Гісторыя Аўстраліі
Гісторыя Аўстраліі — гісторыя засялення, каланізацыі і незалежнага існавання цэлага кантынента.
Аўстралія да прыбыцця еўрапейцаў (да 1606 года)
Продкі аўстралійскіх абарыгенаў з’явіліся ў Аўстраліі каля 40-60 тысяч гадоў назад (паводле іншых звестак, каля 70 тыс. гадоў назад)[1][2]. Людзі прыбывалі ў Аўстралію з Паўднёва-Усходняй Азіі сухапутным мастом, што ўзнік у ледавіковую эпоху, ў той час, калі Новая Гвінея і Тасманія былі часткай аўстралійскага кантынета. На гэтым шляху яны перасякалі нешырокія пралівы, што рабіла іх, бадай, першымі ў гісторыі марскімі падарожнікамі[3].
Абарыгены займаліся паляваннем і збіральніцвам, рабілі каменныя прылады, мелі анімістычную веру. Найболей раннія чалавечыя рэшткі, знойдзеныя на беразе колішняга возера Мунга на паўднёвым усходзе штата Паўднёвы Уэльс[4], з’яўляюцца аднымі з найболей старажытных прыкладаў крэмацыі, якія толькі знойдзены на Зямлі. Гэта сведчыць на ранняе існаванне рэлігійных рытуалаў сярод аўстралійскіх абарыгенаў[5].
Мастацтва абарыгенаў лічыцца адным з найстарэйшых традыцыйных мастацтваў у свеце[6]. Яго ўзрост ацэньваюць у 30 000 гадоў, і яго можна сустрэць амаль па ўсёй тэрыторыі Аўстраліі (у прыватнасць, на Улуру і ў Нацыянальным парку Какаду)[7][8]. З пункту гледжання ўзросту і колькасці малюнкаў, наскальны жывапіс Аўстраліі супастаўляльны з пячорамі Ласка і Альтаміра ў Еўропе[9][10].
Даследванне Аўстраліі і каланіяльны перыяд (1606 - 1900)
Некаторыя аўтары спрабавалі даказаць, што еўрапейцы наведалі Аўстралію яшчэ ў 16 стагоддзі. Кенет Макінтайр і іншыя гісторыкі сцвярджалі, што партугальцы адкрылі Аўстралію ў 1520-я гг[11]. Наяўнасць на картах Д'епа надпісу «Жав-Ля-Гранд» (фр.: Jave La Grande) часта ўспрымалася як доказ "партугальскага адкрыцця". Тым не менш карты Д'епа адлюстроўваюць недасканалы стан геаграфічных ведаў той эпохі, як фактычных, так і тэарэтычных[12]. Хаця тэорыі візіту еўрапейцаў да 17 стагоддзя працягваюць выклікаць шмат цікавасці да Аўстраліі і іншых краін, яны, як правіла, лічацца спрэчнымі і недастаткова абгрунтаванымі.
Першымі з еўрапейцаў пабывалі ў Аўстраліі галандскія мараплаўцы Вілем Янсзан (1606) і Абель Тасман (1642). Для вывучэння новага кантынента — Новай Галандыі — Англія арганізавала шэраг экспедыцый (Уільяма Дампіра 1699, і Дж. Кука, 1770). Патрэба англійскай буржуазіі ў новых рынках, а таксама страта паўночнаамерыканскіх калоній вымусілі англійскі ўрад звярнуць увагу на Аўстралію. У 1788 англійскі капітан А. Філіп, які прыбыў ў раён сіднэйскай бухты на чале 11 караблёў са зняволенымі на борце, заснаваў першае паселішча. Тэрыторыя была абвешчаная англійскай. Такім чынам распачалося ўзмоцненае засяленне Аўстраліі высланымі. Адміністрацыя калоніі і ваенныя чыны захоплівалі лепшыя землі Паўднёва-Усходняй Аўстраліі, а тубыльцы, якія па ўзроўню свайго развіцця не маглі быць выкарыстаны ў якасці аб'екта эксплуатацыі, выцясняліся ў пустыні і фізічна нішчыліся. У пачатку ХІХ стагоддзя працэс вывучэння і асваення Аўстраліі ажывіўся. Англійскі мараплавец Мэцью Фліндэрс ў 1801 - 1803 гадах працягу дзвюх экспедыцый абышоў Аўстралію з усіх бакоў. Ён прапанаваў новую назву гэтай зямлі - Аўстралія.
Адкрыццё велізарных паш і развіццё авечкагадоўлі выклікалі прыток англійскага капіталу. Землі раздаваліся пераважна тым, хто меў значны капітал, г.зн. ўкаранялася буйное землеўладанне. Развіццё авечкагадоўлі выклікала вялікую патрэбу ў працоўнай сіле і ажывіла іміграцыю ў Аўстралію. Адкрыццё залатых радовішчаў у 1851 годзе справакавала сапраўдны іміграцыйны бум: калі ў 1851 г. у Аўстраліі было 438 тыс. чал., то 1861 ў выніку залатой ліхаманкі — ўжо 1168 тыс. У 1-й палове ХІХ ст. Аўстралія пастаўляла на сусветны рынак толькі воўну і скуру. З з'яўленнем рэфрыжэратарнага транспарту ў 2-й палове ХІХ ст. Аўстралія пачала вывозіць шмат мяса і масла, што стымулявала развіццё жывёлагадоўлі.
Самастойнасць і незалежнасць
У канцы ХІХ стагоддзя пасяленцы аўстралійскіх калоній запатрабавалі ўтварэння з асобных частак, якія карысталіся аўтаноміяй, адзінай федэрацыі. Англія падтрымала гэтую ідэю, спадзеючыся выкарыстоўваць яе ў сваіх імперыялістычных інтарэсах у раёне Ціхага акіяна. 1 студзеня 1901 г. уступіў у сілу акт англійскага парламента аб стварэнні Аўстралійскага Саюза. Федэрацыя ў складзе 6 штатаў, былых калоній, атрымала статус дамініёна. Быў створаны федэральны ўрад на чале з генерал-губернатарам. Аўстралійскі Саюз становіцца партнёрам Англіі па эксплуатацыі калоній. У 1906 калоніяй Аўстралійскага Саюза стала паўднёва-ўсходняя частка Новай Гвінеі, а пасля першай сусветнай вайны Аўстралія атрымлівае ад Лігі Нацый мандат на кіраванне былой нямецкай калоніяй у паўночна-ўсходняй частцы Новай Гвінеі.
Працоўны рух зарадзіўся ў Аўстралійскім Саюзе ў 2-й палове ХІХ ст. У 1890-х гг паўстала лейбарысцкая партыя, якая карысталася значным уплывам і ў 1904 сфармавала ўрад. У 1911-12, у процівагу умераным лейбарыстам, ствараюцца рэвалюцыйныя рабочыя арганізацыі. Адным з іх арганізатараў быў рускі рэвалюцыянер Арцём. У 1920 была заснавана Кампартыя Аўстраліі. Вялікія забастоўкі адбыліся ў 1919-21, 1927, а таксама ў гады Сусветнага эканамічнага крызісу 1929-33.
У 1931 паводле Вестмінстэрскага Статута Аўстралія атрымала самастойнасць ад метраполіі.
Падчас Другой сусветнай вайны Аўстралія уваходзіла у антыфашысцкую кааліцыю дзяржаў. Аўстралія атрымала аўтаномію ад Вялікабрытаніі ва ўнутраных справах і знешніх адносінах у 1942. Урад Аўстралійскага Саюза выступіў у ролі актыўнага саюзніка Англіі і ЗША ў іх дзеяннях у Азіі. Войскі Аўстралійскага Саюза прынялі ўдзел у вайне ў Малаі, у карэйскай вайне 1950-53 гг.. У 1951 Аўстралія разам з Новай Зеландыяй заключыла дамову з ЗША аб ўзаемнай дапамозе (АНЗЮС), а ў 1954 стаў удзельнікам СЕАТА.
Урад Аўстралійскага Саюза пагадзіўся на выпрабаванне брытанскай атамнай і вадароднай зброі на тэрыторыі краіны.
Аўстралія валодала калоніяй Папуа (паўднёва-ўсходняя частка вострава Новая Гвінея), кіравала падапечнай тэрыторыяй Новая Гвінея (паўночна-ўсходняя частка вострава Новая Гвінея, архіпелаг Бісмарка, паўночная частка групы Саламонавых астравоў) і, па дамове з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй, востравам Науру. У 1968 годзе незалежнасць атрымала Науру, у 1975 — Папуа — Новая Гвінея.
У 1967 тубыльцам былі прадастаўлены ўсе грамадзянскія правы. У 1986 Аўстралійскі Акт, ратыфікаваны аўстралійскім і брытанскім парламентам, пазбавіў Велікабрытанію апошніх магчымасцяў умяшальнітва ў заканатворчасць і справы Аўстраліі. Пасля перамогі на выбарах у 1993 прэм'ер-міністр Пол Кітынг пацвердзіў сваё жаданне бачыць Аўстралію рэспублікай да 2000 года. У 1999 на рэферэндуме была падтрымана ідэя пераходу ад канстытуцыйнай манархіі да рэспублікі. Аднак прайшло ўжо 20 гадоў, а форма праўлення ў Аўстраліі дагэтуль не змянілася: гэта звялана з асабістай папулярнасцю каралевы Лізаветы ІІ сярод аўстралійцаў.
Зноскі
- ↑ Peter Hiscock (2008). Archaeology of Ancient Australia. Routledge: London. ISBN 0-415-33811-5.
- ↑ John Mulvaney and Johan Kamminga (1999). Prehistory of Australia. Allen and Unwin, Sydney. ISBN 1 864489502.
- ↑ Ron Laidlaw «Aboriginal Society before European settlement» in Tim Gurry (ed) (1984) The European Occupation. Heinemann Educational Australia, Richmond. p. 40. ISBN 0 85859 2509.
- ↑ Bowler JM, Johnston H, Olley JM, Prescott JR, Roberts RG, Shawcross W, Spooner NA. (2003). "New ages for human occupation and climatic change at Lake Mungo, Australia". Nature. 421 (6925): 837–40. doi:10.1038/nature01383. PMID 1259451.
{cite journal}
: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (link) - ↑ Bowler, J. M. 1971. Pleistocene salinities and climatic change: Evidence from lakes and lunettes in southeastern Australia. In: Mulvaney, D. J. and Golson, J. (eds), Aboriginal Man and Environment in Australia. Canberra: Australian National University Press, pp. 47—65.
- ↑ The Indigenous Collection(недаступная спасылка). The Ian Potter Centre: NGV Australia. National Gallery of Victoria. Архівавана з першакрыніцы 6 снежня 2010. Праверана 6 снежня 2010.
- ↑ Environment.gov.au . Environment.gov.au (8 ліпеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2012. Праверана 14 ліпеня 2011.
- ↑ Environment.gov.au . Environment.gov.au (8 ліпеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2012. Праверана 14 ліпеня 2011.
- ↑ Indigenous art(недаступная спасылка). Australian Culture and Recreation Portal. Australia Government. Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2012. Праверана 26 верасня 2010.
- ↑ Australia. Australianmuseum.net.au . Australianmuseum.net.au (1 ліпеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2012. Праверана 14 ліпеня 2011.
- ↑ McIntyre, K. G. (1977) The Secret Discovery of Australia, Portuguese ventures 200 years before Cook, Souvenir Press, Menindie ISBN 028562303 6.
- ↑ Robert J. King, «The Jagiellonian Globe, a Key to the Puzzle of Jave la Grande», The Globe: Journal of the Australian Map Circle, no. 62, 2009, pp. 1—50.