Грызуны (Rodentia) — самы шматлікі атрад сысуноў. Прадстаўлены 33 сямействамі, каля 350 радамі і звыш 1700 відамі, насяляюць разнастайныя ландшафты. Іх велічыня можа складаць ад 5,5 см (мыш-малютка) да 135 см (вадасвінка), хаця ў большасці знаходзіцца ў межах ад 8 да 35 см.
Апісанне
Грызуны вельмі добра прыстасоўваюцца да розных умоў існавання, гэтае уменне дазволіла ім рассяліцца па ўсяму свету. Грызуны жывуць на паверхні зямлі, пад зямлёй, а некаторыя нават асвоілі паветраную прастору.
Большасць харчуецца ў асноўным травамі, пладамі і зернямі раслін, карнямі і г.д., некаторыя віды харчуюцца казуркамі і хрыбетнымі жывёламі.
Колькасць грызуноў мяняецца з года ў год, залежыць ад надвор’я, наяўнасці драпежнікаў і барацьбы чалавека з грызунамі-шкоднікамі. Здольныя аднавіць сваю колькасць усяго за год, прычына ў вялікай пладавітасці.