Бой пры Сесеньі і Эсківіясе

Бой пры Сесеньі і Эсківіясе
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Іспаніі
Рэспубліканскі Т-26 у музеі El Goloso, Мадрыд. Падобны выкарыстоўваўся падчас рэйду 29 кастрычніка 1936 года.
Рэспубліканскі Т-26 у музеі El Goloso, Мадрыд. Падобны выкарыстоўваўся падчас рэйду 29 кастрычніка 1936 года.
Дата 29 кастрычніка 1936
Месца раён пасёлкаў Сесенья і Эсківіяс, правінцыя Таледа, аўтаномная супольнасць Кастылія — Ла-Манча, Іспанія
Вынік перамога нацыяналістаў: рэспубліканцы не замацаваліся ў населеных пунктах
Праціўнікі
Другая Іспанская Рэспубліка Рэспубліканцы
Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік СССР
Паўстанцы-нацыяналісты
Камандуючыя
Другая Іспанская Рэспубліка Энрыке Лістэр (камандуючы рэспубліканцаў на дадзеным участку фронту)
Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Поль Арман «Маёр Грэйзэ» (камандуючы танкавай групай)
Хасэ Манастэрыа Ітуартэ (камандуючы нацыяналістаў на дадзеным участку фронту)
Сілы бакоў
1-я змешаная брыгада/Група савецкіх ваенных спецыялістаў у Іспаніі: 3800 чалавек[1] (абмежаваны ўдзел), 15 экіпажаў Т-26, 34 савецкіх і 11 іспанскіх танкістаў[2] кавалерыйскі атрад, мараканцы-рэгуларэс: 2000 чалавек, 8—11 танкетак «Ансальда»
Страты
Па савецкіх звестках:
9 загінулых (6 савецкіх і 3 іспанскіх танкіста), 6 параненых, 3 танка знішчана
Па савецкіх звестках:
страчана 600 чалавек пяхоты, два эскадроны кавалерыі, 2 італьянскіх танка, 30 грузавікоў і 10 75-мм гармат

Бой пры Сесеньі і Эсківіясе — танкавая атака Народнай арміі Рэспублікі 29 кастрычніка 1936 года на пасёлкі Сесенья і Эсківіяс падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Населеныя пункты размешчаны недалёка ад Таледа, 30 км на поўдзень ад Мадрыда. Адлегласць паміж самімі селішчамі складае 8 км.

Дадзенае сутыкненне стала першым баявым ужываннем савецкіх танкаў Т-26[3]. Бой таксама вядомы першым у гісторыі танкавым таранам, які правёў экіпаж Сямёна Асадчага[4]. За подзвіг падчас рэйду пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза Мікалай Сяліцкі, стаўшы першым ураджэнцам Беларусі з гэтай узнагародай[5].

Напярэдадні

У пачатку кастрычніка 1936 года Савецкі Саюз адправіў у дапамогу рэспубліканскім войскам групу кадравых вайскоўцаў 3-й і 4-й механізаваных брыгад (Старыя Дарогі і Бабруйск, Беларуская ваенная акруга) з 50-ю машынамі Т-26 для навучання іспанцаў[6]. Па плане, за месяц ваенспецам трэба было падрыхтаваць да 100 танкістаў. Заняткі пачаліся 17 кастрычніка, аднак неўзабаве навучанне рэзка перапыніла камандаванне[7]. Справа ў тым, што нацыяналісты, захапіўшы Талавера-дэ-ла-Рэйна і Таледа, пачалі прасоўвацца да Мадрыда. У канцы кастрычніка яны ўзялі некалькі навакольных гарадоў, прарваўшы першую лінію абароны сталіцы, і апынуліся ў 30 км ад яе. Рэспубліканскі ўрад прэм’ер-міністра Франсіска Ларга Кабальера вырашыў затрымаць прасоўванне паўстанцаў да Мадрыда за кошт савецкіх спецыялістаў[8].

26 кастрычніка[9] была сфарміравана 1-я рота з 15 танкаў. Для яе падабраны савецкія танкавыя інструктары і спецыялісты з 4-й мехбрыгады[2]. Камандзірам прызначаны капітан Поль Арман (у Іспаніі дзейнічаў пад псеўданімам «Маёр Грэйзэ»). Самыя лепшыя навучэнцы-рэспубліканцы ўвайшлі ў экіпажы ў якасці стралкоў[9]. Злучэнне дзейнічала пад крылом брыгады Энрыке Лістэра[8].

Задачай Лістэра было атакаваць праціўніка ў напрамку Сесеньі, вызваліць гэты стратэгічна важны гарадок, каб адкінуць мяцежнікаў на паўднёвы захад[8]. Рота Армана павінна была распачаць некалькі контратак у розных напрамках, уключаючы дадзенае мястэчка[10]. Разведка рэспубліканцаў далажыла, што Сесенья войскамі праціўніка не занята. Таму савецкія танкісты думалі, што сустрэнуцца са сваімі[4]. Аднак нацыяналісты ў гэтым раёне мелі кавалерыйскі атрад на чале з палкоўнікам Хасэ Манастэрыа Ітуартэ, мараканцаў-рэгуларэс і роту танкетак[8].

Напярэдні з’явіўся загад кіраўніка ўрада Кабальера[10]:

" Дваццаць дзевятага, на досвітку, наша артылерыя і нашы бронецягнікі адкрыюць магутны агонь па ворагу. Затым з’явіцца наша слаўная авіяцыя і абрыне на подлыя галовы ворага шмат бомбаў. Затым выйдзеце вы, нашы смелыя танкісты, і ў найбольш адчувальным для праціўніка месцы прарвеце яго лініі. А ўжо затым, не губляючы не хвіліны, кінецеся вы, наша слаўная пяхота. "

Зыходзячы з гэтай заявы можна зразумець, што камандаванне ўскладала на савецкія танкі вялікія надзеі, мяркуючы, што яны здольны пераламаць ход вайны[10]. Падобныя меркаванні былі і ў асяроддзі звычайных вайскоўцаў. 28 кастрычніка ваенны карэспандэнт Кальцоў у сваім дзённіку запісаў наступнае[2]:

" Усіх натхняе ўдзел танкістаў і авіяцыі. Можа быць, на самай справе гэта будзе штуршок да пералому, да ўзняцця духу войскаў. "

Бой

Поль Арман.

Сесенья

У 6:30 раніцы 29 кастрычніка танкавая рота Армана пачала дзейнічаць[4]. Спярша нацыяналісты адкрылі агонь па тэхніцы, але рэзка спынілі. Машыны бесперашкодна пераехалі акопы і ўвайшлі ў пасёлак[11].

Рэспубліканскія войскі ў гэтым сектары не правялі разведку, у выніку было незразумела, у чыіх руках знаходзіцца гарадок. Спярша Арман вылучыў для разведкі адзін танкавы ўзвод, але затым высунуў да Сесеньі ўсю групу, так і не разабраўшыся, што там адбываецца[8].

На галоўнай плошчы адпачывалі пехацінцы і артылерысты мяцежнікаў, якія прынялі савецкія танкі за італьянскія. Арман высунуўся з люка галаўной машыны і павітаў афіцэра рэспубліканскім прывітаннем, прыняўшы яго за саюзніка і папрасіўшы па-французску прыбраць з дарогі гармату, якая замінала руху. Нацыяналіст, не пачуўшы слоў з-за працуючых матораў, з усмешкай спытаў, ці італьянец ён. Тут капітан раптам заўважыў мараканскіх рэгуларэс і зачыніў люк танка[4].

Т-26 наехалі на натоўп праціўніка, пачалі ціснуць усіх гусеніцамі і расстрэльваць з кулямётаў і гармат. Адзін з мараканскіх эскадронаў кавалерыі быў загнаны ў вузкую вуліцу, дзе не змог разгарнуцца. Коні пачалі шалець, уставаць на дыбкі, скідаючы вершнікаў і падаючы самі. Тры гарматы, кінутыя ў хаосе паўстанцамі, былі раздушаны гусеніцамі. Праз дваццаць пяць хвілін танкі выпадкова выйшлі з Сесеньі, пакінуўшы ў пасёлку жывую сілу праціўніка. Зразумеўшы, што яны выскачылі з мястэчка, Арман разгарнуў машыны на другі круг[11].

Байцы войскаў нацыяналістаў, пакуль праціўнік разгортваўся назад, зацягнулі некалькі гармат на дахі дамоў, адкуль абстрэльвалі атрад. Гэта ледзь не загубіла танкістаў, якіх выратавала толькі дрэнная прыстрэлка. Экіпажы стралялі наўскасяк пад карнізы будынкаў, што прыводзіла да абвальвання дахаў з паўстанцамі і гарматамі. Бой разбіваўся на асобныя ачагі. У розных месцах байцы Армана аўтаномна душылі агнявыя кропкі ворага. Адзін з танкістаў пакінуў сваю машыну, каб перарэзаць тэлефонныя драты, але быў забіты[12].

Мараканцы апрабавалі супраць Т-26 вінтоўкі і ручныя гранаты, якія іх наогул не бралі. Тады яны сцямілі вырабіць запальныя сумесі (як мяркуецца, гэта быў бензін[12]) заліць іх у бутэлькі і закідаць танкі. Мяцежнікам усё ж удалося падбіць адну машыну, але астатнія рушылі далей на захад у напрамку Эсківіяса[4].

У гэты час з усходу нарэшце актывізаваліся запозненыя рэспубліканскія падраздзяленні, сустрэтыя шчыльным агнём перапалоханых нацыяналістаў. А пасля таго, як рэспубліканскую пяхоту адбамбіла нямецка-італьянская авіяцыя, наступленне канчаткова заглухла і лістэраўцы сталі адыходзіць на зыходныя пазіцыі[4].

Эсківіяс

Танкетка Carro CV3/33 «Ансальда».

Калона выехала на шашу за Сесеньяй[13]. Арман, не маючы выразнай задачы, некаторы час блукаў у тыле мяцежнікаў і нават дасягнуў Эсківіяса, дзе ўступіў у бой з разрозненымі падраздзяленнямі праціўніка[8].

Наперад вырваўся экіпаж Мікалая Сяліцкага. Тут яго каманда знішчыла некалькі машын з боепрыпасамі, а раней у Сесеньі — батарэю горных гармат. Экіпаж не заўважыў танкавы роў, упаў у яго, але змог выбрацца, хоць і з пашкоджанай гусеніцай. Арман пакінуў у дапамогу Сяліцкаму два танкі пад камандаваннем Паўлава і Бяляева, але той заявіў, што зможа справіцца сам і адпусціў падмогу[13].

На іншым канцы мястэчка Т-26 нечакана натыкнуліся на італьянскія танкеткі, якія суправаджала батарэя 65-мм гармат. Абаронцы хутка разгарнулі гарматы ў баявы парадак. Батарэя была раздушана, але пры гэтым быў знішчаны адзін савецкі танк, а другі падбіты. У сваю чаргу Т-26 прыцэльным трапленнем разнеслі адну машыну, а другую скінуў гусеніцамі ў кювет танк лейтэнанта Сямёна Асадчага. Гэта быў першы ў гісторыі танкавы таран. Пасля гэтага атрад Армана, прайшоўшы яшчэ 20 кіламетраў па тылах праціўніка, узяў курс назад у Сесенью[4].

Тым часам экіпаж Сяліцкага з пашкоджанай правай гусеніцай уварваўся ў адзін з унутраных двароў і пад прыкрыццём каменнай сцяны пачаў абстрэльваць паўстанцаў. Італьянскі агнямётны «Fiat» быў знішчаны прамым трапленнем. На падмогу падышла батарэя 75-мм гармат і, размясціўшыся ў мёртвым куце, пачала абстрэльваць савецкі танк, які быў знішчаны праз паўгадзіны[4].

На зваротным шляху група заўважыла знішчаны Т-26 Сяліцкага. Загінуў і сам камандзір, і механік Мозылеў. Аднак вежавы стралок Белікін застаўся ў жывых. Цела Сяліцкага было знявечана: адрэзаны язык, на грудзях выразана зорка. Мараканцы ліквідавалі экіпаж, калі байцы папраўлялі гусеніцу[14].

Вынікі

Нацыяналісты, адбіўшы атаку праціўніка, аднавілі наступленне. 4 лістапада захоплены Хетафэ (13 км на поўдзень ад Мадрыда), а 8 лістапада паўстанцы пачалі франтальную атаку на сталіцу[8]. Такім чынам, контрнаступленне рэспубліканцаў правалілася. Як адзначаў расійскі гісторык Мікалай Платошкін, прычынай было «нездавальняючае ўзаемадзеянне танкаў з пяхотай, дакладней поўная адсутнасць такога»[4]. Падобная думка знаходзіць сваё пацверджанне ва ўспамінах ваеннага карэспандэнта Кальцова. Паводле яго дзённіка, пасля вяртання з рэйду танкісты спыталі ў іспанскага камандзіра, чаму ж адстала пяхота. Той адказаў, што яны «яшчэ не навучыліся ўзаемадзейнічаць»[15]. Прычынамі няўдалай атакі называліся таксама адсутнасць разведкі, неэфектыўная падтрымка артылерыі, страта радыёсувязі паміж танкамі[8].

Аднак некаторы эфект ад рэйда Т-26 быў. Так, напрыклад, напалоханы вялікімі стратамі мяцежны камандзір Хасэ Энрыке Варэла зняў з фронту некалькі воінскіх часцей і накіраваў іх на ахову сваіх флангаў. Потым паўстанцам вельмі бракавала гэтых войскаў у прыгарадах Мадрыда[4]. Самі машыны паказалі сваю эфектыўнасць у баях супраць італьянскіх танкетак і пяхоты праціўніка[8]

Па савецкіх звестках, усяго ў гэтым рэйдзе было знішчана больш за батальёна пяхоты (600 чалавек[16]), два эскадроны кавалерыі, 2 італьянскіх танка, 30 грузавікоў і 10 75-мм гармат. Уласныя страты склалі 3 танкі і 9 чалавек загінулых (6 савецкіх і 3 іспанскіх танкіста), 6 чалавек было паранена[4].

Гл. таксама

Зноскі

  1. Thomas, Hugh. (2001). The Spanish Civil War. Penguin Books. London. p.530
  2. а б в Воронкова, книга, стр. 91
  3. Коломиец М. В. «Т-26: Тяжелая судьба легкого танка». Глава Эксплуатация и боевое применение.
  4. а б в г д е ё ж з і к Платошкин Н. Н.. Гражданская война в Испании. 1936–1939 гг. Архівавана 30 жніўня 2022. Отрывок о бое.
  5. Юрий Борисёнок. Он стал первым белорусом, удостоенным звания Героя Советского Союза // СБ. Беларусь Сегодня : газета. — 8 апреля 2022.
  6. Воронкова, статья, стр 85
  7. Юрий Лобач. Ровно 80 лет назад бобруйские танкисты отправились в сражающуюся Испанию Архівавана 31 ліпеня 2022. // Вечерний Бобруйск : газета. — 1 сентября 2016.
  8. а б в г д е ё ж з «РККА и Гражданская война в Испании. 1936–1939 гг.: Сборники информационных материалов Разведывательного управления РККА»: в 8 т. Том 2: Сборники № 16–31. М.: Политическая энциклопедия, 2020 Стр. 241 - 256
  9. а б Страницы 3-4. Михаил Коломиец, Илья Мощанский. Танки испанской республики. Танкомастер 1998 № 2-3
  10. а б в Воронкова, книга, стр. 90
  11. а б Воронкова, книга, стр 92
  12. а б Воронкова, книга, стр. 93
  13. а б Воронкова, книга, стр. 94
  14. Воронкова, книга, стр 94—95
  15. Воронкова, книга, стр. 95
  16. Stalin and the Spanish Civil War: Chapter 15.

Літаратура

  • Воронкова И.Ю., Беларусь и война в Испании (1936–1939) / И.Ю.Воронкова; НАН Беларуси, Институт истории. – Минск: Белорусская наука, 2009. – 159 с.
  • Ирина Воронкова. Первая схватка с фашизмом // Беларуская думка : журнал. — 2016. — № 6. — С. 82—89.
  • Сборники информационных материалов. Разведывательного управления РККА: в 8 т. Том 2: Сборники №№ 16–31. М.: Политическая энциклопедия, 2020.
  • Коломиец М. Мощанский И. Танки испанской республики. Танкомастер 1998 № 2-3, страницы 3, 4, 11.
  • Платошкин Н. Н.. Гражданская война в Испании. 1936–1939 гг. — М.: ОЛМА-ПРЕСС. — с.: ил. –– (Архив). 2004.