Эфект Мёсбаўэра
Эфе́кт Мёсба́ўэра — рэзананснае выпрамяненне і паглынанне гама-квантаў атамнымі ядрамі.
Адкрыты ў 1958 годзе Р. Л. Мёсбаўэрам.
Выкарыстоўваецца пры вывучэнні ўнутраных электрычных і магнітных палёў у крышталях, ваганняў атамаў крышталічнай рашоткі, пры правядзенні хімічнага аналізу і іншым. З'яўляецца самым дакладным метадам вымярэння энергіі электрамагнітнага выпрамянення, напрыклад, з дапамогай эфекта Мёсбаўэра вызначана гравітацыйнае чырвонае зрушэнне частаты фатонаў, прадказанае тэорыяй адноснасці.
Назіраецца для ядраў з малымі (да 150 кэВ) энергіямі ўзбуджэння, напрыклад, для жалеза-57, волава-119, цынку-67, ірыдыю-191; адпаведныя лініі выпрамянення маюць амаль натуральную шырыню.
Пры выпрамяненні (ці паглынанні) гама-кванта свабоднае ядро набывае пэўны імпульс і адпаведную энергію аддачы. Значэнне гэтай энергіі істотна перавышае шырыню лініі выпрамянення, а імавернасць рэзананснага паглынання малая. Эфект Мёсбаўэра ўзнікае, калі імпульс аддачы перадаецца ўсяму крышталю як цэламу, у выніку чаго энергія на аддачу не выдаткоўваецца і энергетычны спектр выпрамянення (паглынання) мае вузкую лінію, энергія якой роўная энергіі адпаведнага пераходу.
Літаратура
- Халмецкі А. Л. Мёсба́ўэра эфе́кт // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 329. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).