Гаро́шак пацеркападобны[3], французская чачавіца[3] (Vicia ervilia) — кветкавая расліна роду Гарошак (Vicia) сямейства Бабовыя (Fabaceae).
Батанічнае апісанне
Аднагадовая травяністая расліна. Сцябло прамастойнае або прыўзнятае, галінастае, даўжынёй 20—50 сантыметраў. Лісце чаргуецца па даўжыні сцябла, з вусікам і складаецца з 8—12 пар лісткоў. Лісткі суцэльныя, з гладкім краем, апушаныя. Кветкі з пяццю[4] пялёсткамі, бледна-ружовыя або блакітнаватыя, у гронках. Плод — паніклы, падоўжаны, 3—4 насенны струк, пацеркападобна перацягнуты паміж насеннем.
Распаўсюджанне і экалогія
Расліна паходзіць з Каўказа[3]. Распаўсюджана у краінах Паўночнай Афрыкі (Алжыр, Егіпет, Лівія), на Мадэйры і Канарскіх астравах, у Еўропе і ўмераных абласцях Азіі[5]. Распаўсюдзілася ў іншых рэгіёнах свету[5].
Засухаўстойлівая і непатрабавальная да якасці глебы расліна. Расце як пустазелле ў пасевах збожжавых, радзей па смеццевых месцах, а таксама па сухім камяністым схілах, у лясах і на вапняках, у перадгор’ях, ніжнім і сярэднім паясах гор[6].
Ахоўваецца ў Рэспубліцы Крым, Севастопалі[4][7].
Гаспадарчае значэнне
Расліна перспектыўная ў якасці ўраджайнай зернефуражнай бабовай культуры, асабліва для свінагадоўчых і птушкагадоўчых гаспадарак[6]. У сене маецца да 16,6 % пратэіну[3].
Зноскі
Літаратура
- Сауткіна Т. А., Кухарава Л. В. Гарошак // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз. — С. 567—568.
- Род Вика // Флора СССР. В 30-ти томах / Начато при руководстве и под главной редакцией акад. В. Л. Комарова; Редакторы тома Б. К. Шишкин и Е. Г. Бобров. — М.—Л.: Издательство Академии Наук СССР, 1948. — Т. XIII. — 588 с. — 4 000 экз. (руск.)
Спасылкі