Убейдскі перыяд
Убейдскі перыяд | |
---|---|
Геаграфічны рэгіён | Месапатамія |
Лакалізацыя | Турцыя, Ірак, Іран, Бахрэйн, Аман |
Датаванне | сярэдзіна 7 тысячагоддзя да н. э. — пачатак 4 тысячагоддзя да н. э. |
Тып гаспадаркі | земляробства, жывёлагадоўля, рамяство |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Убе́йдскі перыяд энеаліта ў Месапатаміі ахоплівае прамежак часу сярэдзіны 7 — пачатку 4 тысячагоддзяў да н. э. Назва паходзіць ад помніка Тэль-аль-Убейд на поўдні Ірака.
Навуковае вызначэнне
Убейдскі перыяд быў вылучаны ў 1930 г. У нашы дні прынята наступная перыядызацыя:
- Перыяд Уэлі (6500 г. да н. э. — 5750 г. да н. э.)
- Перыяд Эрыду (5750 г. да н. э. — 5500 г. да н. э.)
- Перыяд Хаджы-Мухамад (5500 г. да н. э. — 5300 г. да н. э.)
- Позні Убейдскі перыяд (5200 г. да н.э.) — 4200 г. да н. э.)
- Зыход Убейдскай культуры (4200 г. да н. э. — 3800 г. да н. э.)
Кожны перыяд супадае з распаўсюджваннем адмысловых стыляў керамікі.
У перыяд свайго росквіту Убейдская культура ахоплівала тэрыторыю ад усходу сучаснай Турцыі да поўначы Амана. Першапачаткова лічылася, што нараджэнне культуры адбылося на поўдні Месапатаміі, аднак у апошнія дзесяцігоддзі высоўваецца гіпотэза пра тое, што убейдскі тып керамікі ўзнік на тэрыторыі Турцыі і пазней распаўсюдзіўся на паўднёвы ўсход. Некаторыя даследчыкі звязваюць узнікненне, а потым знікненне культуры з кліматычнымі зменамі, што пачалі адбывацца болей за 8000 гадоў таму.
Кераміка
Керамічныя вырабы Убейдскай культуры сталі галоўнай прыкметай для яе вызначэння. Для яе характэрны таўстастенныя пасудзіны, часам з глыбокімі выманнямі, першапачаткова афарбаваныя ў чорны колер. Пасудзіны рабілі ў форме глыбокіх келіхаў, дробных келіхаў, тазоў, шарападобных ваз. Акрамя таго, шырока прадстаўлены керамічныя статуэткі, упрыгожаныя каштоўнымі каменнямі, пячаткі, нажы, сярпы, цвікі і г. д.
-
Пасудзіны 5 тысячагоддзя да н. э.
-
Жаночыя статуэткі 5 тысячагоддзя да н. э.
-
Тэракотавая пячатка
Грамадства
Этнічны склад насельніцтва рэгіёна, які ахоплівала культура Убейдскага перыяду, не ўсталяваны. Аднак яе шырокая геаграфія можа сведчыць пра шматэтнічны характар носьбітаў. Распаўсюджванне артэфактаў адбывалася ў выніку абмену і гандлю. Так, жыхары паўночнага Амана здабывалі медзь, якую маглі абменьваць на прадукты земляробства і кераміку.
Убейдцы займаліся сельскай гаспадаркай. Прычым, для апрацоўкі глебы выкарыстоўвалі плуг, ведалі меліярацыю. Даследаванні помніка Кенан-Тэпэ ў вярхоўях Тыгра паказалі, што яны вырошчвалі пшаніцу, ячмень, лён, гарох, сачавіцу. Акрамя ганчарства існавалі такія рамёствы, звязаныя са здабычай і апрацоўкай камянёў і металаў. Гэтыя матэрыялы былі асабліва пашыраны ў паўночных горных раёнах, дзе з іх выраблялі сярпы.
У позні Убейдскі перыяд назіралася пашырэнне плошчы паселішчаў, хаця яны заставаліся не ўмацаванымі. На поўдні Месапатаміі буйныя паселішчы з'яўляліся цэнтрамі пэўных тэрыторый, дзе працягвалі развівацца адносна невялікія вёскі. Звычайныя хаціны былі трохкутнымі з Т-падобнымі або крыжападобнымі цэнтральнымі заламі. У буйных паселішчах вылучаліся вялікія, відавочна грамадскія будынкі або храмы з тымі ж архітэктурнымі формамі. Большасць даследчыкаў мяркуе, што ў Убейдскі перыяд адбывалася паступовая сацыяльная дыферэнцыяцыя грамадства, вылучалася эліта.
Спасылкі
Убейдскі перыяд на Вікісховішчы |
- Ubaidian Culture - Trade Networking and the Rise of Mesopotamia
- Kubba S., The Ubaid Period : Evidence of Architectural Planning and the Use of a Standard Unit of Measurement - the "Ubaid cubit" in Mesopotamia
- The Ubaid Period (5500–4000 B.C.)
- Beyond the Ubaid
- Michael Roaf, Ubaid houses and temples(недаступная спасылка)