Архірэйскі палац (Магілёў)

Палац
Архірэйскі палац
53°53′43″ пн. ш. 30°20′04″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Магілёў
Архітэктурны стыль позняе барока
Архітэктар І. К. Глаўбіц
Заснавальнік Г. Каніскі
Будаўніцтва 17721785 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 511Г000025шыфр 511Г000025
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Архірэйскі палац — помнік архітэктуры позняга барока ў Магілёве. Узведзены ў 17721785 гг. для архіепіскапа Г. Каніскага архітэктарам І. К. Глаўбіцам. Гісторыка-культурная каштоўнасць міжнароднага значэння[1].

Гісторыя

Георгій Каніскі

Архірэйскі палац уваходзіў у ансамбль Спаскага манастыра, разам з якім і будынкам духоўнай семінарыі складаў адзіны горадабудаўнічы комплекс[2]. Пабудаваны ў 17721785 гадах у глыбіні квартала на высокім беразе Дняпра паводле праекта віленскага архітэктара І. К. Глаўбіца па заказе архіепіскапа Г. Каніскага. З'яўляўся рэзідэнцыяй апошняга ў 17851795 гг., з 1797 г. — А. Братаноўскага. У 1918 г. будынак займала Магілёўская губернская надзвычайная камісія[1].

Архітэктура

Архірэйскі палац

Палац уяўляе сабой мураваны трохпавярховы будынак, прамавугольны ў плане з сіметрычнымі двухпавярховымі рызалітамі па баках, накрыты высокім ламаным дахам. Галоўны і дваровы фасады маюць крывалінейныя пераходы да рызалітаў. Сцены аздоблены з глыбокім гарызантальным рустам і руставанымі пілястрамі на вуглах, прамавугольнымі аконнымі праёмамі з ліштвамі, філянговымі нішамі, тонкапрафіляванымі карнізамі. Трэці паверх атыкавы ў цэнтральнай частцы[1]. Галоўны ўваход вылучаецца арачным парталам з казырком на металічных калонках[2].

Цэнтральнае месца ў інтэр'еры палаца займаў вестыбюль з трохмаршавай лесвіцай. На першым паверсе знаходзілася парадная зала для прыёмаў і службовыя пакоі, на другім — асабістыя пакоі ахіепіскапа: спальня, кабінет, бібліятэка, на трэцім — гаспадарчыя памяшканні[2]. У XX ст. унутраная планіроўка была зменена[1].

Агароджа

Брама палаца

Пасля 1853 г. на тэрыторыі архірэйскага двара на галоўнай восі палаца як галоўны ўезд пабудавана мураваная брама[1]. Брама ўяўляе сабой два масіўныя пілоны, аздобленыя дзвюма калонкамі дарычнага ордара і завершаныя франтонамі, накрыты двухсхільным дахам. Далучаныя да яе паўкругам слупы злучаны металічнай агароджай[2].

Зноскі

  1. а б в г д Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. а б в г Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.

Літаратура

Спасылкі