Філіпінскі какаду (Cacatua haematuropygia, сін. Kakatoe haematuropygia) — птушка сямейства какаду. Жыве на Філіпінскіх астравах і востраве Палаван.
Апісанне
Даўжыня цела 32 см, хваста 11,5 см, крыла 33 см, дзюбы 3,2 см; маса 280—300 г. Афарбоўка апярэння белая. Шчокі бледна-ружовыя. Чубок кароткі, усярэдзіне чырванавата-жоўтага колеру, зверху белы. Ніжні бок крылаў і рулявыя пёры маюць жаўтлявае адценне. Ніжнія покрыўныя пёры хваста светла-чырвоныя. Дзюба высокая, каля асновы цёмная, на канцы белая. Кольцы вакол вачэй без пёраў, белага колеру. Лапы і кіпцюры цёмна-шэрыя. Радужка ў самца ад цёмна-карычневага да чорнага, у самкі ад крывава-чырвонага да карычневага. Здзяйсняюць спусташальныя набегі на пасевы кукурузы і рысу.
Спосаб жыцця
Жывуць у лясах, на ўскраіах лесу, узлесках, у гарах, акультураных ландшафтах, нізінах, прыбярэжных мангравых зарасніках, да вышыні 1100 м над узроўнем мора. Трымаюцца дробнымі зграямі (4-12 асобін). Начуюць у мангравых зарасніках або на какосавых пальмах. Перыядычна вандруюць. Сілкуюцца кветкамі, пладамі (мангравае дрэва, гуава, дзікія бананы), збожжам (маладая кукуруза, рыс), насеннем.