Software_as_a_Service
Праграмнае забеспячэнне як паслуга (ад англ.: software as a service (SaaS); таксама англ.: software on demand — праграмнае забеспячэнне па патрабаванні) — адна з формаў воблачных вылічэнняў, мадэль абслугоўвання, пры якой падпісчыкам даецца гатовае прыкладное праграмнае забеспячэнне, якое цалкам абслугоўваецца правайдарам. Пастаўшчык у гэтай мадэлі самастойна кіруе праграмай і дае заказчыкам доступ да функцый з кліенцкіх прылад, як правіла праз мабільную праграму або вэб-браўзер.
Асноўная перавага мадэлі SaaS для спажыўца паслугі складаецца ў эканоміі коштаў, звязаных з усталяваннем, абнаўленнем і падтрыманнем працаздольнасці абсталявання, а таксама праграмнага забеспячэння, якое на ім працуе.
У мадэлі SaaS:
- праграма прыстасавана для аддаленага выкарыстання;
- адной праграмай карыстаецца некалькі кліентаў;
- аплата бярэцца альбо ў выглядзе штомесячнай абаненцкай платы, альбо на аснове аб’ёму аперацый;
- тэхнічная падтрымка праграмы ўключана ў аплату;
- мадэрнізацыя і абнаўленне праграмы адбываецца аператыўна і празрыста для кліентаў.
Як і ва ўсіх формах воблачных вылічэнняў, кліенты плацяць не за валоданне праграмным забеспячэннем, а за яго арэнду (гэта значыць за яго выкарыстанне праз мабільную праграму або вэб-інтэрфейс). У адрозненне ад класічнай схемы ліцэнзавання праграмнага забеспячэння, заказчык нясе параўнальна невялікія перыядычныя выдаткі, і ён не павінен інвеставаць значныя сродкі ў набыццё праграмы і неабходных праграмна-платформавых і апаратных сродкаў для яе разгортвання, а затым падтрымліваць яе працаздольнасць. Схема перыядычнай аплаты прадугледжвае, што калі неабходнасць у праграмным забеспячэнні часова адсутнічае, то кліент можа прыпыніць яго выкарыстанне і замарозіць выплаты распрацоўшчыку.
З пункту гледжання распрацоўшчыка некаторага прапрыетарнага ПЗ мадэль SaaS дазваляе эфектыўна змагацца з неліцэнзійным выкарыстаннем праграмнага забеспячэння, паколькі праграма не трапляе да канечных заказчыкаў. Акрамя таго, канцэпцыя SaaS часта дазваляе паменшыць выдаткі на разгортванне і ўкараненне сістэм тэхнічнай і кансультацыйнай падтрымкі прадукту, хоць і не выключае іх цалкам.
Гісторыя
Першапачаткова ўся камп’ютарная галіна выкарыстоўвала арэндную бізнес-мадэль — першыя камп’ютары каштавалі вялізарных грошай і іх вылічальныя магутнасці аддаваліся кліентам. З іншага боку, такую арэнду нельга лічыць разнавіднасцю SaaS, паколькі заказчыкі атрымлівалі доступ да камп’ютараў напрамую, а не праз глабальныя тэлекамунікацыйныя сеткі.
Паколькі мадэль SaaS арыентавана на аказанне паслуг з дапамогай сеткі, яе развіццё непасрэдна звязана з развіццём глабальных сетак. Першыя кампаніі, якія прапаноўвалі праграмнае забеспячэнне як паслугу, з’явіліся ў заходніх краінах у 1997—1999 гадах[1], а акронім SaaS увайшоў у шырокае ўжыванне ў 2001 годзе[2].
Крытыка
Прыхільнікі свабоднага праграмнага забеспячэння і, у прыватнасці, Рычард Столман характарызуюць «воблачныя тэхналогіі» як эквівалент усеагульнага шпіёнскага ПЗ і вялікі бэкдор, бо падобныя падыходы даюць аператару сервера неправамерную ўладу над абсталяваннем карыстальніка[3].
Зноскі
- ↑ Service Based Software, Bennet et al. 1999(недаступная спасылка). www.bds.ie. Архівавана з першакрыніцы 3 снежня 2008. Праверана 13 студзеня 2019.
- ↑ Strategic Backgrounder: Software as a Service(недаступная спасылка). www.siia.net. Архівавана з першакрыніцы 5 студзеня 2012. Праверана 5 студзеня 2012.
- ↑ Новая публикация Столлмана с критикой бизнес-модели «ПО как услуга» (руск.). www.opennet.ru. Архівавана з першакрыніцы 13 студзеня 2019. Праверана 13 студзеня 2019.