Эканоміка Мексікі
Мексіка з’яўляецца адной з найбуйнейшых эканомік свету і лічыцца рэгіянальнай дзяржавай сярэдняй магутнасці[1][2]. Паводле дадзеных Сусветнага банка даход у Мексіцы вышэйшы за сярэдні[3]. Мексіка з’яўляецца новай індустрыяльнай краінай[4][5][6] і новай сілай[7]. Па агульным аб’ёме ВУП (каля 2,5 млрд паводле ППЗ у 2018) Мексіка сёння займае 11 месца ў свеце, пераўзыходзячы Канаду і не саступаючы Італіі. Многія аналітыкі лічаць, што ў сярэдзіне ХХІ стагоддзя Мексіка перамясціцца на 5-7 месца. ВУП на душу насельніцтва — адзін з найвышэйшых у Лацінскай Амерыцы (каля 20 000 долараў). Эканоміка цесна звязана з краінамі-партнёрамі па Паўночнаамерыканскім пагадненні аб свабодным гандлі (НАФТА), асабліва з ЗША[8][9]. На ЗША прыходзіца каля 70 % мексіканскага экспарту і 55 % імпарту. У 1994 Мексіка першай з лацінаамерыканскіх краін была прынятая ў АЭСР, што робіць гонар яе гаспадарцы, нягледзячы на тое, што Мексіка па ключавых паказчыках — другая з канца ў АЭСР пасля Чылі. Каля 20 % насельніцтва краіны жыве за рысай беднасці.
Прамысловасць
Здабыўная
У здабыўной прамысловасці традыцыйна развітая здабыча каляровых металаў: срэбра, паліметалічных руд, сурмы, ртуці. Здабываюцца жалезная руда, сера, флюарыт (Мексіка — адзін з буйнейшых вытворцаў і экспарцёраў плавікавага шпату). Па здабычы нафты ў 2016 годзе (2,2 млн барэляў у дзень) Мексіка займала 14 месца ў свеце[10].
Апрацоўчая
Краіна валодае шматгаліновай прамысловасцю, якая грунтуецца на багатай сыравіннай базе і вялікіх рэзервах таннай працоўнай сілы. Аснову энергетыкі складаюць нафта і прыродны газ. Большая частка электраэнергіі выпрацоўваецца на ЦЭС. На прамысловай аснове дзейнічаюць геатэрмальныя і сонечныя станцыі.
У апрацоўчай прамысловасці найвялікшая роля машынабудавання, у структуры якога выдзяляюцца:
- традыцыйнае аўтамабілебудаванне. Мексіка збірае аўтамабілі амерыканскіх, японскіх і еўрапейскіх марак для аб’ёмістага ўнутранага рынку і экспарту ў ЗША ды краіны Цэнтральнай Амерыкі. Па агульнай вытворчасці аўтамабіляў (4 млн у 2017) Мексіка займае сёмае месца ў свеце і пры захаванні тэмпаў росту ў 2018 мусіць абысці прызнанага лідара — Паўднёвую Карэю. Па вытворчасці грузавых аўтамабіляў Мексіка ўваходзіць у тройку сусветных лідараў.
- інавацыйная электроніка. З пачатку нашага стагоддзя галіна электронікі дэманструе бурны рост. Мексіка займае шостае месца ў свеце па вытворчасці прадукцыі элетронікі і электратэхнікі: тут робяць планшэты, смартфоны, камп’ютары вядомых брэндаў. У 2011 годзе Мексіка экспартавала прадукцыі электронікі на 71 млрд долараў, што складала 30 % яе экспарту.
Буйныя нафтаперапрацоўчыя цэнтры сфарміраваліся на ўзбярэжжы Мексіканскага заліва.Нафтаперапрацоўка развіта недастаткова: з’яўляючыся адным з найбуйнейшых сусветных экспарцёраў нафты, Мексіка імпартуе нафтапрадукты. Традыцыйна развітыя цэментная, лёгкая, харчовая прамысловасць.
Сельская гаспадарка
У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства — кукуруза, рыс, фасоля, пшаніца, памідоры (асноўныя прадукты харчавання); экспартнае значэнне маюць соя, бавоўнік, кава, трапічная садавіна (цытрусавыя, манга, ананасы, папайю). Жывёлагадоўля прадстаўлена ў асноўным развядзеннем буйной рагатай жывёлы мяснога напрамку. Ва ўзбярэжных раёнах атрымала развіццё рыбалоўства. Развітыя лесанарыхтоўкі.
Транспарт
Асноўную ролю ў перавозках грузаў і пасажыраў адыгрывае аўтамабільны транспарт (паўночная і цэнтральная часткі краіны). Галоўныя чыгуначныя магістралі перасякаюць краіну з поўначы на поўдзень і злучаюць гарады Мексікі з ЗША. Мексіка знаходзіцца на скрыжаванні паветраных шляхоў з Паўночнага ў Паўднёвае паўшар’е. Густая сетка нафта- і газаправодаў злучае месцы здабычы з цэнтрамі перапрацоўкі і выкарыстання.
Зноскі
- ↑ «How to compare regional powers: analytical concepts and research topics» Архівавана 30 лістапада 2012.. British International Studies Association.
- ↑ Ministry of Foreign Affairs of Japan. mofa.go.jp
- ↑ «Country and Lending Groups». World Bank.
- ↑ Paweł Bożyk (2006). «Newly Industrialized Countries». Globalization and the Transformation of Foreign Economic Policy. Ashgate Publishing, Ltd. p. 164. ISBN 0-7546-4638-6.
- ↑ Mauro F. Guillén (2003). «Multinationals, Ideology, and Organized Labor». The Limits of Convergence. Princeton University Press. pp. 126 (Table 5.1). ISBN 0-691-11633-4.
- ↑ N. Gregory Mankiw (4th Edition 2007). «Principles of Economics». Mason, Ohio: Thomson/South-Western. ISBN 0-324-22472-9.
- ↑ «G8: Despite Differences, Mexico Comfortable as Emerging Power». Ipsnews.net.
- ↑ Mexico (05/09). US Department of State.
- ↑ CRS Report for Congress. Congressional Research Service.
- ↑ https://www.eia.gov/beta/international/data/browser/#/?pa=00000000000000000000000000000000002&c=ruvvvvvfvtvnvv1vrvvvvfvvvvvvfvvvou20evvvvvvvvvvvvuvo&ct=0&tl_id=5-A&vs=INTL.57-1-AFG-TBPD.A&vo=0&v=H&start=2014&end=2016
Літаратура
- Геаграфія мацерыкоў і краін : вучэб. дапам. для 8-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / А. А. Зыль [і інш.] ; пад рэд. П. С. Лопуха ; пер. з рус. мовы М. Л. Страхі. — 2-е выд., перапрац. — Мінск : Народная асвета, 2014. — 230 с. : іл. ISBN 978-985-03-2206-7..