Юрыдыка

Юрыдыка (лац.: jurisdictio — судаводства) — у Вялікім Княстве Літоўскім з XV ст. — адміністрацыйна адасобленая частка горада або прадмесця, уласнасць феадала, царквы або манастыра, на жыхароў якой не пашыралася судовая і адміністрацыйная ўлада гарадскога самакіравання. Юрыдыкі ўзніклі пры перасяленні прыгонных або залежных людзей на ўчасткі або ў дамы, якія належалі феадалам у гарадах, або перасялення саміх гараджан у межах горада на такія ўчасткі або ў дамы. У кожнай юрыдыцы ўласнік прызначаў старосту або войта, ствараў судовы орган на ўзор гарадской рады. Гарадское самакіраванне дамагалася скасаванне юрыдык, забараняла мяшчанам пераход на юрыдыкі пад пагрозай выгнання з горада. Пасля Люблінскай уніі 1569 года пашырэнню юрыдык у Княстве садзейнічала ўмацаванне пазіцый і рост уладанняў каталіцкай царквы. Юрыдыкі паскорылі працэс канцэнтрацыі ў гарадах рамесніцтва і гандлю, што спрыяла пашырэнню іх ролі як цэнтраў дробнатаварнай вытворчасці і абмену. Тым самым часам пашырэнне юрыдык узмацняла ўплыў феадальнай анархіі на гарады, што перашкаджала іх эканамічнаму развіццю і працэсу саслоўнай кансалідацыі. Юрыдыкі скасаваны сеймамі 1764 і 1791 гадоў.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — С. 217. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).