Танімбар
Танімбар | |
---|---|
індан. Tanimbar | |
Характарыстыкі | |
Колькасць астравоў | 65 |
Найбуйнейшы востраў | востраў Ямдэна |
Агульная плошча | 5 430 км² |
Найвышэйшы пункт | 240 м |
Насельніцтва | 105 394 чал. (2010) |
Шчыльнасць насельніцтва | 19,41 чал./км² |
Размяшчэнне | |
7°30′ пд. ш. 131°30′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Танімба́р (індан.: Tanimbar) — архіпелаг з прыкладна 65 астравоў на захадзе Ціхага акіяна. Уваходзіць у склад інданезійскай правінцыі Малуку. Плошча — 5 430 км². Насельніцтва (2010 г.) — 105 394 чал.
Геаграфія
Архіпелаг Танімбар з'яўляецца вяршыняй падводнага плато паміж морам Банда і Арафурскім морам. Геолагі лічаць, што астравы першапачаткова фарміраваліся ў юрскі перыяд, калі на плато пачалі вывяргацца гразевыя вулканы. Значная частка паверхні склалася дзякуючы каралавым рыфам. Усе астравы архіпелага нізкія. Найвышэйшы пункт на ўсходзе вострава Ямдэна — 240 м.
Клімат трапічны мусонны. Сярэднегадавая тэмпература трымаецца каля +27,2°C. З мая да лістапада цягнецца сухі сезон. У жніўні сярэдняя колькасць ападкаў паніжаецца да 49 мм. У астатнія месяцы вельмі вільготна. У студзені сярэдняя колькасць ападкаў дасягае 354 мм. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 2344 мм.
Прырода
Біёлагі адносяць флору архіпелага Танімбар да паўднёвага меланезійскага рэгіёна. Назіраецца перавага аўстралійскіх відаў. Значная частка архіпелага пакрыта дажджавымі лясамі. На ўзбярэжжы сустракаюцца мангры.
Наземная фаўна не адрозніваецца багаццем. Ізаляванасць архіпелага прывяла да нешматлікай колькасці дзікіх відаў сысуноў. У той жа час на Танімбары шмат птушак, у тым ліку 10 эндэмічных відаў.
Гісторыя
Архіпелаг Танімбар быў населены каля 2 - 3 тысячагоддзяў таму аўстранезійцамі. У перыяд позняга сярэднявечча пачаліся сталыя кантакты з вонкавым светам. З Танімбара вывозілі галатурый, чарапах, каштоўныя віды драўніны, рабоў. На еўрапейскіх картах астравы ўпершыню з'явіліся ў 1563 г. Разам з Малукскімі астравамі яны былі фармальна далучаны да галандскіх калоній, але іх асваенне пачалося толькі ў першай палове XX ст. Падчас II Сусветнай вайны акупаваны Японіяй. Вызвалены аўстралійскімі салдатамі ў 1945 г. У 1950 г. далучаны да Інданезіі.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Танімбар
- Tanimbar Archipelago Архівавана 22 сакавіка 2016.
- tanimbar.org.uk
- Stephen Joseph Kaye, THE STRUCTURE OF EASTERN INDONESIA: AN APPROACH VIA GRAVITY AND OTHER GEOPHYSICAL METHODS
- CLIMATE TANIMBAR KEY