Галоўнае разведвальнае ўпраўленне (СССР)
Галоўнае разведвальнае ўпраўленне | |
---|---|
Гады існавання | 1918—1992 |
Краіна | СССР |
Падпарадкаванне | Міністэрства абароны СССР |
Уваходзіць у | Генеральны штаб Узброеных сіл СССР |
Тып | ваеннае ўпраўленне |
Функцыя | разведка |
Дыслакацыя | Харашоўская шаша 76, Масква, РСФСР |
Галоўнае разведвальнае ўпраўленне Генеральнага штаба Узброеных сіл СССР (ГРУ ГШ УС СССР) — савецкая спецслужба, у сферу дзейнасці якой уваходзіла стратэгічная агентурная разведка, аператыўная разведка, радыё- і радыётэхнічная разведка, касмічная разведка і кіраўніцтва часцямі спецпрызначэння. Падпарадкоўвалася Генштабу УС СССР і міністэрству абароны.
Гісторыя
ГРУ вядзе сваю гісторыю ад Рэгістрацыйнага ўпраўлення РСЧА, створанага ў лістападзе 1918 года. У далейшым гэты орган шмат разоў перайменаваўся, рэфармаваўся і рэарганізаваўся:
- З красавіка 1921 — Разведвальнае ўпраўленне Штаба РСЧА;
- З лістапада 1922 — Разведвальны аддзел упраўлення 1-га памочніка начальніка Штаба РСЧА;
- З 1924 — Разведвальнае ўпраўленне Штаба РСЧА;
- З верасня 1926 — IV Упраўленне Штаба РСЧА;
- З жніўня 1934 — Інфармацыйна-статыстычнае ўпраўленне РСЧА;
- З лістапада 1934 — Разведвальнае ўпраўленне РСЧА;
- З мая 1939 — 5-е ўпраўленне Наркамата абароны СССР;
- З ліпеня 1940 — 5-е ўпраўленне Чырвонай арміі;
- З 16 лютага 1942 — Галоўнае разведвальнае ўпраўленне Генеральнага штаба Чырвонай Арміі[К 1];
- З чэрвеня 1945 — Галоўнае разведвальнае ўпраўленне Генеральнага штаба Чырвонай арміі[К 2]
- З верасня 1946 — Разведвальна-дыверсійная служба;
- Са студзеня 1949 — Галоўнае разведвальнае ўпраўленне Генеральнага штаба Узброеных сіл СССР.
З распадам СССР упраўленне ў практычна нязменным выглядзе захавалася за Генштабам Узброеных Сіл РФ[К 3]. Іншыя рэспублікі стваралі ўласныя органы ваеннай разведкі — як правіла, на аснове разведкі штабоў адпаведных ваенных акругаў[1].
Склад
Структура
На працягу гісторыі свайго існавання структура ГРУ перажыла некалькі перафармаванняў. Па наяўных у адкрытых крыніцах даных, яна ўяўляла сабой 12 асноўных упраўленняў і 8 дапаможных аддзелаў і ўпраўленняў. У гады Халоднай вайны орган уключаў у сябе[2]:
- 1-е ўпраўленне (Заходняя Еўропа);
- 2-е ўпраўленне (Далёкі Усход);
- 3-е ўпраўленне (ЗША, Канада, Лацінская Амерыка);
- 4-е ўпраўленне (Блізкі Усход і Афрыка);
- 5-е ўпраўленне (аператыўная разведка);
- 6-е ўпраўленне (радыё- і радыетэхнічная разведка);
- 10-е ўпраўленне (аб прызначэнні няма даных);
- 13-е ўпраўленне (аб прызначэнні няма даных);
- Упраўленне інфармацыі;
- Аператыўна-тэхнічнае ўпраўленне;
- Цэнтр касмічнай разведкі;
- Упраўленне сувязі;
- 1-ы кірунак (разведка з тэрыторыі — Масква);
- 2-і кірунак (разведка з тэрыторыі — Берлін);
- 3-і кірунак (нацыянальна-вызваленчыя рухі);
- 4-ы кірунак (разведка з тэрыторыі — Куба);
- 1-ы аддзел (выраб дакументаў);
- 8-ы аддзел (шыфравальны);
- Упраўленне кадраў;
- Адміністрацыйна-гаспадарчае ўпраўленне;
- Палітаддзел;
- Фінансавы аддзел;
- Архіўны аддзел.
Спецназ
Дырэктывай ваеннага міністра СССР № Орг/2/395832 ад 24 кастрычніка 1950 г. пачалося фарміраванне часцей спецыяльнага прызначэння (СП, з 1980 г. — СпП)[3].
Часці спецназа падпарадкоўваліся 3-му (са снежня 1951 г. — 5-му) кірунку 2-га аддзела 3-га ўпраўлення 2-га Галоўнага ўпраўлення Генштаба. Да 60-х гадоў нумарацыя падраздзяленняў змянілася і гэтыя функцыі былі ўскладзены на 3-і напрамак 5-га ўпраўлення ГРУ[3].
На месцах для кіраўніцтва ротамі ўводзіліся дадатковыя пасады: у апаратах начальнікаў разведкі галоўнакамандуючага войскаў Далёкага Усходу і ГСВГ — 1 старэйшы афіцэр і 1 афіцэр, у СГВ, ваенных акругах, войсках і паветрана-дэсантных карпусах — 1 афіцэр. У канцы 50-х — пачатку 60-х гг. былі створаны тры аддзелы (спецыяльнай разведкі) разведкі штабоў ваенных акругаў і груп войск[3].
З 1953 г. пачалося фарміраванне аналагічных падраздзяленняў у разведцы ВМФ[3].
АСНАЗ
Пад кіраўніцтвам ГРУ знаходзіліся групы асаблівага прызначэння (АСНАЗ), што выконвалі задачы непасрэдна на мясцовасці, як у тыле праціўніка, так і ўнутры краіны, на рубяжах. Часці радыё- і радыётэхнічнай разведкі АСНАЗ падпарадкоўваліся 3-му аддзел 3-га ўпраўлення, з красавіка 1953 г. — 2-му аддзел, з мая 1955 г. — 6-му ўпраўленню ГРУ. У ваенных акругах і групах войскаў з сярэдзіны 50-х гг. дзейнічалі асобныя радыё- і радыётэхнічныя палкі АСНАЗ, у складзе армій — батальёны. Пачынаючы з 1976 г. радыё- і радыётэхнічны палкі былі парамі аб’яднаны ў асобныя радыётэхнічныя брыгады (артбр), а вайсковыя батальёны — у асобныя радыётэхнічныя палкі (артп)[4]
Акрамя часцей АСНАЗ ГРУ існавалі радыётэхнічныя роты мотастралковых і танкавых дывізій, якія займаліся радыёразведкай на тактычным узроўні. Разглядаліся планы іх падпарадкавання ГРУ і стварэння, такім чынам, адзінай сістэмы вайсковай радыёразведкі на ўсіх узроўнях, аднак яны не былі ажыццёўлены[4].
НДІ
ГРУ мела ў сваім распараджэнні чатыры навукова-даследчых інстытута (НДІ)[5]:
- 6-ы ЦНДІ (ваенна-тэхнічнай інфармацыі)
- 17-ы НДІ (сувязь)
- 18-ы ЦНДІ (радыёразведка)
- НДІ аператыўнай тэхнікі
Кіраўнікі
За перыяд 1949—1992 гадоў упраўленне ўзначальвалі[6]:
- Мацвей Васільевіч Захараў (студзень 1949 — чэрвень 1952 г.), генерал арміі;
- Міхаіл Аляксеевіч Шалін (7 ліпеня 1952 — 31 жніўня 1956 г.), генерал-лейтэнант, з 31 мая 1954 г. — генерал-палкоўнік;
- Сяргей Мацвеевіч Штэменка (31 жніўня 1956 — 28 кастрычніка 1957 г.), генерал-лейтэнант, з 26 лістапада 1956 г. — генерал-палкоўнік;
- Міхаіл Аляксеевіч Шалін (28 кастрычніка 1957 — 8 снежня 1958 г.), генерал-палкоўнік;
- Іван Аляксандравіч Сяроў (10 снежня 1958 — 2 лютага 1963 г.), генерал арміі[К 4];
- Пётр Іванавіч Івашуцін (14 сакавіка 1963 — 9 ліпеня 1987 г.), генерал-палкоўнік, з 23 лютага 1971 г. — генерал арміі;
- Уладлен Міхайлавіч Міхайлаў (14 ліпеня 1987 — 10 кастрычніка 1991 г.), генерал-палкоўнік, з 24 кастрычніка 1990 г. — генерал арміі;
- Яўген Леанідавіч Цімохін (кастрычнік 1991 — 7 мая 1992 г.), генерал-лейтэнант, з 24 кастрычніка 1991 г. — генерал-палкоўнік;
Штаб-кватэра
Першапачаткова ГРУ знаходзілася ў будынку Генштаба на Арбаце ў Маскве. Шэраг службаў (Інфармацыя, 6-е ўпраўленне) знаходзіліся на Гогалеўскім бульвары, 6. У 1968 годзе ўсе асноўныя службы ГРУ былі пераведзеныя ў новы будынак па адрасе Харашоўскай шашы, 76, вядомае пад неафіцыйнымі назвамі «акварыум» або «сцякляшка»[7].
Падрыхтоўка кадраў
Для часцей, аддзелаў і ўпраўленняў ГРУ спецыялісты рыхтаваліся ў такіх установах як[8]:
- Ваенна-дыпламатычная акадэмія Савецкай Арміі;
- Вышэйшыя Чырванасцяжныя акадэмічныя курсы ўдасканалення афіцэраў разведкі;
- 161-ы цэнтр падрыхтоўкі спецыялістаў разведкі.
Падрыхтоўку афіцэраў аператыўнай і спецыяльнай разведкі ажыццяўлялі агульнавайсковыя навучальныя ўстановы[8]:
- Разведвальны факультэт Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзэ;
- Кафедра разведкі Кіеўскага вышэйшага агульнавайсковага каманднага вучылішча (КВАКВ) імя М. В. Фрунзэ;
- Факультэт спецыяльнай разведкі Разанскага вышэйшага паветрана-дэсантнага каманднага вучылішча (РВПДКВ) (створаны ў 1968 г.);
- Разведвальны факультэт (да студзеня 1954 г.) і кафедры ВМС капіталістычных дзяржаў (да чэрвеня 1954 г.) і марской разведкі (да ліпеня 1960 г.) Ваенна-марской акадэміі імя К. Е. Варашылава;
- Кафедра разведкі ВМФ каманднага факультэта Ваенна-марской акадэміі (створана ў чэрвені 1962 г.);
- Кафедра радыёслужбы АСНАЗ факультэта сувязі назірання Ваенна-марской акадэміі караблебудавання і ўзбраення імя А. Н. Крылова (лістапад 1953—1959 г.);
- Факультэт радыёсувязі АСНАЗ вышэйшага Ваенна-марскога вучылішча радыёэлектронікі імя А. С. Папова (1968—1974 г.) і Калінінградскага вышэйшага ваенна-марскога вучылішча (з 1974 г.).
Каментарыі
- ↑ Адначасова дзейнічала Упраўленне вайсковай разведкі Генштаба, якое ў 1943 годзе пераназвана ў Разведвальнае ўпраўленне Генштаба.
- ↑ Створана чынам аб’яднання ГРУ з УР.
- ↑ У 2010 годзе орган разведкі перайменаваны ў Галоўнае ўпраўленне Генеральнага штаба УС РФ.
- ↑ 17 студзеня — 7 сакавіка 1963 г. в а. начальніка ГРУ — Аляксандр Сямёнавіч Рогаў.
Зноскі
- ↑ Военная и военно-морская разведка
- ↑ А. Колпакиди, Д. Прохоров. «Империя ГРУ. Очерки истории российской военной разведки». — М.: «ОЛМА-ПРЕСС», 1999. — 281 с. — ISBN 5-224-00600-7.
- ↑ а б в г Спецназ
- ↑ а б Части ОСНАЗ
- ↑ НИИ ГРУ
- ↑ Руководство
- ↑ ГРУ Генштаба ВС СССР
- ↑ а б Учебные заведения