Рэлігія ў Беларусі
Па дадзеных Міністэрства замежных спраў Беларусі на 2015 год, вернікамі лічаць сябе 58,9 % насельніцтва краіны. З іх 82 % — праваслаўныя, 12 % — каталікі, 6 % — прадстаўнікі іншых канфесій.
Сучасны стан рэлігійных устаноў і рэлігійнасці ў Рэспубліцы Беларусь
Талерантнае прыняцце Беларускай дзяржавай поліканфесіянальнай мадэлі забяспечвае роўныя правы заходняй і ўсходняй традыцыям, дае магчымасць захавання міру і стабільнасці на беларускай зямлі. Статус рэлігіі ў грамадстве павышаецца, фарміруецца новы сацыяльны светапогляд на аснове агульначалавечых каштоўнасцей.
Міжканфесіянальнай згодзе садзейнічае Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, які падпарадкоўваецца Ураду Рэспублікі Беларусь (апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей створаны ў маі 2006 на базе Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь).
У Рэспубліцы Беларусь існуе 27 канфесій, на 1 студзеня 2004 г. было зарэгістравана 2863 рэлігійныя суполкі.
Колькасць вернікаў
Паводле даследаванняў беларускіх сацыёлагаў 1997 года, абсалютная большасць рэспандэнтаў-вернікаў лічыць сябе: праваслаўнымі (77,4 %), каталікамі (10,4 %), пратэстантамі (0,5 %).
Падчас агульнадзяржаўнага апытання Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў пачатку 2012 г. 92% апытаных назваліся хрысціянамі, у тым ліку звыш 80% праваслаўнымі, звыш 10% каталікамі і каля 2% пратэстантамі[1].
У 2011 годзе паводле звестак Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ІАЦ) апытанне насельніцтва краіны паказала, што 93,5% рэспандэнтаў аднеслі сябе да той ці іншай рэлігіі, з іх:
- 81% — праваслаўныя (каля 75% ад агульнай колькасці насельніцтва);
- 10,5% — каталікі (каля 9% ад агульнай колькасці);
- 2% — іншыя рэлігіі.
Звесткі справаздачы адзначылі двухразовае павелічэнне колькасці рэлігійных людзей за год адносна папярэдняй афіцыйнай спаваздачы і ўпершыню амаль супалі з вынікам альтэрнатыўнага апытання НІСЭПД у 2009 годзе.
Агульная колькасць вернікаў у постсавецкі перыяд вырасла. У 1987 годзе яна складала ўсяго 15% насельніцтва[2]. Паводле даных Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі ў 1990 г. дзель вернікаў у насельніцтве дасягнула 30%. Па выніках праведзенага ў 1997 апытання 49,4% насельніцтва абралі варыянт «Так, я веру ў Бога»[3]. У 2007 годзе паводле звестак Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей РБ каля 50% грамадзян адносілі сябе да той ці іншай рэлігіі, з іх:
- 80% — праваслаўныя (каля 40% ад агульнай колькасці насельніцтва)
- 14% — каталікі (каля 7% ад агульнай колькасці)
- 6% — іншыя рэлігіі[4].
У 2010 годзе паводле звестак Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей РБ 58,9% грамадзян аднеслі сябе да той ці іншай рэлігіі, з іх:
- 82,5% — праваслаўныя (каля 48% ад агульнай колькасці насельніцтва)
- 12% — каталікі (каля 7% ад агульнай колькасці)
- 4% — іншыя рэлігіі[5].
Альтэрнатыўныя ацэнкі
Падчас апытання НІСЭПД у верасні 2002 г. 88,5% апытаных спавядалі хрысціянства (у тым ліку паводле кірунку 67,4% — праваслаўнае, 13,1% — каталіцкае, 0,6% — пратэстанцкае), 4,9% — атэізм, 1% — нявер’е (агнастыцызм), па 0,1% — іслам і іўдаізм[6].
Падчас апытання Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Вільнюс, Літва) у снежні 2009 г. 1514 жыхароў Беларусі 92,6% назваліся хрысціянамі, у тым ліку 78,5% праваслаўнымі, 13,1% каталікамі і каля 1% пратэстантамі. Даныя супадалі са станам на 1994 год[7].
Праваслаўная царква
Праваслаўная царква з’яўляецца самай вялікай канфесіяй на тэрыторыі Беларусі. Па колькасці суполак і вернікаў сярод іншых рэлігійных аб’яднанняў яна займае першае месца. На 1 студзеня 2004 г. БПЦ аб’ядноўвала 1290 суполак, 10 епархій (у снежні таго ж году з’явілася адзінаццатая), 21 манастыр, 17 брацтваў, 9 сястрынстваў (у 2003 г. дзейнічала 1040 і будавалася 144 праваслаўныя храмы). У рэлігійных арганізацыях працуе больш за 1250 праваслаўных святароў. У Жыровічах дзейнічюць духоўная семінарыя, духоўная акадэмія, школа рэгентаў і званароў, вучылішча па падрыхтоўцы псаломшчыкаў. Узначальвае БПЦ мітрапаліт мінскі і слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.
Каталіцкая царква
Рымска-каталіцкая царква ў Беларусі таксама адносіцца да традыцыйных і з’яўляецца адной з буйнейшых па колькасці вернікаў і суполак. У 1991 аднавілася дзейнасць старой Пінскай дыяцэзіі (рымска-каталіцкай епархіі), якая цяпер існуе ў межах Гомельскай і Брэсцкай абласцей, а акрамя таго былі ўтвораны новыя царкоўна-адміністрацыйныя адзінкі — Гродзенская дыяцэзія (у межах Гродзенскай вобласці) і Мінска-Магілёўская архідыяцэзія-метраполія (у межах Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей) з падпарадкаваннем апошняй астатніх дыяцэзій на тэрыторыі рэспублікі. Першым мітрапалітам новай мітраполіі стаў кардынал Казімір Свёнтак. У 1999 была ўтворана асобная Віцебская дыяцэзія (у межах Віцебскай вобласці). У тым жа 1999 годзе ў Беларусі створана Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў, у якую ўвайшлі каталіцкія біскупы краіны на чале з Казімірам Свёнтакам. На 1 студзеня 2004 у Рэспубліцы Беларусь былі 4 епархіі, 432 прыходы, 9 місій, 8 манаскіх суполак(кляштараў), 3 дабраахвотныя таварыствы «Карытас» і 2 вышэйшыя духоўныя семінарыі. Прыходы абслугоўваюць 332 святары (у тым ліку, 192 — замежныя грамадзяне). З чэрвеня 2006 Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію ўзначальваў Апостальскі адміністратар Антоній Дзям’янка, а старшынёю Канферэнцыі з’яўляўся ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч. З канца 2007 Рымска-каталіцкую царкву на Беларусі ўзначальвае архіепіскап Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч (прызначаны 21 верасня, 10 лістапада адбылося кананічнае ўступленне на пасаду).
Як частка Каталіцкай Царквы ў Беларусі ў 1990-ыя гады аднавіла сваю дзейнасць таксама і грэка-каталіцкая супольнасць. Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква налічвае сёння 13 афіцыйна зарэгістрафаных парафій і яшчэ 7 парафій знаходзіцца ў працэсе рэгістрацыі. Парафіі БГКЦ аб’яднаныя ў 2 дэканаты (протапрасвітараты): Цэнтральна-Заходні протапрасвітарат імя святамучаніка Мікалая Чарнецкага і Усходні протапрасвітарат імя Св. Язафата. БГКЦ сёння наўпрост падпарадкавана Рымскаму Апостальсаму Пасаду. Апеку над католікамі візантыйскага абраду ў Беларусі ажыццяўляе Апостальскі Візітатар «ad nutum Sanctae sedis» для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Душпастырскую апеку вернікам візантыйскага абраду аказваюць 14 святароў і 4 дыяканы.
Уніяцкая царква
3 канца 1980-х г. на Беларусі сталі стварацца суполкі вернікаў-уніятаў (пераважна з інтэлігенцыі). 11 сакавіка 1989 у Мінску ў Кальварыйскім касцёле а. Аляксандр Надсан адслужыў першую за 150 гадоў пасля 1839 г. публічную каталіцкую службу ў візантыйскім абрадзе (па-беларуску). Першая пасля вайны грэка-каталіцкая парафія ў Мінску ўтварылася ў верасні 1990 г. У 1994 г. Ватыкан афіцыйна зацвердзіў для беларускіх уніятаў беларускамоўную версію літургічных тэкстаў.
На чэрвень 2009 г. Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква мела 20 парафій (зарэгістраваных з іх — 15)[8] (у тым ліку 4 — у Мінску, 2 — у Віцебску), яшчэ шэраг чакалі рэгістрацыі.
Пратэстанцтва
На 1 студзеня 2004 года ў Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана 1005 пратэстанцкіх суполак, з якіх 494 ХВЕ і каля 270 ЕХБ.
- Адвентызм у Беларусі
- Евангельска-лютэранская царква ў Рэспубліцы Беларусь
- Евангельскія хрысціяне баптысты
- Саюз евангельскіх хрысціян баптыстаў у Рэспубліцы Беларусь
- Аб’яднаная кансерватыўных цэркваў евангельскіх хрысціян баптыстаў у Рэспубліцы Беларусь
- Аб’яднаная царква хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь
- Новаапостальская царква ў Рэспубліцы Беларусь
- Аб’яднанне хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь
- Сведкі Іеговы ў Беларусі
Іслам
Па дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года, іслам у краіне вызнаюць каля 30 000 чалавек[9].
Язычніцтва
Старажытнае паганскае паходжанне маюць многія беларускія народныя святы, абрады, звычаі — Купалле, Каляды, Дзяды, Радаўніца, трызна, «гуканне вясны», ваджэнне «куста» , пахаванне «стралы» і інш.
Іншыя цэрквы
На 1 студзеня 2004 г. у Рэспубліцы Беларусь былі 34 стараабрадніцкія суполкі, з якіх 18 — у Віцебскай вобласці. З іх 1 прыход належыць РПСЦ (Свята-Іллінская царква ў Гомелі) (на 2003 год).
Існуе адна суполка Свяшчэнніцкага брацтва Св. Пія X (католікі-традыцыяналісты) (у Мінску).
Існуюць іудзейскія і мусульманскія суполкі, а таксама суполкі Свядомасці Крышны (неаіндуізм), Будызму, і суполкі бахаі.
Гл. таксама
-
Праваслаўная ікона Святой Параскевы, 2-я палова XVI ст. Створана на Случчыне.
-
Каталіцкі Будслаўскі абраз Маці Божай, 1590-я гады.
-
Божая Маці з Дзіцём. Беларуская разьбяная скульптура, пачатак XVII стагоддзя (фрагмент кампазіцыі).
-
Комплекс былога аршанскага езуіцкага калегіума, XVII—XVIII стст. Фота 2012 года.
Зноскі
- ↑ Вольга Мядзведзева. Каля мільёна беларусаў кожную нядзелю наведваюць храмы // Звязда : газета. — 4 лютага 2012. — № 23 (27138). — С. 2. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
- ↑ Почти половина населения Белоруссии — верующие (руск.). NEWSru (15 красавіка 2013).
- ↑ Л.Г. Новикова. Основные характеристики динамики религиозности населения // Социологические исследования. — 1998. — № 9. — С. 93—98.
- ↑ Bureau of Democracy, Human Rights and Labor.. International Religious Freedom Report 2007. Belarus (англ.). U.S. Department of State (15 красавіка 2013).
- ↑ Bureau of Democracy, Human Rights and Labor.. International Religious Freedom Report 2010. Belarus (англ.). U.S. Department of State (15 красавіка 2013).
- ↑ "Большасць беларусаў — за роўнасць усіх канфесій"(руск.). Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. 2002. Праверана 8 студзеня 2014.
- ↑ "Важнейшыя вынікі нацыянальнага апытання ў снежні 2009 г."(руск.). Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. 2009. Праверана 8 студзеня 2014.
- ↑ Наша Ніва: «У Мінску адкрыўся Грэка-каталіцкі цэнтр» Архівавана 30 чэрвеня 2008.
- ↑ Минскую мечеть планируют построить до конца года(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 мая 2013. Праверана 31 студзеня 2018.
Літаратура
- Арх. Аф. Мартос. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни / Арх. Аф. Мартос. Репринт. Минск, 1990.
- Баптизм и баптисты / под ред. Е. С. Прокошиной, М. Я. Ленсу. Минск, 1969.
- Беларусы : энцыклапедыя : у 10 т. / І. У. Чаквін [і інш.]. Мінск, 2007. Т. 10: Славянскія этнакультурныя традыцыі.
- Верашчагіна, А. У. Гісторыя канфесій у Беларусі : мінулае і сучаснасць / А. У. Верашчагіна, А. В. Гурко. Мінск, 2000.
- Верашчагіна, А. У. Хрысціянскія святы на Беларусі : дапам. для настаўнікаў гісторыі і выкладчыкаў курса «Рэлігіязнаўства» / А. У. Верашчагіна. Мінск, 2005.
- Гарбацкі, А. А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX ст. / А. А. Гарбацкі. Брэст, 1999.
- Гурко, А. В. Новые религии в Республике Беларусь : генезис, эволюция, последователи / А. В. Гурко. Минск, 2006.
- Думін, С. У. Беларускія татары : мінулае і сучаснасць / С. У. Думін, І. Б. Канапацкі. Мінск, 1993.
- История евангельских христиан-баптистов в СССР. М., 1989.
- Канфесіі на Беларусі (к. XVIII—XX ст.) / В. В. Грыгор’ева [і інш.]; навук. рэд. У. І. Навіцкі. Мінск, 1998.
- Короткая, Т. Н. Старообрядчество в Белоруссии / Т. Н. Короткая, Е. С. Прокошина, А. А. Чудникова. Минск, 1992.
- Мельнікаў, А. А. Кірыл, епіскап Тураўскі : Жыццё. Спадчына. Светапогляд / А. А. Мельнікаў. Мінск, 2000.
- Никольский, Н. М. История русской церкви / Н. М. Никольский. М., 1985.
- Падокшын, С. А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура : (Філасофска-гістарычны аналіз) / С. А. Падокшын. Мінск, 1998.
- Поспеловский, Д. В. Русская Православная Церковь в XX веке / Д. В. Поспеловский. М., 1995.
- Пучков, П. И. К вопросу о классификации религий / П. И. Пучков // Этнос и религия : сборник / отв. ред.-сост. Б. Р. Логашова. М., 1998. С. 7—47.
- Рэлігія і царква на Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал. : Г. П. Пашкоў [і інш.]. Мінск, 2001.
- Скир, А. Еврейская духовная культура в Беларуси / А. Скир. Минск, 1995.
- Токарев, С. А. Религиозные верования восточнославянских народов XIX — нач. XX вв. / С. А. Токарев. М.; Л., 1957.
- Туронак, Ю. Фарміраванне сеткі рыма-каталіцкіх парафій на Беларусі ў 1387—1781 гадах / Ю. Туронак // Наша вера. 1995. № 1.
- Уния в документах : сборник / сост. В. А. Теплова, З. И. Зуева. Минск, 1997.
- Федосик, В. А. В сладкогласии песнопений литургии / В. А. Федосик. Минск, 1985.
- Чаквін, І. У. Фарміраванне канфесій і іх эвалюцыя / І. У. Чаквін // Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мінск, 2000. С. 59—68.
- Чарота, І. А. Беларуская мова і Царква / І. А. Чарота. Мінск, 2000.
- Этноконфессиональные процессы в Беларуси и формирование патриотизма / А. С. Майхрович [и др.]. 2-е изд. Минск, 2004.
- Яскевіч, А. А. Падзвіжнікі і іх святыні : Духоўная культура старажытнай Беларусі / А. А. Яскевіч. Мінск, 2001.