.: Республика, 1993. — 489 с. — ISBN 5-250-01915-3