Мюстык
Мюстык | |
---|---|
англ. Mustique | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 5,7 км² |
Насельніцтва | 500 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 87,72 чал./км² |
Размяшчэнне | |
12°52′30,60″ пн. ш. 61°11′01,10″ з. д.HGЯO | |
Акваторыя | Карыбскае мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мюсты́к (англ.: Mustique) — востраў у складзе архіпелага Грэнадзіны (Малыя Антыльскія астравы), размешчаны ў паўднёва-ўсходняй частцы Карыбскага мора на поўдзень ад вострава Сент-Вінсент. Уваходзіць у склад дзяржавы Сент-Вінсент і Грэнадзіны. Агульная плошча — 5,7 км². Насельніцтва — каля 500 чал.
Геаграфія і прырода
Востраў Мюстык месціцца за 25 км на поўдзень ад вострава Сент-Вінсент. Выцягнуты з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад на 4,54 км. Найбольшая шырыня — 2,59 км. Мае вулканічнае паходжанне. Цэнтральная частка ўзвышаная. Найвышэйшы пункт — пагорак Тукан-Хіл (183 м).
Значная частка вострава пакрыта лясамі, садамі і паркамі. На востраве жывуць чарапахі, ігуаны і чаплі.
Гісторыя
Востраў вядомы з канца XV ст., калі быў адкрыты іспанскай экспедыцыяй на чале з Алонса дэ Ахеда. У XVII — XVIII стст. аспрэчваўся паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй. Адышоў да калоній Вялікабрытаніі пасля заканчэння Сямігадовай вайны.
У другой палове XVIII ст. каланісты брытанскага і французскага паходжання стварылі на востраве 7 цукровых плантацый. Да нашага часу захаваўся цукровы млын канца XVIII ст. Аднак занапад гандлю цукрам выклікаў банкруцтва плантатараў у першай палове XIX ст., і яны пакінулі Мюстык. У 1865 г. на поўначы вострава пасялілася сям’я Хэйзел з Сент-Вінсента, якая займалася вырошчваннем бавоўніку, гароху, ловам рыбы.
У 1958 г. востраў трапіў у прыватную маёмасць брытанскага арыстакрата Коліна Тэнанта. У 1960 г. ён падараваў зямлю на поўдні прынцэсе Маргарэт для пабудовы прыватнай вілы. Гэта прывяло да папулярнасці вострава сярод багатых і знакамітых еўрапейцаў і амерыканцаў, якія будавалі тут прыватныя дамы. У 1979 г. была створана прыватная кампанія вострава Мюстык, што кіруецца прыватнымі домаўладальнікамі.
У нашы дні імкліва развіваецца турызм. На поўначы вострава працуе аэрапорт.