Эльфы (Серадзем’е)

Эльфы (англ.: Elves) — у свеце Толкіна старэйшыя дзеці Ілуватара. Вольны народ Серадзем’я. Называлі себя «Квэндзі» (англ.: Quendi). Адпаведна, іх мова мае назву квэнья. Правобразам толкінаўскіх персанажаў сталі эльфы ірландскага і брытанскага фальклору.

Асаблівасці эльфаў

На самай справе эльфы — не бессмяротныя. Іх жыццё храналагічна роўнае існаванню Арды (фантастычнага свету, дзе жылі ўсе істоты, якіх прыдумаў Толкін). Калі знікне Арда, не стане і эльфаў. Такім чынам, іх жыццё расцягваецца на бясконцыя тысячагоддзі. Ніколі не хварэюць, паскорана папраўляюцца пасля ран. Маюць зрок і слых мацнейшыя, чым у людзей [1]. Добра валодаюць магіяй, могуць чытаць будучыню.

Сталеюць эльфы значна марудней, чым людзі. Прыкладна ў 50 год эльф набывае дарослы воблік (адпаведны чалавечаму юнацтву), у якім застаецца ўсё жыццё. Па мудрасці эльфы пераўзыходзяць людзей, але духоўнай сталасці дасягаюць, верагодна, ва ўзросце 3 000 гадоў. Да гэтага свет здаецца ім новым, прыгожым і цікавым, а пасля пачынае абцяжарваць сваёй аднастайнасцю і цыклічнымі паўторамі падзей. Менавіта таму, магчыма, Толкін называў «юнымі» эльфаў Першай і Другой Эпохі, калі большасці гэтых істот не было 3 000 гадоў. У Трэцюю Эпоху такіх маладых эльфаў амаль не засталося. Іх культура прасякнулася песімізмам і сумам.

Пасля 3000-гадовага «юнацтва» пачынаецца новы цыкл жыцця эльфа — «сталасць», якая скончваецца, верагодна, у 10 000 гадоў, пасля чаго пачынаецца «старасць». У тэкстах Толкіна згадваецца толькі адзін эльф, якому было больш за 10 000 гадоў, — Кірдан. У яго ўжо была барада — рыса, не ўласцівая эльфам.

Гісторыя народаў

Народы эльфаў: эльдар і авары
Народы эльфаў: эльдар і авары

У Серадзем’і эльфы лічацца самымі цудоўнымі істотамі. Былі створаныя Валарамі — пазней за гномаў, але раней набылі прытомнасць. Прачнуліся ля возера Куйвіэйнен і пабачылі зорнае неба, з тых часоў назаўсёды палюбілі зоркі. Спачатку баяліся Валараў, але потым большая частка іх (якая атрымала потым назву «Эльдар») перасялілася ў чароўную краіну Валінор. Частка эльфаў засталася ля возера і атрымала назву «Авары» («не прыняўшыя»). З Валінора многія перасяліліся ў Серадзем’е.

Першая Эпоха была эпохай эльфаў. У Другую іх культура пачала вянуць. У трэцюю эльфы сталі пакідаць Серадзем’е і вяртацца ў Валінор. Вядома, што ў Чацвёртую Эпоху эльфаў у Серадзем’і засталіся толькі адзінкі. Яны настолькі аслабелі, што сталі нябачныя чалавечаму воку, нібыта прывіды, якія блукаюць па Серадзем’і, усімі забытыя, і сумуюць аб былых часах, калі Серадзем’е было юным.

У часы Другой Эпохі яны выкавалі ўсе дзевятнаццаць пярсцёнкаў (Пярсцёнак Усеўладдзя выкаваў сам Саўран), і тры з іх дасталіся самім эльфам.

Да людзей эльфы спачатку ставіліся мірна, але пасля шматлікіх здрад прасякнуліся недаверам да іх.

Пасля Канца Свету эльфы далучацца да айнураў і сальюць з імі галасы ў Другой Мелодыі (Першая Мелодыя мела месца напярэдадні стварэння сусвету).

Зноскі

Спасылкі