Квебекскі акт
Квебекскі акт (The Quebec Act) — закон аб паляпшэнні кіравання правінцыяй Квебек, прыняты 7 кастрычніка 1774 г. Гэты акт нічым не абмяжоўваў жыццё 13 англамоўных калоній уздоўж Атлантыкі, але часам яго адносяць да ліку невыносных законаў, якія былі прыняты як непапулярныя меры брытанскага ўрада ў адказ на адсутнасць рэакцыі адміністрацыі калоніі Масачусетс на Бостанскае чаяпіцце[1].
Асноўныя ідэі закона
- Павелічэнне тэрыторыі правінцыі Квебек за кошт некаторых навакольных зямель, якія не належалі ніякім правінцыям ці калоніям.
- Каталікі і пратэстанты Квебека атрымоўвалі роўныя грамадзянскія правы.
- Для каталікоў была спрошчана формула судовай прысягі, яна была зроблена больш нейтральнай і не прымушала іх парушаць патрабаванні рэлігійнага сумлення.
- Брытанскія крымінальныя законы працягвалі дзейнічаць у Канадзе, але мясцовыя губернатары і іх намеснікі маглі ўносіць у іх неабходныя змяненні і дапаўненні.
- Для кіраўніцтва Квебекам з ліку мясцовых жыхароў кароль абіраў Савет, у якім пастаянна павінны былі працаваць ад 17 да 23 членаў; кароль, па ўзгадненні з губернатарам або віцэ-губернатарам правінцыі, таксама меў паўнамоцтвы папаўняць іх рады, калі хто-небудзь з гэтых дарадцаў адсутнічаў, паміраў ці быў адхілены ад пасады[2]. Савет Квебека не меў права ўсталёўваць падаткі, акрамя часовых збораў на мясцовыя патрэбы горада ці мясцовасці (напрыклад, будаўніцтва моста, рамонт дарогі).
- Пакаранні за рэлігійныя злачынствы абмяжоўваліся штрафам альбо 3-месячным пазбаўленнем волі.
- Ніякі закон не мог быць прыняты Саветам Квебека, калі на паседжанні прысутнічала меншасць членаў, выключэнні складалі тэрміновыя сітуацыі.
Рэакцыя на Акт
У новага закона былі і прыхільнікі (пераважна сярод тых, каго гэты закон надзяляў больш шырокімі правамі), і праціўнікі (у асноўным сярод тых пратэстантаў, якія не жадалі надзялення каталікоў роўнымі грамадзянскімі правамі з пратэстанцкімі падданымі брытанскага караля), але асноўная маса жыхароў Квебека, як і іншых правінцый Канады, станоўча ўспрынялі яго. Гэта выразілася ў адмове Квебека паслаць сваіх прадстаўнікоў на Першы і Другі Кантынентальны Кангрэс і падтрымаць Амерыканскую рэвалюцыю, калі войскі Дж. Вашынгтона рабілі паход на Манрэаль.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ У рускім артыкуле ru:Невыносимые законы гэты закон пералічаны сярод невыносных, а ў адпаведным артыкуле на англійскай — en:The Intolerable Acts — узгаданы асобна ад іх.
- ↑ Гэта палажэнне было адменена Канстытуцыйным актам 1791 г.
Дакументы
- The Quebec Act // Yale Law School. Lilian Goldman Law Library. The Avalon Project. Documents in Law, History and Diplomacy.
- Невыносныя законы ў беларускім перакладзе