Хіма (народ)
Хіма (Bahima) | |
Агульная колькасць | 3829000 (2017 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ДР Конга - 203 000 Уганда - 3 601 000 |
Мова | хіма, нколе |
Рэлігія | культ продкаў, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | тутсі, нколе, баганда |
Хіма, або хема (саманазва Bahima) — народ у Цэнтральнай Афрыцы. Жывуць пераважна ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Угандзе. Агульная колькасць (2017 г.) - каля 3 829 000 [1][2]
Хіма першапачаткова належалі да нілотскай групы народаў, якая мігрыравала ва Усходнюю Афрыку ў другой палове 1 тысячагоддзя з тэрыторыі Паўднёвага Судана. Маюць агульнае паходжанне з тутсі. Сярод тутсі Руанды ў нашы дні вылучаецца субэтнічная група хіма, якая налічвае каля 12 000 чалавек[3]. Галоўны традыцыйны занятак — пастаральная жывёлагадоўля.
Да XVII ст. хіма насялялі землі на поўдзень ад возера Вікторыя, адкуль былі выціснуты земляробамі-сукума. Далейшая міграцыя на паўночны захад суправаджалася прыняццём моў і культурных элементаў суседніх народаў банту. Хіма падзяліліся на 2 буйныя моўныя групы — паўднёвую і паўночную. Прадстаўнікі паўднёвай групы жывуць пераважна ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і размаўляюць на асобнай мове хіма, што адносіцца да групы моў банту. Паўночныя хіма насяляюць захад Уганды, некаторыя тэрыторыі Конга, Руанды і Танзаніі. Яны размаўляюць на дыялекце мовы нколе.
У 1994 г. хіма сталі адной з ахвяр генацыда ў Руандзе. З 1999 г. на паўночным усходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга назіраецца канфлікт паміж хіма і суседнім народам ленду.