Summa technologiae
Summa technologiae | |
---|---|
Аўтар | Станіслаў Лем |
Жанр | філасофія і эсэ |
Мова арыгінала | польская |
Выпуск | 2017 |
Summa technologie – адна з першых кніг, якая змяшчае філасофскія эсэ Станіслава Лема .
Упершыню кніга была апублікавана выдавецтвам «Wydawnictwo Literackie» ў 1964 годзе. Яе назва адсылае да працы Тамаша Аквінскага «Summa theologiae» .
У гэтым творы аўтар паспрабаваў разабрацца з праблемамі, часам не такімі далёкімі, будучыні, а з пункту гледжання сучаснасці — з праблемамі зусім актуальнымі. Асноўная тэма, якую Лем закрануў ў кнізе, — праблемы цывілізацыі без абмежаванняў — як тэхналагічных, так і матэрыяльных. Аўтар таксама разгледзеў этычныя і філасофскія наступствы тэхналогій будучыні.
Праца была апублікаваная ў 1964 годзе і з гэтай прычыны змяшчае пэўныя недакладнасці ў некаторых галінах (напрыклад, матэматыцы, біялогіі, сацыялогіі ). Некаторыя тэмы, якія абмяркоўваў аўтар у той час, былі цалкам у галіне навуковай фантастыкі, а цяпер сталі важнымі і надзённымі, напрыклад, віртуальная рэальнасць, нанатэхналогіі і штучны інтэлект.
Змест
Кніга падзелена на восем раздзелаў, у кожным з якіх уважліва разглядаюцца наступствы канкрэтнага дапушчэння.
- І. Дылемы (напісана ў 1961 г.)
Лем пачынае з прадстаўлення свайго погляду на прадказанне будучыні і сваёй матывацыі для напісання гэтай кнігі.
- II. Дзве эвалюцыі
У раздзеле разглядаюцца падабенствы паміж рознымі тыпамі эвалюцыі : біялагічнай, тэхналагічнай і сацыяльнай.
- III. Касмічныя цывілізацыі
Агляд сучасных (у часе напісання кнігі) намаганняў і тэорый праграмы SETI разам з іх істотнай крытыкай.
- IV. Інтэлектроніка
Гэтым прыдуманым словам Лем азначае магчымую будучыню — прыйдзе дзень, калі машынны інтэлект стане роўным або перавысіць чалавечы. Пагатоў што праблемы, якія стаяць перад чалавецтвам, могуць перавышаць інтэлектуальныя магчымасці даследчыкаў з плоці і крыві . Чаго людзям чакаць (або баяцца) у такой будучыні?
- V. Пралегомены ўсемагутнасці
Тэхналагічная эвалюцыя дае ўсё больш і больш магчымасцей — ці стануць людзі ў будучыні усемагутнымі?
- VI. Фантамалогія
Яшчэ адзін тэрмін, прыдуманы Лемам. Чалавечае ўспрыманне абмежавана біялогіяй — дык, можа быць, людзі могуць дасягнуць усемагутнасці імітацыйным чынам? Нават у гэтым выпадку Лем знаходзіць шмат незвычайных праблем. Тое, што Лем называе фантамалогіяй, цяпер вядома як віртуальная рэальнасць .
- VII. Стварэнне светаў
Выказваецца здагадка, што замест цяжкіх і пакутлівых даследаванняў людзі магчыма змогуць аўтаматызаваным спосабам здабываць новую інфармацыю з існуючай. Пачынаючы з гэтага пытання, Лем развівае сваю канцэпцыю ажно да стварэння новых сусветаў. Не выключаецца магчымасць існавання ў такім парадку раю (або пекла — то-бок жыцця пасля смерці).
- VIII. Пасквіль на эвалюцыю
Біялагічная эвалюцыя зрабіла даволі дрэнную працу па стварэнні людзей і іншых жывёл. Ці могуць інжынеры быць лепшымі?
У чацвёртым, пашыраным выданні з 1984 г. апублікаваны дадатковы нарыс: «Пасляслоўе. Дваццаць гадоў пазней» (Posłowie. Dwadzieścia lat później).
Разважанні над праблемамі, раней узнятымі ў «Summa...» таксама ўвайшлі ў зборнікі: «Tajemnica chińskiego pokoju» (1996), «Bomba megabitowa» (1999), «Okamgnienie» (2000) і «Dylematy» (2003).
Аўтар пра свой твор
Станіслаў Лем лічыў «Summa…» за сваю найбольш паспяховую дыскурсіўную працу [1] . Ён прысвяціў ёй, між іншым, эсэ апублікаванае ў зборніках «Rozprawy i szkice (1975) і Mój pogląd na literaturę (2003), дзе апублікавана эсэ «Trzydzieści lat później».
Зноскі
- ↑ Lem o Summie... na oficjalnej stronie Stanisława Lema . Strona Stanisława Lema - solaris.lem.pl.
Пра кнігу на афіцыйным сайце аўтара