Сяргей Шупа

Сяргей Шупа
лац. Siarhiej Šupa
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 2 кастрычніка 1961 (63 гады)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці перакладнік, журналіст
Мова беларуская мова[1]
Узнагароды

Сярге́й Шу́па (нар. 2 кастрычніка 1961 году, Менск) — беларускі перакладнік і журналіст, жыве ў Чэхіі, грамадзянін Летувы[2].

Біяграфія

Закончыў сярэднюю школу № 86 г. Менску (1968—1978), перакладніцкі факультэт Менскага дзяржаўнага інстытуту замежных моваў (1978—1983, кваліфікацыя — перакладнік францускай мовы). Працаваў рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1987—1991), навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага навукова-асьветніцкага цэнтру імя Ф. Скарыны (1991).

З 1991 году ў Вільні — браў удзел у выданьні газэты «Наша Ніва»; потым займаўся перакладам, рэдагаваньнем кніг, карэктурай. Укладальнік выданьня Архіваў БНР. Працуе на радыё «Свабода» з 1996 году.

Творчасьць

Пераклады

  • Хорхэ Люіс Борхэс
    • «Бабілёнская бібліятэка»
  • Барыс Віян
    • «Сюрпрыз-вечарынка ў Леабіля»
  • Міленка Ергавіч
    • «Асаг»
    • «Гурбэт»
    • «Другі пацалунак Гіты Данон»
  • Этгар Керэт
    • «Бліскучыя вочы»
    • «Бутэлька»
    • «Рабін памёр»
    • «Твой чалавек»
  • Вітаўт Кіпель
    • «Беларусы ў ЗША»
  • Ленэ Маер-Скуманц
    • «Якаб і Катарына»
  • Гі дэ Мапасан
    • «Вечар»
    • «Горны гатэль»
    • «Ён»
    • «Знак»
    • «Каля нябожчыка»
    • «Месячнае святло»
    • «Страх»
    • «Тамтэй»
    • «Шалёная»
  • Праспэр Мэрымэ
    • «Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха»
  • Оскар Мілаш
    • «Фрагмэнты»
  • Джордж Орўэл
    • «Ферма»
    • «1984»
  • Міларад Павіч
    • «Хазарскі слоўнік»
  • Эдгар Алан По
    • «Авальны партрэт»
    • «Маска Чырвонае Сьмерці»
    • «Чалавек натоўпу»
  • Мікалай Крыштоф Радзівіл
    • «Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва Ясна Асьветленага Князя Ягамосьці Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Сьвятую Зямлю»
  • Фрыдэбэрт Туглас
    • «Коньнікі ў небе»
    • «Попі і Хуху»
  • Бруна Шульц
    • «Манэкены»
    • «Трактат аб манэкенах, або Другая кніга быцьця»
    • «Трактат аб манэкенах. Працяг»
    • «Трактат аб манэкенах. Заканчэньне»
    • «Вуліца кракадзілаў»
  • Базэн Эрвэ
    • «Сумленны ўчынак»
  • Аво Юпрус
    • «Кахай»

Крытыка

У артыкуле, апублікаваным на сайце Радыё Свабода 20 лютага 2020 году, разам зь Вінцуком Вячоркам крытыкуе ўжываньне прыметніка летувіскі (замест якога заклікае ўжываць «літоўскі»), называючы яго «словам-калекам» на падставе таго, што ў гэтым слове «канчатак становіцца суфіксам»[3]. Аднак лінгвіст Зьміцер Санько даводзіць, што такая пазыцыя ёсьць непасьлядоўнай і недарэчнай, бо захаваньне канчаткаў у пазычаных словах — звычайная зьява ў беларускай мове. У якасьці прыкладаў ён прыводзіць запазычаныя словы з грэцкай (апакаліпсіс, базіс, крызіс, тэзіс, Ахілес, Геркулес, Ісус) або з лаціны (кансэнсус, полюс, статус, узус, калегіюм, кворум, форум), пры скланеньні якіх да чужых «закансэрваваных» канчаткаў дадаюцца беларускія[4]. Такім парадкам, «летувіскі» — прыметнік, утвораны паводле законаў беларускай мовы[4]. Пагатоў, беларускі прыметнік «латыскі», вытворны ад назвы эўрапейскай нацыі латышоў, таксама ўзыходзіць да саманазвы (лат. latviešy, latvietis, ад назвы ракі Late)[5] і азначае латыскую мову, роднасную летувіскай (балтыйская моўная група). Тым часам назвы «літош», «літашы» датычна летувісаў фіксуюцца ў беларускіх дыялектах[6].

У тым жа супольным зь Вінцуком Вячоркам артыкуле сьцьвярджае, што «мовазнаўцы, якія зьберагалі міжваенную клясычную традыцыю, не сумняваліся, што Літвою завецца і суседняя дзяржава» з спасылкай на выдадзены ў 2006 годзе (па сьмерці аўтаркі і пад рэдакцыяй самога Сяргея Шупы) ангельска-беларускі слоўнік Валянтыны Пашкевіч, тым часам у фундамэнтальным двухтомным падручніку «Беларуская мова» (Таронта, 1978 год) — першай практычнай граматыцы беларускай мовы па-ангельску — Валянтына Пашкевіч падкрэсьлівала: «літоўская мова была ўрадавай на ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага… наш край праз больш, як паўтысяча гадоў зваўся Літвой, дзяржава — Вялікім Княствам Літоўскім, а нашыя прашчуры — ліцьвінамі»[7], што дадаткова сьцьвярджала ў пададзеным пры падручніку слоўніку: «Лятува [Летува] — present-day Lithuania; Літва — Lithuania (old name of present-day Byelorussia [Belarus]); Жамойць — Samogitia — old name (lasting almost until the end of the 19th c.) of present-day Lithuania»[8].

Нэалягізмы

Сьцьвярджае, што ўвёў у беларускую мову словы «смачна есьці!» (у 1985 годзе) і «сеціва» (1998)[9]

Крыніцы

  1. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ Сяргей Шупа, Наткнуўся, Радыё Свабода, 15 студзеня 2015 г.
  3. ^ Вячорка В., Шупа С. Чаму Літва, а не «Летува», Радыё Свабода, 20 лютага 2020 г.
  4. ^ а б Санько З. І ўсё ж — Літва ці Летува?, Радыё Свабода, 2 сакавіка 2020 г.
  5. ^ ЭСБМ. Т. 5. — Мн., 1989. С. 256.
  6. ^ Назвы людзей па месцы пражывання // Чалавек: Тэматычны слоўнік. — Менск: Беларуская навука, 2006. ISBN 985-08-0715-6.
  7. ^ Беларуская мова — Fundamental Byelorussian. — Toronto, 1978. С. 26.
  8. ^ Беларуская мова — Fundamental Byelorussian. — Toronto, 1978. С. 26, 251, 271—272.
  9. ^ Шупа С. Сапраўдны пераклад — гэта пераклад прозы // ПрайдзіСвет. № 3.

Вонкавыя спасылкі