Аднагадовая або двухгадовая меданосная агароднінная расліна. Корань верацёнападобны, мясісты, жоўта-карычневы, мае даўжыню да 12 см, таўшчыню да 10 см. Сцябло прамое, уверсе разгалінаванае. Кветкі жоўтыя, у складаных парасонах.
Па колькасці лёгказасваяльных арганізмам вугляводаў і іншых пажыўных рэчываў пастарнак займае адно з першых месцаў сярод караняплодаў. Ён мае да 3 % эфірнага алею, 40 мг% аскарбінавай кіслаты, 0,03 мг% караціну, 8,1 вугляводаў, да 4 % крухмалу і інш.
Распаўсюджанне
Пашыраны ў Еўразіі. Пастарнак пасяўны здаўна вырошчваецца як прыпраўная, агароднінная і кармавая расліна.
Выкарыстанне
У ежу выкарыстоўваюцца караняплоды, якія вельмі пахучыя і маюць прыемны саладкаваты смак. 3 іх гатуюць спецыяльныя тушаныя стравы, кладуць у супы, спажываюць як гарнір да мяса. Шырока выкарыстоўваецца пастарнак пры кансерваванні агародніны, саленні агуркоў, дадаецца ў марынады.
Рэкамендуецца для ўзбуджэння апетыту і як спазмалітычны сродак пры парушэннях стрававання, як мачагонны сродак пры нырачнакаменнай хваробе. Прэпарат з насення пастарнаку выкарыстоўваецца для папярэджання прыступаў стэнакардыі, пры неўрозах.
Агратэхніка
Караняплоды пастарнака вылучаюцца асаблівай марозаўстойлівасцю: высеяныя вясной і нават летам яны могуць пры добрым снегавым покрыве зімаваць у адкрытым грунце. Пастарнак добра расце на цёплых урадлівых глебах з добрай аэрацыяй, а таксама на тарфяніках, дрэнна пераносіць кіслыя глебы і блізкасць водаў. Належыць да раслін працяглага дня. Мезафіт, мезатроф, эўтроф[6]. Размнажаецца насеннем.
Высяваюць яго пераважна вясной з адлегласцю паміж радамі 45 см, на глыбіню 1,5—2 см. Мінімальная тэмпература для прарастання насення 5— 6 °C, аптымальная 16—18 °C. Усходы вытрымліваюць замаразкі да −6 −8 °C. Пры веснавой сяўбе насення ў грунт усходы з’яўляюцца праз 22—29 дзён. Расліны падкормліваюць мінеральнымі ўгнаеннямі. Пры прарэджванні ўсходаў пастарнаку ў радзе паміж раслінамі пакідаюць 10—12 см. У спякотныя дні пастарнак выдзяляе пякучыя эфірныя алеі, якія, трапляючы на голыя часткі цела, выклікаюць апёкі. Каб пастарнак не растрэскваўся, яго неабходна рэгулярна паліваць, асабліва ў сухое надвор’е. Убіраюць караняплоды позняй восенню. Лісце зразаюць на ўзроўні галоўкі, караняплоды выкопваюць віламі.