Дамініканскі сабор (Львоў)
Храм | |
Дамініканскі сабор | |
---|---|
Домініканський собор | |
49°50′34″ пн. ш. 24°02′03″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Украіна |
Горад | Львоў, пл. Музейная, 1. |
Канфесія | уніяцтва |
Тып будынка | культавы |
Архітэктурны стыль | позняе барока |
Архітэктар |
Ян дэ Вітэ, Себасцьян Фесінгер, Юліян Захарэвіч |
Заснавальнік | Юзаф Патоцкі |
Дата заснавання | 1749 |
Матэрыял | цэгла |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дамініканскі сабор, таксама Царква Найсвяцейшай Еўхарыстыі, раней — Касцёл Божага Цела і кляштар дамініканаў — помнік архітэктуры XVIII стагоддзя ў цэнтральнай частцы Львова, у зоне Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, помнік архітэктуры нацыянальнага значэння.
Гісторыя
Манахі-дамініканцы упершыню прыбылі ў Львоў у ХІІІ стагоддзі, і першы драўляны касцёл дамініканцаў, як кажуць легенды, быў пабудаваны ў 1234 годзе на Нізкім замку па фундацыі жонкі князя Льва Данілавіча Канстанцыі Венгерскай. Гэты касцёл згарэў у час вайны ў 1340 годзе. Новы гатычны храм, які нагадваў сёняшні парафіяльны касцёл у Казімежы Дольным, быў пабудаваны на гэтым месцы ў 1378 годзе і пазней перабудаваны пасля пажару ў 1407 годзе разам з манастырскімі пабудовамі. На працягу XVI стагоддзя комплекс быў спустошаны некалькімі пажарамі, тым не менш, ён працягваў паступова развівацца. У XVIII стагоддзі столь храма пачала трэскацца, і ў 1745 годзе было вырашана разабраць храм і замяніць яго новым.
У 1749 годзе Юзаф Патоцкі заклаў сучасны барочны храм, аўтарства акога звычайна прыпісваецца Яну дэ Вітэ. Паміж 1756 і 1761 гадамі Мікалай Базыль Патоцкі ахвяраваў 236 тысяч злотых храму і дамініканскаму кляштару ў Львове, дзе была пахавана яго маці. Гэтыя ахвяраванні пайшлі на капліцу Патоцкіх у храме. Сам храм быў асвечаны ў 1764 годзе львоўскім рымска-каталіцкім арцыбіскупам Вацлавам Геранімам Серакоўскім.
У дамініканцаў атрымалася ўдала перажыць панаванне аўстрыйскага імператара Іосіфа II, які вызначыўся тым, што зачыніў многія іншыя манастыры. У 1865 годзе да комплексу была прыбудавана званіца ў стылі неабарока. У 1885—1914 гадах была праведзена супярэчлівая рэканструкцыя фасада і інтэр’еру.
Пасля Другой сусветнай вайны і прыходу савецкай улады комплекс выкарыстоўваўся як склад, а ў 1970-я гады ператварыўся ў музей рэлігіі і атэізму. З распадам СССР храм быў перададзены Украінскай грэка-каталіцкай царкве і цяпер з’яўляецца парафіяльнай царквой. Кляштар, аднак, да гэтага часу па-ранейшаму з’яўляецца музеем, аднак перайменаваным у Львоўскі музей гісторыі рэлігіі.
Сучасны львоўскі храм аддалена нагадвае царкву Карлскірхэ ў Вене. Ён пабудаваны па плане грэцкага крыжа, упісанага ў эліпсоід і ўвянчанага манументальным купалам.
Да 1946 года ў храме захоўваўся цудатворны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, каранаваны папам Бенедыктам XIV у 1751 годзе, які сёння можна пабачыць у дамініканскім касцёле Святога Мікалая ў Гданьску, а таксама алебастравая фігура, прывезеная Святым Гіяцынтам з разрабаванага манголамі Кіева ў Галіч, а затым — у Львоў, якую сёння можна знайсці ў касцёле Святога Жыля ў Кракаве.