Праспект Свабоды (Львоў)
Праспект Свабоды Галіцкі раён (Львоў), Львоў | |
---|---|
укр.: Проспект Свободи | |
Агульная інфармацыя | |
Краіна | |
Горад | |
Раён | Галіцкі раён |
Працягласць | 350 м |
Ранейшыя назвы | Ніжнія Валы, Карла Людвіга, Гетманская, Гетманскія Валы, Опернштрасэ / Музеўмштасэ, Адольфа Гітлера, Першага мая, Леніна |
Назва ў гонар | свабода |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Праспект Свабоды — галоўны праспект Львова, адна з самых прыгожых і прэстыжных вуліц у горадзе, эпіцэнтр дзелавога і культурнага жыцця. Знаходзіцца ў Галіцкім раёне каля гістарычнага цэнтра, уваходзіць у ахоўную зону Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Назва
Змена палітычнай сітуацыі ў Львове знаходзіла сваё адлюстраванне ў змене назвы яго галоўнай вуліцы. З канца XVIII стагоддзя праспект насіў назву Ніжнія Валы, з 1855 года яго няцотны бок называўся вуліцай Карла Людвіга Ніжняй, цотны — вуліцай Карла Людвіга Верхняй, з 1871 года няцотны бок — Карла Людвіга, а цотны — вуліца Гетманская. У 1919 годзе няцотны бок, які тады насіў імя аўстрыйскага эрцгерцага, быў пераназваны польскімі ўладамі ў вуліцу Легіёнаў. Аднак у гарадской гаворцы абедзве часткі праспекта да таго часу ўжо атрымалі традыцыйную назву — Гетманскія валы. У 1940 годзе савецкая ўлада пераназвала бульвар у вуліцу Першага мая. Нямецкая ўлада зноў падзяліла праспект на два бакі, цотны бок стаў называцца Опернштрасэ, няцотны — Музеўмштрасэ. У 1942 годзе яны былі аб’яднаныя і сталі плошчай Адольфа Гітлера. У 1944 годзе на кароткі час вярнуліся назвы абедзвюх частак бульвара — вуліцы Легіёнаў і Гетманская. З 1945 года — зноў Першага мая. З 1959 года — праспект Леніна, з 1990 года — праспект Свабоды.
Гісторыя
Фарміраванне праспекта Свабоды — фактычна другога пасля плошчы Рынак цэнтра Львова — пачалося ў 1780-я гады. Да 1800 года ўмацаванні горада былі перапланаваныя — так сфармаваўся бульвар з шэрагамі таполяў і пешаходнай алеяй уздоўж ракі Полтвы. З пачатку XIX стагоддзя прагулкі па бульвары сталі моднымі, на ім з’явіліся шапікі.
27 студзеня 1836 года ў будынку дырэкцыі львоўскай паліцыі, якая знаходзілася на месцы сучаснага «Гранд-гатэля», у службовай кватэры свайго бацькі, які ўзначальваў у той час гарадскую паліцыю, нарадзіўся пісьменнік Леапольд фон Захер-Мазах.
З 1858 года Ніжнія Валы пачалі асвятляцца газавымі ліхтарамі замест алейных. У 1887—1888 гадах інжынер Вацлаў Ібіянскі накрыў раку Полтву бятоннымі скляпеннямі ў раёне бульвара, а новыя насаджэнні дрэў і кветак распрацаваў Арнальд Рорынг. Уздоўж няцотнага боку бульвара ў 1888 годзе былі пракладзены лініі коннага трамвая, а ў верасні 1893 года — лініі электратрамвая.
Разам з Марыйскай плошчай і вуліцай Акадэмічнай Гетманскія валы ўтварылі адзіную пешаходную прагулачную зону — так званае Корза. З канца XIX стагоддзя бульвар забудоўваўся будынкамі гатэляў, банкаў, даходных дамоў, на ім з’явіліся модныя крамы і кавярні.
Завяршэнне будаўніцтва гарадскога тэатра ў 1900 годзе стала важным акцэнтам прасторавай кампазіцыі праспекта, перспектыўны від на новы тэатр стаў адным з самых прывабных ва ўрбаністычным ландшафце горада.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Праспект Свабоды (Львоў)