Барадатая кугакаўка

Барадатая кугакаўка

Барадатая кугакаўка, Беларусь
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Strix nebulosa J.R. Forster, 1772

Падвіды
  • Strix nebulosa lapponica (Thunberg, 1798)
  • Strix nebulosa nebulosa (J.R. Forster, 1772)
Арэал

выява


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  177929
NCBI  126836
FW  373091

Барадатая кугакаўка, барадатая (лапландская) няясыць (Strix nebulosa) — буйная птушка сямейства Савіныя (Strigidae).

Знешні выгляд

Даўжыня цела 62—70 см, размах крылаў 130—158 см. Маса самца 700—1150 г, самкі 875—1450 г.

Знешні выгляд

Вялікагаловая сава, афарбоўка попельна-шэрая без рудых адценняў. Вочы жоўтыя з цёмнымі канцэнтрычнымі палосамі. Чорная пляма пад дзюбай, падобная да барады, за што гэты від атрымаў сваю назву. Ніжні бок крыла паласаты. Надхвосце рыжае. Лапы густа апераны да кіпцюроў, светла- або цёмна-шэрыя, з цёмнымі крапінамі. Радужына ярка-жоўтая, дзюба жоўтая, кіпцюры буравата-шэрыя.

Пашырэнне

Паштовая марка Беларусі

Арэал ахоплівае паўночны ўсход Еўропы, акрамя крайняй поўначы (лакальна Беларусь, Украіна, Польшча). Праз сібірскую тайгу распаўсюджваецца да Далёкага Усходу Расіі, паўночнага ўсходу Кітая і Сахаліна. У Паўночнай Амерыцы — ад Аляскі да Каліфорніі і Вялікіх азёр.

Селіцца ў глыбі спелых, вялікіх па плошчы дрэвастояў (асабліва ў рачных далінах, паблізу тарфянікаў, мохавых балот, вялікіх палян).

Еўраазіяцкія папуляцыі аселыя або качуючыя (у некаторыя гады адбываюцца моцныя павелічэнні колькасці, тады качуюць крыху далей на поўдзень ад гнездавога арэала), амерыканскія — аселыя або часткова пералётныя.

Асаблівасці біялогіі

Палюе пераважна на дробных грызуноў, часам на вавёрак і дробных птушак. Палюе ў прыцемку, зрэдку днём, аблятаючы адкрытыя ўчасткі балот, рачныя поймы і лясныя высечкі. Зрэдку падпільноўвае здабычу, седзячы на купіне або дрэве.

Займае гнёзды пасля іншых вялікіх птушак, асабліва драпежных (шулякоў і мышаловаў), часцей за ўсё ў цэнтр частцы кроны каля ствала пад навісам галін, часам уверсе паламанага дрэва або на зямлі. Перабудоўвае іх і высцілае дробнымі галінкамі (пераважна хваёвых дрэў).

Яйкі (3—5, часам 1—9), набліжаныя да авальных, падоўжаныя, белыя (звычайна матавыя). Наседжванне каля 30 сутак. Амаль месяц птушаняты знаходзяцца ў гняздзе. Пачынаюць самастойна карміцца ва ўзросце 50—60 сутак.

Літаратура

  • Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.
  • Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: БелЭн, 1993. — ISBN 5-85700-095-5.

Спасылкі

Зубр еўрапейскі Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам.
II катэгорыя (EN) 
  • Strix nebulosa: інфармацыя на сайце Чырвонай кнігі МСАП (англ.)