72 Seasons
72 Seasons | |
---|---|
музычны альбом Metallica | |
Дата выпуску | 14 красавіка 2023 |
Жанр | метал і трэш-метал |
Працягласць | 4 630 с |
|
|
«72 Seasons» (з англ. — «72 пары года») — адзінаццаты студыйны альбом амерыканскага метал-гурта Metallica. Выпушчаны 14 красавіка 2023 года на ўласным лэйбле гурта Blackened Recordings. Пласцінка напісана ў жанрах хэві-метал і трэш-метал. Прадзюсарамі выступілі амерыканскі гукарэжысёр Грэг Фідэльман, які таксама займаўся звядзеннем альбома, вакаліст і гітарыст Джэймс Алан Хэтфілд і бубнач Ларс Ульрых.
Праца над альбомам пачалася пасля заканчэння тура ў падтрымку папярэдняга альбома гурта Hardwired… to Self-Destruct пад назвай WorldWired Tour, восенню 2019 года. Гурт працягваў працу над рэлізам падчас пандэміі COVID-19, прыступіўшы да актыўнага напісання песень для альбома ўвосень 2020 года.
У падтрымку альбома былі выпушчаны чатыры сінглы. Вядучы сінгл з альбома — песня «Lux Æterna» была выпушчана 28 лістапада 2022 года разам з музычным відэакліпам і заняла першае месца ў чарце Hot Mainstream Rock Tracks. Другі сінгл пад назвай «Screaming Suicide» быў выпушчаны 19 студзеня 2023 года. Рэліз трэцяга сінгла, «If Darkness Had a Son», адбыўся 1 сакавіка 2023 года. Загалоўны трэк «72 Seasons» быў выпушчаны 30 сакавіка 2023 года ў якасці чацвёртага сінгла з альбома. Для прасоўвання альбома гурт браў удзел у розных шоу, уключаючы «Джымі Кімел у прамым эфіры» і радыёшоў Говарда Стэрна на спадарожнікавым радыё Sirius XM, падчас якіх даў інтэрв’ю і выканаў некалькі песень ужывую.