Тупічэўскі манастыр (Мсціслаў)
Манастыр | |
Тупічэўскі Свята-Духаўскі манастыр | |
---|---|
54°01′16″ пн. ш. 31°44′40″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мсціслаў |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Магілёўская |
Тып | мужчынскі, пазней жаночы |
Першае згадванне | 1641 |
Дата заснавання | 1641 |
Дата скасавання | 1918 |
Рэліквіі і святыні | Тупічэўская Ікона Божай Маці |
Статус | не дзейнічае |
Стан | разбураны |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Тупічэ́ўскі манасты́р існаваў у сярэдзіне XVII — пачатку XX ст. на ўсходняй ускраіне Мсціслава. Заснаваны як мужчынскі (з 1886 г. жаночы). Складаўся са Святадухаўскай, Увядзенскай, Успенскай, Мікалаеўскай цэркваў, жылых і гаспадарчых пабудоў. Быў абнесены спачатку драўлянай, з канца XIX ст. мураванай агароджай. Манастырскія жылыя і гаспадарчыя пабудовы былі пераважна драўляныя. Засталіся фрагменты мураванай агароджы, брамы і капліц канца XIX ст. Цяпер частка тэрыторыі занятая сучаснымі будынкамі маслазавода. Падчас археалагічных даследаванняў выяўлены культурны пласт XVI—XVII стст., сярод знаходак непаліваная кафля з выявай Святога Георгія на кані, а таксама зялёная і паліхромная кафля XVII—XVIII стст., аздобленая раслінным і геральдычным арнаментам.
Драўляная Святадухаўская царква (пабудаваная ў 1641 г.) — крыжова-купальны храм (25х25 м) на каменным падмурку; абнесены паўзакрытай абходнай галерэяй на слупах. Вальмавыя дахі канцоў крыжа і купал на светлавым барабане над сяродкрыжжам завяршаліся галоўкамі. Спачатку царква была накрыта гонтавым дахам, з канца XIX ст. — бляхай. Сцены царквы ў інтэр'еры былі ўпрыгожаны размалёўкай па дрэве на біблейскія і евангельскія сюжэты (73 кампазіцыі): у цэнтральным аб'ёме кампазіцыі «Нараджэнне Багародзіцы», «Увядзенне ў храм», «Заручыны Марыі», «Успенне», «Нараджэнне Хрыста» і інш., у алтары — «Тайная вячэра», у бабінцы — сцэны са старога запавету і пакут розных святых. Рэалістычнай манерай вылучаліся кампазіцыі «Рай», «Стварэнне Евы», «Спакушэнне Адама» і інш. Чалавечым выявам уласцівыя жыццёвасць, мясцовы тыпаж. Прапорцыі фігур прысадзістыя і крыху нязграбныя, але ў іх добра перададзена дынаміка. Тыповыя для Беларусі краявіды, элементы архітэктарскага антуражу, выявы мясцовых жывёл сведчаць аб тым, што ў аздабленні царквы ўдзельнічалі майстры, якія творча перапрацоўвалі традыцыі народнага выяўленчага мастацтва Магілёўшчыны XVII—XVIII стст. У некаторых кампазіцыях прыкметны рысы стылю барока. Галоўны і бакавы іканастасы былі аздоблены дэкаратыўнай разьбой і пазалотай.
Увядзенская царква (пабудаваная ў 1771 г.) — драўлянае на каменным падмурку, прамавугольнае ў плане (каля 12x7 м) купальнае збудаванне. У канцы XIX ст. царкву падоўжылі да 22 м, абклалі цэглай і накрылі бляхай. У інтэр'еры сцены былі атынкаваныя і ўпрыгожаныя арнаментам і размалёўкай на рэлігійныя сюжэты.
Мікалаеўская царква (існавала да 1839 г.) — драўлянае збудаванне (9x8 м) на другім ярусе надбрамнай званіцы.
Успенская царква (пабудаваная ў псеўдарускім стылі ў 1891—1895 гг.) — мураваны крыжова-купальны храм са званіцай над бабінцам, завершаны купалам на светлавым барабане. У інтэр'еры знаходзіліся чатырох'ярусны з пазалотай і трох'ярусны іканастасы.
Комплекс не збярогся, яго спалілі ў Другую сусветную вайну. Канчаткова зруйнаваны ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў, у час будаўніцтва масласырзавода.
Літаратура
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Мсцісла́ўскі Тупічэ́ўскі манасты́р // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. С. 541.
- Тупічэўскі Святадухаўскі манастыр // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. С. 539.
- Тупичевский Свято-Духов монастырь // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Тупічэўскі манастыр (Мсціслаў)
- Тупічэўскі манастыр (Мсціслаў) на сайце Radzima.org
- Тупічэўскі манастыр (Мсціслаў) на сайце Глобус Беларусі (руск.)