Юзаф Сцыпіён
Юзаф Сцыпіён | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Józef Scipio del Campo | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Фердынанд Плятэр | ||||||
Пераемнік | Ігнацы Агінскі | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Ян Сцыпіён | ||||||
Пераемнік | Ігнацы Сцыпіён | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне | 1710 | ||||||
Смерць |
да 9 чэрвеня 1743 |
||||||
Род | Сцыпіёны дэль Кампа | ||||||
Бацька | Ян Сцыпіён | ||||||
Маці | Тэрэза з Юзафовічаў-Глябіцкіх[d] | ||||||
Жонка | Тэрэза Барбара з Радзівілаў[d][1][2] і Вераніка з Фірлеяў[d] | ||||||
Дзеці |
ад першага шлюбу: Станіслаў, Ігнацы, Ганна, Магдалена, Тэрэза ад другога шлюбу: Ксаверый Мікалай |
||||||
Узнагароды |
|
Юзаф Сцыпіён (Сцыпіё дэль Кампа) (? — да 9 чэрвеня 1743) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Староста лідскі (1720—1743), маршалак надворны літоўскі (1739—1743).
Біяграфія
Паходзіў з роду Сцыпіёнаў уласнага герба, адзіны дасцігшы паўналецця сын Яна Сцыпіёна, смаленскага кашталяна, і Тэрэзы Юзафовіч-Глябіцкай.
Ян Сцыпіён рана пачаў далучаць сына да адказных спраў. У 1717 годзе той быў абраны дэпутатам Трыбунала ВКЛ. У 1720 годзе бацька перадаў Юзафу Лідскае староства. Як мага раней Ян Сцыпіён імкнуўся вылучыць адзінаму сыну асобнае ўладанне. У 1718 г. з дазволу караля Аўгуста II Моцнага ён перадаў Юзафу вёску Горні, у 1735 — Кульбакі, у 1736 — Барцяны і Пуршчы ў Лідскім павеце. Юзаф атрымаў заможны стан, адпаведны для актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці. Юзаф Сцыпіён неаднаразова выбіраўся на соймы Рэчы Паспалітай ад Лідскага павета, Смаленскага ваяводства і Інфлянтаў. На соймах 1729, 1730 і 1733 Юзаф Сцыпіён спрабаваў атрымаць пасаду маршалка сойму, але безпаспяхова. Паводле аўтараў «Польскага біяграфічнага слоўніка» за кулісамі сойму Юзафа абвінавачвалі ў плябейскім паходжанні, але ніхто не адважыўся выказаць гэта адкрыта.
Некалькі разоў Юзаф Сцыпіён выконваў знешнепалітычныя місіі. Ён веў перамовы з папскім нунцыям (1724), працаваў у камісіі па справах Курляндыі (1727). Юзаф Сцыпіён не здолеў атрымаць пасаду троцкага кашталяна, чаму перашкодзіў літоўскі падканцлер Міхал Чартарыйскі. Затое ў 1739 ён стаў маршалкам надворным літоўскім, што лічылася міністэрскай пасадай.
Юзаф Сцыпіён неверагодна ўзмацніў маёмасны і дынастычны стан свайго роду. Першы раз ён ажаніўся ў 1728 з Веранікай Фірлей — дачкой каменьскага кашталяна Анджэя Фірлея. Пасля смерці ў 1730 яе брата Якуба, Вераніка стала адзіным нашчадкам усёй маёмасці Фірлеяў, якая такім чынам трапіла да Сцыпіёнаў. Ад бацькі Юзаф Сцыпіён меў Шчучынак, Балотна (Воранава), Палубнікі, Сукурчы, Горні, Кульбакі, Борці і Пуршчы ў Лідскім павеце і Канюхі ў Ваўкавыскім павеце. Пасля смерці каля 1739 жонкі Веранікі Юзафу Сцыпіёну дасталася ўся спадчына Фірлеяў ў Люблінскім і Рускім ваяводствах, у тым ліку юрыдыка ў Любліне. Дзякуючы сваім багаццям Юзаф Сцыпіён рабіў вялікія ахвяраванні кляштарам піяраў у Шчучыне і Воранаве і дамініканам у Канюхах. Ён падтрымаў сваю маці ў заснаванні ў Шчучыне канвенту сясцёр міласэрнасці ў 1742. Другой жонкай Юзафа Сцыпіёна стала ў 1740 Тэрэза Барбара Радзівіл — дачка новагародскага ваяводы Мікалая Фаўстына Радзівіла. Фактычна гэты шлюб можна разглядаць як прызнанне за Сцыпіёнамі роўнага становішча з боку магнатаў ВКЛ. У 1742 у Дрэздэне кароль Аўгуст III адзначыў Юзафа Сцыпіёна ордэнам Белага Арла — вышэйшай узнагародай у Рэчы Паспалітай.
Літаратура
- Пазднякоў В. Сцыпіёны // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 648. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Лаўрэш Л. Маршалкі Лідскага павета // Лідскі летапісец. № 2 (90). 2020.
Спасылкі
Перадпрагляд зносак
- ↑ Radziwiłłowie herbu Trąby — Warszawa: Archiwum Główne Akt Dawnych, Wydawnictwo DiG, 1996. — 67 с. — ISBN 83-85490-62-0
- ↑ Pacowie : materyjały historyczno-genealogiczne / пад рэд. J. Wolff — СПб.: 1885. — С. 290, 297. — 377 с.