Анры Русо
Анры Русо | |
Дата нараджэньня | 21 траўня 1844[1][2][3][…] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 2 верасьня 1910[1][2][3][…] (66 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Прычына сьмерці | гангрэна[d] |
Месца пахаваньня | |
Занятак | маляр, мастак-гравэр, артыст |
Навуковая сфэра | малярства |
Псэўданімы | Le Douanier Rousseau[7], Le Douanier[7] і Celník[7] |
Жанры | пэйзаж[5][5], жывапіс чалавека[d][5] і натурморт[d][5][5] |
Плынь | постімпрэсіянізм[8], прымітывізм[8][9] і наіўнае мастацтва[d][9] |
Пад уплывам | Жан-Леон Жэром[d][8] і Léon Bonnat[d][8] |
Подпіс | |
Анры́ Жулье́н Фэлі́кс Русо́ (па-француску: Henri Julien Félix Rousseau, па мянушцы «Мытнік» франц. Le Douanier; 21 траўня 1844, Ляваль, Францыя — 2 верасьня 1910, Парыж, Францыя) — францускі жывапісец-самавук, адзін з самых вядомых прадстаўнікоў наіўнага мастацтва, або прымітывізму. Падчас свайго жыцьця Русо падвяргаўся кпінам з боку крытыкаў, але пазьней быў прызнаны геніем, чые працы вылучаюцца высокай мастацкай якасьцю[10]. Ягогая творчасьць зрабіла значны ўплыў на некалькі пакаленьняў мастакоў-авангардыстаў[11].
Біяграфія
Раньняе жыцьцё
Анры Русо нарадзіўся 21 траўня 1844 году ў мястэчку Ляваль, у сям’і працоўнага. Будучы мастак зь дзяцінства быў вымушаны працаваць. Ён наведваў сярэднюю школу ў Лявалі як вольны вучань, а пасьля стаў пансіянэрам, калі ягоны бацька стаў вінавайцам, і сям’я была вымушаная пакінуць горад пасьля канфіскацыі дома. Не зважаючы на пасярэднія посьпехі ў некаторых прадметах, Русо адзначаўся ў маляваньні і музыцы. Па заканчэньні школы працаваў у адваката і вывучаў права. У 1863 годзе ён паступіў на службу ў войска, дзе прабыў чатыры гады. Па сьмерці бацькі ў 1868 годзе Русо пераехаў у Парыж, каб падтрымаць удаву-маці, уладкаваўшыся на працу ўрадавым службоўцам. У 1868 годзе ажаніўся з Клеманс Буатар, 15-гадовай дачкой гаспадара дому, які здымаў. З жонкай у яго было шасьцёра дзяцей, зь якіх толькі адное выжыла. У 1871 годзе ён быў прызначаны зборшчыкам актруа ў Парыжы, зьбіраючы падаткі на тавары, што ўвозіліся ў горад. Ягоная жонка памерла ў 1888 годзе, і ў 1898 годзе ўзяў шлюб з Жазэфінай Нуры.
Мастацтва
Жывапісам пачаў займацца ўжо ў сталым веку, ня маючы адпаведнай адукацыі. Пачынаючы з 1886 году, Русо рэгулярна выстаўляў свае работы на «Выставе незалежных». Не зважаючы на тое, што ягоныя працы не займалі бачных месцаў, зь цягам часу яны пачалі прыцягваць усё большую ўвагу. У 1891 годзе была прадстаўлена карціна «Тыгр у трапічным шторме», і Русо атрымаў сваю першую сур’ёзную рэцэнзію, калі малады мастак Фэлікс Валятон напісаў, што Русовы тыгр, які зьдзіўляе сваю здабычу, не павінен застацца незаўважаным, бо гэта альфа і амэга жывапісу. Тым ня менш, спатрэбілася больш за дзесяць гадоў, каб Русо зноў зьвярнуўся да выявы джунгляў. Ужо пры жыцьці ў мастацкай супольнасьці Францыі яго высока шанавалі за калярыстычнае багацьце працаў і арыгінальныя сюжэты, бо Русо часьцяком маляваў экзатычныя джунглі, якіх ён ніколі ў жыцьці ня бачыў.
У 1893 годзе Русо пераехаў у майстэрню ў Манпарнасе, дзе жыў і працаваў да сваёй сьмерці ў 1910 годзе. У 1897 годзе ён стварыў адну са сваіх самых вядомых карцінаў «Цыганка ў сьне». У 1905 годзе ягоная карціна з выяваў джунгляў «Галодны леў кідаецца на антылёпу» была выстаўленая на «Выставе незалежных» побач з працамі маладых вядучых мастакоў-авангардыстаў, як то Анры Матыс. Гэтую выставу цяпер уважаюць за першы паказ твораў мастакоў-фавістаў, а карціна Русо магла нават паўплываць на стварэньне назвы гэтай плыні. У 1907 годзе мастак атрымаў замову ад маці мастака Рабэра Дэлянэ, графіні Бэрт Дэлянэ, на стварэньне карціны «Заклінальніца зьмеяў».
Бяседа ў гонар Русо
Калі Паблё Пікаса выпадкова натрапіў на карціну Русо, якую прадавалі на вуліцы як палатно дзеля перамалёўкі, малады мастак адразу выявіў геніяльнасьць Русо і пастанавіў сабе сустрэцца зь ім. У 1908 годзе Пікаса зладзіў напаўсур’ёзны, напаўбурлескны банкет у сваёй майстэрні ў Лё-Бато-Лявуар у гонар Русо.
Як пазьней пісаў амэрыканскі паэт і літаратурны крытык Джон Малкалм Брынан, Банкет Русо быў адной з самых знакавых сацыяльных падзеяў XX стагодзьдзя, але адзначаў, што гэта была не аргаічная і нават не раскошная імпрэза. Ейная вядомасьць паўстала дзякуючы таму, што гэта была яскравая падзея ў межах рэвалюцыйнага мастацкага руху ў час ягоных першых посьпехаў, а таксама таму, што на ім прысутнічалі асобы, уплыў якіх, падобна промням творчага сьвятла, на мастацкі сьвет быў агромістым на дзесяцігодзьдзі наперад.
Сярод гасьцей бяседы былі Гіём Апалінэр, Жан Мэцэнжэ, Хуан Грыс, Макс Жакоб, Мары Лярансэн, Андрэ Сальмон, Марыс Райналь, Даніель-Анры Канвайлер, Лео і Гертруда Стайны. Пазьней Сальмон прыгадваў абставіны слаўнага банкету:
Тут праходзілі ночы Блакітнага часу… тут расквіталі дні Ружовага часу… тут «Дамы з Авіньёну» спынілі свой танец, каб перагрупавацца ў адпаведнасьці з залатым сечывам і таямніцай чацьвертага вымярэньня… тут браталіся паэты, узьнятыя сур’ёзнай крытыкай да ўзроўню Школы на вуліцы Равіньян… тут, у гэтых змрочных калідорах, жылі сапраўдныя прыхільнікі агню… тут аднойчы ўвечары, у 1908 годзе, разгарнулася яркае відовішча першага і апошняга банкету, зладжанага прыхільнікамі мастака Анры Русо, вядомага пад мянушкай «Мытнік».
Апошнія гады і сьмерць
Пасля выхаду на пэнсію ў 1893 годзе Русо праз сваю невялікую пэнсію займаўся падпрацоўкамі, напрыклад, граючы на скрыпцы на вуліцах. Некаторы час ён таксама працаваў у газэце Le petit Journal, дзе стварыў некалькі вокладак дзеля гэтага выданьня.
Адна зь ня менш вядомых працаў Русо, якая знаходзіцца ў калекцыі Джона Гэя Ўітні, — «Трапічны лес з малпамі», створаная ў апошнія месяцы жыцьця мастака. На ёй прадстаўлены адзін зь фірмовых экзатычных ляндшафтаў Русо — густы, трапічны і некрануты лес. Шматлікія жывёлы на карцінах Русо маюць чалавечыя абрысы або атрыбуты. У цэнтры згаданай карціны малпы трымаюць у руках зялёныя кійкі, зь якіх зьвісаюць нітачкі, што нагадваюць рыбалоўныя вуды і сымбалізуюць чалавечыя заняткі малпаў на адпачынку. У гэтым сэнсе антрапамарфічныя прыматы Русо могуць успрымацца ня як сапраўдныя дзікія жывёлы, а як сымбаль уцёкаў ад «джунгляў» Парыжу і штодзённай мітусьні цывілізаванага жыцьця. Сваю апошнюю карціну, «Сон», Русо выставіў у сакавіку 1910 году ў Салёне незалежных.
Мастак памёр ад гангрэны 2 верасьня 1910 году ў парыскім шпіталі Нэкера, пасьля таго як параніў сабе нагу. Надмагільны барэльеф на ягонай магіле выканаў вялікі францускі скульптар румынскага паходжаньня, Канстантын Бранкузі.
Галерэя
-
Карнавальны вечар, 1886
-
Від моста ў Сэўры, 1908
-
Муза, што натхняе паэта, 1909
-
Напад ў джунглях, 1891
-
Цыганка ў сьне, 1897
-
Заклінальніца зьмеяў, 1907
-
Партрэт-пэйзаж, 1890
Бібліяграфія
- Henri Rousseau dit Le Douanier, par André Salmon, Ed. Georges Crès, 1927
- Henri Rousseau, sa vie, son œuvre. Librairie de France. 1927. par A.Basler
- Henri Rousseau, le Douanier par Pierre Courthion. éditions Albert Skira. Cette édition de 1944 comporte quelques erreurs dans la biographie du Douanier.
- La vengeance d’une orpheline canadienne. Drame en 5 actes et 19 tableaux. Genève, Cailler, 1947
- Cinq maîtres primitifs — Rousseau — Louis Vivin — Camille Bombois — André Bauchant — Séraphine de Senlis, traduction de l’allemand par Mlle A. Ponchont. Préface de Henri-Bing-Bodmer. Librairie Palmes — Philippe Daudy, éditeur, 1949. de Wilhem Uhde.
- "Henri Rousseau dit «„Le Douanier“» 1844—1910 — Exposition de son cinquantenaire — Galerie Charpentier, " Paris, Galerie Charpentier 1961
- BihaIji-Merin L. und О., Leben und Werk des Malers Henri Rousseau, Dresden, 1971
- Dora Vallier. Henri Rousseau, 1979
Крыніцы
- ^ а б Henri Rousseau (нід.)
- ^ а б Henri Julien Félix Rousseau // Benezit Dictionary of Artists (анг.) — OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7
- ^ а б Henri Rousseau // Інтэрнэт-база зьвестак фантастыкі (анг.) — 1995.
- ^ а б https://data.bnf.fr/en/11922875/henri_rousseau/
- ^ а б в г д е ё RKDartists (нід.)
- ^ http://www.tate.org.uk/whats-on/tate-modern/exhibition/henri-rousseau/henri-rousseau-jungles-paris-room-guide/henri-9
- ^ а б в Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ а б в г https://www.theartstory.org/artist/rousseau-henri/
- ^ а б Vallier D. Henri Rousseau // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ Stabenow, Cornelia (2001). «Rousseau». Taschen. — С. 7—8. — ISBN 978-3-8228-1364-5.
- ^ Smith, Roberta (14.07.2006) «Henri Rousseau: In imaginary jungles, a terrible beauty lurks». The New York Times.