Шпак звычайны (Sturnus vulgaris) — шырока распаўсюджаная пеўчая птушка сямейства шпаковых.
Апісанне
Даўжыня цела 22 см, размах крылаў 37-42 см. Амаль чорны з металічным бляскам, у гнездавы перыяд амаль на ўсім целе слаба акрэсленыя белыя плямкі і жоўтая дзюба. У негнездавы час дзюба цямнее і белыя плямкі становяцца больш выразнымі (асабліва ў самкі). Маладыя аднолькава карычнева-шэрыя са светлым горлам.
Голас: разнастайныя песні з мноствам запазычанняў, асабліва ад авяльгі. Устаўляе сухі клёкат і свісты, пад час спеваў трасе крыламі.
Знешне (памерамі, жоўтай дзюбаю і цёмнымі пёркамі) злёгку нагадвае чорных драздоў, але ў адрозненне ад іх ходзіць па зямлі, а не скача.
Пашырэнне
Распаўсюджаны на значнай тэрыторыі Еўразіі, а таксама паспяхова інтрадуцыраваны ў Паўднёвую Афрыку, Паўночную Амерыку, Аўстралію і Новую Зеландыю. На поўдні і захадзе Еўропы аселы, а ў паўночнай і ўсходняй яе частцы з’яўляюцца пералётнай птушкай, у зімовыя месяцы шпакі мігруюць на поўдзень.
Тыповыя біятопы: лясы са шматлікімі палянамі і адкрытымі месцамі, разрэджаныя ўчасткі старых, дуплістых лясоў, паркі, групы дрэў сярод палёў і населеныя пункты. У Альпах даходзіць звычайна да 800 м над у.м. (але можа быць да 1500 м), на Каўказе (у Арменіі) — да 1850 м. (макс. да 2300 м).
Асаблівасці біялогіі
Корміцца насякомымі.
Гняздо часам ладзіць у калоніі, але звычайна гняздуе паасобку; у дупле (натуральным альбо штучным), шчылінах пабудоў ці пад дахамі, скальных шчылінах ці нават у норах гліністых яроў. Гняздо можа выкарыстоўваць шматгадова. Аснову гнязда складаюць сухая трава і галінкі (часта з сасновымі іголкамі). Высцілка — мяккі подсціл з сухой травы, саломы, сена, моху, пер’я, воўны, паперы і да т.п. з прымессю лісця і кветак.
Яйкі (звычайна 4-6, часам 3-9) слаба падоўжаныя, з тупым вузейшым канцом, светла-блакітныя з бляскам.
Падвіды
S. v. vulgaris — Заходняя, Цэнтральная і Паўночная Еўропа;