Папялец
Папялец, папяльцовая серада́ — першы дзень Вялікага посту ў каталікоў, за 46 дзён да Вялікадня.

Назва паходзіць ад абраду пасыпаньня падчас імшы ксяндзом галоў вернікаў попелам вярбы, пасьвечанай летась на Вербным (Пальмавым) тыдні, што мусіць настроіць на пакаяньне і самаабмежаваньне. Разам з тым некаторыя народныя забавы на Папялец былі працягам карнавальных (кпіны, часам непрыстойныя, з дзеўчын, якія не пасьпелі выйсьці замуж да пачатку посту). Абавязак вернікаў у гэты дзень — сціслы пост ня толькі ў якасным, але і ў колькасным дачыненьні (дазваляецца толькі адзін прыём ежы дасыта). Многія па традыцыі ўжывалі толькі хлеб і ваду. У гэты дзень прынятыя стравы зь селядца, з XIX стагодзьдзя — з бульбы, а таксама боршч, садавіна і г. д. У аўторак перад Папяльцом, на Запусты, у апошні дзень карнавалу, апоўначы мусіла сціхаць музыка і жарты і ў залю, дзе адбываліся забавы, урачыста ўносілі шкілет селядца на шчасьце, як напамін пра марнасьць зямнога існаваньня.
У некаторых краінах на Папялец крэсьляць попелам знак крыжа на чале верніка[1].
Папялец па грыгарыянскім календары
Як і іншыя хрысьціянскія сьвяты, зьвязаныя зь Вялікаднем, дата Папяльца — рухомая, і штораз вылічваецца паводле асаблівай формулы.
- 2003: 5 сакавіка
- 2004: 25 лютага
- 2005: 9 лютага
- 2006: 1 сакавіка
- 2007: 21 лютага
- 2008: 6 лютага
- 2009: 25 лютага
- 2010: 17 лютага
- 2011: 9 сакавіка
- 2012: 22 лютага
- 2013: 13 лютага
- 2014: 5 сакавіка
- 2015: 18 лютага
- 2016: 10 лютага
- 2017: 1 сакавіка
- 2018: 14 лютага
- 2019: 6 сакавіка
Крыніцы
- ^ Фрагменты з гаміліі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Папялец. Рыма-каталіцкі касьцёл на Беларусі (7 лютага 2008). Праверана 24 студзеня 2009 г.
Літаратура
Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа».