Кірмаш

Кірмаш міжнародных падарожжаў у Токіё (Японія, 2008 г.)

Кірмаш — пэрыядычны або сэзонны рынак тавараў у пэўным месцы.

Віды: паводле складу ўдзельнікаў — мясцовы, абласны, краёвы, міжнародны і сусьветны; паводле ахопу галінаў — спэцыялізаваны (тэхнічны), шматгаліновы і ўнівэрсальны. Узьнік пры першаабшчынным ладзе, калі суседнія плямёны сыходзіліся, каб абмяняць вырабы. Пашырыліся з разьвіцьцём гандлю між гарадамі і краінамі. Прымяркоўваецца да рэлігійнага сьвята або пэўнай пары году, ад якой паходзіць назва (веснавы, восеньскі). З разьвіцьцём рынкавых дачыненьняў кірмашы пераўтварыліся зь месцаў прывозу буйных партыяў наяўнага тавару ў выставы ўзораў вырабаў, на якіх заключаюць гандлёвыя дамовы. Пры канцы 20 стагодзьдзя найбольшыя міжнародныя кірмашы зьбіраліся ў Міляне (Італія), Парыжы і Ліёне (Францыя), Гановэры і Ляйпцыгу (Нямеччына), Познані (Польшча), Таронта (Канада) і Дамаску (Сырыя)[1].

Беларусь

У 1498 годзе кірмаш у Полацку (Вялікае Княства Літоўскае) ўпершыню ўхвалены на дзяржаўным узроўні. Полацкі кірмаш быў міжнародным і абслугоўваў гандаль Смаленска з Прыбалтыкай. Замежным купцам дазвалялася гандляваць у гарадах Вялікага Княства Літоўскага толькі на кірмашах, таму кірмашы часта ператвараліся ў міжнародныя. У 15 стагодзьдзі кірмашы ўзьніклі ў Менску і Воршы (Віцебскае ваяводзтва). У 16 стагодзьдзі — у Горадні (Троцкае ваяводзтва). У 18 стагодзьдзі найбольшым быў Зэльвенскі кірмаш (Ваўкавыскі павет), на які прыяжджалі купцы з Польскага каралеўства, у тым ліку з украінскіх ваяводзтваў Малапольскай правінцыі, з Жамойцкага староства і Курляндзкага і Земгальскага герцагства. На пачатку 20 стагодзьдзя ў беларускіх губэрнях Паўночна-Заходняга краю (Расейская імпэрыя) дзейнічала 125 кірмашоў з агульным абарачэньнем 1,508 млн рублёў. Гандлявалі пераважна льном, футрам, воскам, збожжам, мясам і жывёлай. Большасьць іншых тавараў прывозілі замежныя купцы[1]. У 21-м стагодзьдзі ў Зэльве (Гарадзенская вобласьць) захаваўся «Ганьненскі кірмаш», які ладзіцца пры канцы жніўня[2].

Ад 1 верасьня па 21 лістапада 2013 году ў Беларусі правялі звыш 1500 кірмашоў з удзелам больш як 18 900 гандляроў, у тым ліку 8100 фізычных асобаў (43 %). Таваразварот кішмашоў склаў звыш 180 млрд рублёў (20,1 млн $). Падчас гандлю збылі 27 700 тонаў гародніны і садавіны: 14 700 тонаў бульбы (53 %), 3400 тонаў капусты (12 %), 2600 тонаў цыбулі (9 %), 2200 тонаў морквы (8 %), 1900 тонаў буракоў (7 %) і 1600 тонаў яблыкаў (6 %). Таксама на кірмашах прадавалі малочныя вырабы, мяса і рыбу[3].

Глядзіце таксама

Крыніцы

  1. ^ а б Кірмаш // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 8. — С. 280-281. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3
  2. ^ Коратка // Зьвязда : газэта. — 20 жніўня 2013. — № 154 (27519). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Сяргей Расолька. «Шчодрая восень» папоўніла «хатнія» засекі // Зьвязда. — 28 лістапад 2013. — № 224 (27589). — С. 5.

Вонкавыя спасылкі