Мост Нотр-Дам
Мост Нотр-Дам (фр.: Pont Notre-Dame) — мост у IV акрузе Парыжа праз раку Сену. Мост лічыцца адным з самых старых у Парыжы, але, у адрозненне ад іншага старога моста Пон-Нёфа, шмат разоў разбураўся і будаваўся нанова.
Канструкцыя
Гісторыя
Першы мост на гэтым месцы быў пабудаваны яшчэ ў антычнасці пад назваю Вялікі мост (фр.: Grand-Pont). Калі ў 52 да н.э. Ціт Лабіен са сваёй арміяй падыходзіў да Парыжа, ён быў спалены парызіямі, каб перакрыць рымлянам шлях на востраў Сітэ. Рымляне адбудавалі мост з каменю і правялі праз яго дарогу ад Суасона да Арлеана. У 886 г. ён быў разбураны падчас асады горада нарманамі, а на гэтым месцы быў перакінуты невялікі драўляны мост Pont des Planches de Milbray, знішчаны паводкай 1406. 31 мая 1412 па загаду караля Францыі Карла VI пачалося будаўніцтва драўлянага моста Нотр-Дам, які абваліўся 25 кастрычніка 1499 з-за адсутнасці рамонту.
У 1507 была скончаная новая канструкцыя моста па праекце італьянскага архітэктара Джавані Джаконда, хутка забудаваная дамамі і крамамі. У 1660 яго перабудавалі ў гонар вяселля караля Людовіка XIV і Марыі Тэрэзіі. У 1746—1788 усе будынкі з моста былі знесены з-за пагрозы абвальвання. У 1853 адбылася чарговая перабудова, пасля якой мост стаў пяціаркавым. У 1891—1910 тут здарылася больш за 35 катастроф на баржах, пасля чаго ён атрымаў мянушку Мост Д’ябла (фр.: Pont du Diable). У 1910—1914 па праекце архітэктара Луі Рэзаля тры цэнтральныя аркі былі замененыя адзінай металічнай канструкцыяй, каб аблегчыць праход суднам. Мост быў адкрыты прэзідэнтам Раймонам Пуанкарэ ў 1919 і захаваў свой выгляд да нашага часу.