Дыплом
Дыпло́м (фр.: diplôme, ад стар.-грэч.: δίπλωμα — складзены ўдвая ліст або дакумент) — афіцыйны дакумент пра сканчэнне пачатковай прафесійнай, сярэдняй прафесійнай (спецыяльнай) або вышэйшай навучальнай установы і прысваенні адпаведнай кваліфікацыі; афіцыйны дакумент пра прысваенне вучонай ступені або вучонага звання.
У Старажытным Рыме дыпломам называлі дзве бронзавыя шыльды, якія выдаваліся пры звальненні адслужыўшаму ў дапаможных частках салдату, дзе падаваліся звесткі пра яго службу, удзел ў бітвах і г.д. Гэтыя шыльды былі падставай для прадастаўлення пэўных прывілеяў, у тым ліку рымскага грамадзянства.