Мелькарт
Мелька́рт, Меліке́рт (ад грэч. Μελικέρτης, элінізаванае фінікійскае , Milk-Qart, «цар горада») — у фінікійскай рэлігіі і міфалогіі — бог-заступнік мараплаўства і горада Ціра, які атаясамляўся грэкамі з Гераклам. Шанаваўся ў Ціры і Фасасе[1].
Спачатку быў богам прыроды, якая адраджаецца. Паводле сведчання Менандра Эфескага свята Мелькарта адзначалі ў лютым-сакавіку [2]. Пераказы называлі Мелькарта сынам Дэмара [3] і Астарты [4], якога выгадавала казачная лань з меднымі нагамі. З самага нараджэння вёў непрымірымую барацьбу з богам смерці Мотам. Перамог жахлівага змяя з сямю галовамі, адолеў пасланых Мотам львоў і грыфонаў (апошніх — з дапамогай свайго спадарожніка Эшмуна), перамог самага Мота, які ператвараўся ў вепрука і быка, пасля ўсё ж быў забіты Мотам, але адрадзіўся (дзякуючы Эшмун, які даў яму пачуць пах перапёлкі [5]), спусціўся ў царства мёртвых і вынес з яго душу паплечніка — з дапамогай багіні сонца.
Пазней Мелькарт і сам ператварыўся ў бога сонца і заступніка агню [6]. Адпаведна зведала змены і легенда аб адраджэнні Мелькарта, які цяпер спальваў сябе ў свяшчэнным агні і набіраўся новай маладосці. У Гадэсе, дзе нібыта існавала магіла Мелькарта [7][8] падчас свята ў яго гонар з горада выганялі ўсіх іншаземцаў і спальвалі выяву Мелькарта, які сядзеў на гіпакампе [9].
Гіпакамп ператварыўся ў спадарожніка Мелькарта з развіццём фінікійскага мараплаўства і ператварэннем Мелькарта на марскога бога. Тады ж з'явілася новая версія гібелі і адраджэння бога — нібыта Астарта з нованароджаным Мелькартам, якую перасладваў Мот, кінулася ў мора, але Мелькарт выплыў, ператварыўшыся ў дэльфіна. Гэта легенда была запазычана грэкамі (міф пра Мелікерта).
Мелькарт быў таксама богам горада Цір (уласна, яго імя часта інтэрпрэтуюць як «ўладальнік Ціра», падобна да біблскай Баалат-Гебал ці сідонскага Ваал-Цыдона). Легенда аб заснаванні Ціра сцвярджала, што Мелькарт загадаў жыхарам ўзбярэжжа пабудаваць карабель (на ўзор рыбы наўціл), пераплысці на Амбразійскія скалы, што блукалі ў моры, прынесці ахвяры і, калі скалы спыняцца, пабудаваць на іх горад [10]. Іншая легенда прыпісвала Мелькарту (дакладней яго сабаку) адкрыццё пурпуру[11].
Ужо як абаронца Ціра Мелькарта ўшаноўвалі і як заступніка каланізацыі (усе фінікійскія калоніі былі заснаваныя ціранамі). Пазней з'явіліся і пераказы аб плаванні гэтага бога на захад Міжземнага мора - да Гібралтара [12]), які самі фінікійцы называлі «слупамі Мелькарта» (адсюль, верагодна, і пайшла яго грэчаская назва Геркулесавы слупы), хоць, магчыма, што гэта назва тычылася не столькі Гібралтара, колькі вострава Кацінуса, дзе быў размешчаны храм Мелькарта, калоны якога былі выраблены з бронзы. Ёсць легенда, як яго статуя прыплыла на плыце з Ціра ў Эрыфры [13].
У класічную эпоху грэкі атаясамлялі Мелькарта з Гераклам. Лічылася, што «цірыйскі Геракл» быў пахаваны ў Іспаніі[14]. У двухмоўным надпісе з Мальты імя Мелькарт перакладзена як Геракл-архегет [15]. Паводле Менандра Эфескага, яго храм у Ціры узвёў цар Хіром [16]. Герадот згадвае сваё наведванне цірскага храма Мелькарта, называючы яго храмам Геракла Цірскага.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Герадот. Гісторыя II 44; Паўсаній. Апісанне Элады V 25, 12; Курцый Руф. Гісторыя Аляксандра Вялікага IV 2, 3
- ↑ Іосіф Флавій. Пра старажытнасць яўрэйскага народа, I, 18
- ↑ Еўсевій Кесарыйскі. Падрыхтоўка да Евангелля. I, 10, 27
- ↑ Цыцэрон. Пра прыроду багоў, III, 16, 42
- ↑ Афінах, IX, 47, 392
- ↑ Нон. Дыянісіяка XL, 369—374
- ↑ Пампоній Мела, III, 46
- ↑ Арнобій. Супраць язычнікаў, I, 36
- ↑ Паўсаній. Апісанне Элады, IX, 4, 6
- ↑ Нон. Дыянісіяка, XL, 443—534
- ↑ Полукс. Анамастыкон, 1, 45
- ↑ Салюсцій. Югурцінская вайна, XVIII, 2—3
- ↑ Паўсаній. Апісанне Элады VII 5, 5-7
- ↑ Арнобій. Супраць язычнікаў I 36
- ↑ Malkin I. Myth and territory in the Spartan Mediterranean. Cambridge UP. 2003. P.214
- ↑ Іосіф Флавій. Пра старажытнасць яўрэйскага народа I 18