Эскімоска-алеуцкія мовы
Эскімоска-алеуцкая сям’я | |
---|---|
Таксон | галіна |
Статус | агульнапрызнаная |
Арэал | Аляска, паўночная Канада, Грэнландыя, поўнач Далёкага Усходу Расіі |
Колькасць носьбітаў | блізу 85 000 чал. |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | ??? |
Склад | |
гл. артыкул | |
Коды моўнай групы | |
ISO 639-2 | — |
ISO 639-5 | esx |
Эскімоска-алеу́цкія мовы (таксама вядомыя як эскалеуцкія[1] альбо інуіцка-юпікска-унанганскія[2]) — адна з першасных моўных сем'яў, на мовах якой размаўляюць у Алясцы, поўначы Канады, Грэнландыі і ўсходнім ускрайку Чукоцкага паўвострава. Падзяляецца на дзве галіны — эскімоскую і алеуцкую.
Алеуцкая галіна ў сваім складзе змяшчае толькі адну мову — алеуцкую, распаўсюджаную на Алеуцкіх астравох і астравох Прыбылова, што на паўднёвы захад ад Аляскі. Мова падзяляецца на некалькі дыялектаў.
Эскімоская галіна мае падзел на дзве групы, юпікскую і інуіцкую. Юпікская група складаецца з некалькіх моваў, распаўсюджаных на захадзе і паўднёвым захадзе Аляскі, а таксама на ўсходзе Чукоткі. Інуіцкая група мае ў сваім складзе толькі адну мову (інуіцкая мова), распаўсюджаную на паўночны ўсход ад арэалу юпікскіх моваў, а менавіта на поўначы Аляскі, Канадзе і Грэнландыі. Інуіцкая мова ахоплівае вялікую тэрыторыю і падзяляецца на некалькі дыялектаў. Геаграфічна суседнія дыялекты лінгвістычна вельмі блізкія адзін да аднаго, тады як дыялекты краёў арэалу інуіцкае мовы (напрыклад, астравоў Дыяміда, што паміж Чукоткай і Аляскай, і ўсходу Грэнландыі) маюць вялікія адрозненні[3], праз што інуіцкую мову нярэдка могуць лічыць некалькімі асобнымі мовамі.
Існуе сірэніцкая мова, клясыфікацыя якой як эскімоска-алеуцкай даведзеная, аднак ня вызначаная яе пазыцыя адносна галінаў сям'і. Некаторымі даследаваннямі мова лічыцца як частка юпікскіх[4], тады як паводле іншых звестак мова лічыцца трэцяй, асобнай галіной у складзе эскімоска-алеуцкае сям'і нараўне зь юпікскай ды інуіцкай.
Паводле даследаванняў амерыканскага Цэнтру карэнных моваў Аляскі, агульная прамова (мова-продак) эскімоска-алеуцкіх моваў падзялілася на эскімоскую ды алеуцкую галіны прынамсі ў раёне 2000 г. да н. э.[3][5]. Каля 500—1000 гг. н.э. эскімоскія мовы падзяліліся на юпікскую, інуіцкую групы[5], а таксама, верагодна, на сірэніцкую мову.
Эскімоска-алеуцкія мовы ў культуралагічным і этнаграфічным плане адносяцца да адных з аўтахтонных моваў Паўночнай Амерыкі. Тым ня менш, у лінгвістычным дачыненні эскімоска-алеуцкія мовы ня маюць сувязяў з іншымі сем'ямі аўтахтонных моваў Паўночнай Амерыкі[5], а таксама, як лічыцца, прадстаўляюць зь сябе вынік апошняга дагістарычнага перасялення людзей з Азіі.
Унутраная класіфікацыя
Эскімоска-алеуцкія мовы падзяляюцца на дзве галіны — алеуцкую ды інуіцкую. Яны ў сваю чаргу маюць падзел на групы моваў або на асобныя мовы.
- Эскімоска-алеуцкая сям'я
- Алеуцкая галіна
- Заходнія, цэнтральныя (атканскі, атуанскі, унанганскі, бэрынгаўскі), усходнія (уналаскінскі, прыбылоўскі) дыялекты
- Эскімоская галіна
- Юпікская група
- Цэнтральна-юпікская мова
- Уласнацэнтральна-юпікскі дыялект/мова (таксама вядомы як югтун)
- Чэвацкая чупіцкая
- Нунівацкая чупіская
- Алютыцкая мова
- Юіцкая падгрупа/юіцкая мова (цэнтральна-сыбірская юпікская)
- Наўканская мова/дыялект
- Чаплінская мова/дыялект
- Сірэніцкая мова (часам лічыцца асобнай, трэцяй галіной, роўнай паводле статусу эскімоскай і алеуцкай)
- Цэнтральна-юпікская мова
- Інуіцкая група/мова
- Мова інупіят (або аляскінска-інуіцкія мовы)
- Кавіярак
- Інувіялуктун
- Кангір'юарміютун
- Сіглітун
- Уўмарміютун
- Інуктытут
- Нунатсіявуміютут
- Інутытут
- Калаалісут (грэнландская мова)
- Інуктун
- Тунуміісут
- Мова інупіят (або аляскінска-інуіцкія мовы)
- Юпікская група
- Алеуцкая галіна
Меркаванні наконт роднасці эскімоскіх і алеуцкіх моваў (і, адпаведна, складанні імі агульнага моўнага таксону) выказваліся з сярэдізны ХІХ ст. (Веніямінаў, Раск, Багараз, Іёхельсан). У 1951 годзе аднаразова і, хутчэй за ўсё, незалежна, з'явіліся два артыкулы К. Бэргслянда й Г. Марша ды М. Сўодэша, пасля якіх гэтую роднасць можна лічыць даведзенай. Алеуцкая й эскімоскія мовы на цяперашні момант не з'яўляюцца ўзаемназразумелымі.
Мяжа паміж інуіцкімі й юпікскімі мовамі праходзіць праз пасёлак Уналакліт, што на захадзе Аляскі.
Пытанне знешняй класіфікацыі
Эскімоска-алеуцкія мовы ня маюць лінгвістычных сувязяў з любой іншай прызнанай лінгвістамі моўнай сям’ёй у свеце (напрыклад, індаэўрапейскай); у прыватнасці, у лінгвістыцы існуе згода наконт адсутнасці сувязяў з моўнымі сем’ямі Паўночнай Амерыкі. У расійскай лінгвістычнай літаратуры эскімоска-алеуцкія мовы адносяць да палеаазіяцкіх, што, аднак, засноўваецца на тэрытарыяльнай прыкмеце.
Незважаючы на гэта, у лінгвістыцы высоўваюцца гіпотэзы па знаходжанні роднасці між эскімоска-алеуцкай ды іншымі моўнымі сем'ямі і, такім чынам, аб’яднанні іх у вышэйшыя таксоны — макрасем’і. У падобных гіпотэзах звычайна разглядаюцца мовы Еўразіі або Паўночнай Амерыкі.
Так, у 1818 годзе дацкі лінгвіст Расмус Раск заўважыў наяўнасць падабенстваў між грэнландскай і фінскай мовамі (апошняя ўваходзіць ва ўральскую сям’ю).
Зь іншых падобных гіпотэзаў адзначаецца ўрала-сыбірская гіпотэза, сфармуляваная брытанскім лінгвістам-паўночназнаўцам Майклам Фортэск’ю ў 1998 годзе. У 2000—2002 гадох амэрыканскім лінгвістам Джозэфам Грынбэргам была прапанаваная гіпотэза еўраазіяцкіх моваў, у якую ўваходзяць, апрача эскімоска-алеуцкіх, усе моўныя сем’і паўночнай Еўразіі за выняткам енісейскіх.
Нідэрландскім лінгвістам Крыстыянам Уленбэкам прапаноўвалася сувязь эскімоска-алеуцкіх зь меркаванай урала-алтайскай макрасям'ёй на аснове шэрагу падобных суфіксаў; падобная гіпотэза падтрымлівалася й Арэльенам Саважо, але ўжо па прыкмеце нібыта поўнай структурнай ідэнтычнасці сыстэмы спражэння, прыналежных формаў імя, супадзенняў у спосабе ўтварэння прыналежнае канструкцыі. Падобная вэрсія падзялялася Т. Ульвінгам, які ўказваў, што градацыя зычных у эскімоскіх адносіцца да таго ж тыпу, што й ва ўральскіх. Тым ня менш, два апошнія даследчыкі дапускалі недакладнасці ў перадачы эскімоскіх словаў. Гіпотэзу сувязі з урала-алтайскімі мовамі падтрымліваў Бэргслянд — на аснове значнай структурнай ідэнтычнасці па ўсіх узроўнях, з прыцягненнем алеуцкага матэрыялу.
Фортэск'ю, грунтуючыся на падабенстве марфалагічных паказчыкаў (у прыватнасці склонавых), прадпрымаў спробу збліжэння эскімоска-алеуцкіх з юкагірскімі мовамі (усход Якутыі, Расія).
Расійскі лінгвіст Алег Мудрак абгрунтоўвае настратычнае паходжанне базіснае лексыкі, пры гэтым яна аказваецца асабліва блізкай да алтайскай[6]
Ставіліся спробы абгрунтаваць сувязь эскімоска-алеуцкіх моваў з індаеўрапейскімі. Так, Уленбэк знаходзіў між сем'ямі 40 лексычных сыходжанняў, Талбітцэр налічваў каля 60 агульных каранёў з улікам паправак у матэрыял Уленбэка і ўлікам новых звестак індаеўрапэістыкі (гецкая мова). Гамэрыг знаходзіў сыходжанні ў галіне структуры слова, указваў на мажлівасць існавання ў праіндаеўрапейскай мове склонавае сістэмы эскімоскага тыпу, прыцягваў ларынгалы для тлумачэння ўвулярных у эскімоскіх.
У 1960 годзе амэрыканскім лінгвістам і антраполагам Морысам Сўодэшам была прапанаваная сувязь эскімоска-алеуцкіх моваў з ўакаскімі мовамі (усход Брытанскае Калумбіі). Гэтая тэорыя была падтрыманая і пашыраная Янам Генрыкам Гольстам[7].
Н. Хольмэр ставіць спробы збліжэння эскімоскіх з мовамі кечуа і квакіютль. Гэтае збліжэнне ажыццяўляецца хутчэй у тыпалагічным плане, але не выключае й генэтычныя сувязі.
Асноўныя рысы
Дзве галіны ў складзе сям'і — алеуцкая й эскімоскія мовы — паспелі разысціся да такой ступені, што маюць адрозненне прыкладна на ўзроўні адрозненняў турэцкай і японскай моваў[8]. Тым ня менш, абедзве галіны маюць агульныя як фанетычныя, так і граматычныя рысы, што дало падставу для іх аб'яднання ў адзіную сям'ю.
Мовы эскімоска-алеуцкае сям'і ў марфалагічным плане адносяцца да полісінтэтычных моваў[9], словаўтварэнне — выключна суфіксальнае (за выключэннем адной прыстаўкі ў інуктытуце, якая ўзнікае ў займенніках). Абедзве галіны ў складзе сям'і характарызуюцца як аглютынацыйныя, пры гэтым эскімоскія маюць большыя адхіленні ў бок фузіі. Колькасць марфалагічных парадкаў у эскімоскіх большая за алеуцкую; асноўныя іменныя катэгорыі — склон, лік, прыналежнасць, час, лад, транзытыўнасць, каўзатыўнасць, мадальнасць, фазавасць, якасныя й ацэнкавыя характарыстыкі дзеяння — у абедзвюх галінах падобныя.
Кожнае слова павіннае змяшчаць адзін корань, які ставіцца ў пачатак слова[10]. Эскімоска-алеуцкія мовы маюць адносна невялікую колькасць каранёў — напрыклад, цэнтральна-юпікская мова мае толькі прыблізна 2000 каранёў[11]. Аднак маюцца дадатковыя часціцы, якія дапасоўваюцца да каранёў і дапаўняюць ягоны сэнс; у выпадку, калі значэнне слова патрабуе наяўнасці толькі гэтае часціцы, дадаецца нейтральны корань (напрыклад, pi у цэнтральна-юпікскай ды інуктытуце).
Пасля падобных часціцаў месцяцца суфіксы, якія маркіруюць склон (у назоўніку) або асобу і лад (у дзеясловах). Колькасць склонаў адрозніваецца ў залежнасці ад мовы: напрыклад, алеуцкія мовы маюць меншую колькасць склонаў, чым у эскімоскіх. У граматыцы адзначаецца эргатыўная тыпалогія. Ва ўсіх эскімоска-алеуцкіх мовах маецца абавязковае ўзгадненне дзеяслову з агенсам ды пацыенсам у пераходных клаўзах — для гэтае мэты існуюць спэцыяльныя суфіксы, што выкарыстоўваюцца ў даданых сказах.
У канцы словаў могуць дадавацца клітыкі, напрыклад, са значэннем «але».
Фаналагічна эскімоска-алеуцкія мовы маюць падабенствы з іншымі мовамі Паўночнай Амерыкі і Далёкага Ўсходу Расіі. З галосных адзначаюцца толькі /a, i, u/, аднак у некаторых юпікскіх дыялектах маецца таксама й /ə/. У мовах эскімоска-алеуцкае сям'і адсутнічаюць абруптыўныя зычныя, але ёсць глухія выбухныя ў білябіяльнай, пярэднеязычнай, вэлярнай і ўвулярнай пазыцыях; выключэнне складае алеуцкая мова, фанетыка якой страціла білябіяльныя выбухныя, але захавала насавыя. На вышэйпамянёных пазыцыях існуе супрацьпастаўленне звонкіх і глухіх фрыкатываў, фанетычныя лады эскімоскіх моваў маюць таксама глухі альвэалярны латэральны фрыкатыў. Шматлікія дыялекты алеуцкай і юпікскай моваў маюць супрацьпастаўленне глухіх насавых.
Дадатковыя звесткі
Эскімоскія мовы занесеныя ў Кнігу рэкордаў Гінэса як адныя з найскладанейшых моваў сьвету. У рэкордным сьпісе яны згадваюцца разам з мовамі чыпэва, гайда, табасаранскай і кітайскай мовамі.
Зноскі
- ↑ Fleming, Harold C. 4.1/2 // Towards a definitive classification of the world's languages. — Diachronica, 1987. — С. 159—223.
- ↑ Пераважна ў англамоўнай лінгвістычнай літаратуры, гл. напрыклад Gary Holton.. Overview of Comparative Inuit-Yupik-Unangan (англ.). University of Alaska Fairbanks (21 студзеня 2014).
- ↑ а б Kaplan, Lawrence. Inupiaq and the Schools — A Handbook for Teachers / McGary, Jane. — Alaska Native Language Center, University of Alaska Fairbanks, 1984.
- ↑ Напрыклад, паводле Ethnologue.
- ↑ а б в Jacobson, Steven. Central Yupik and the Schools — A Handbook for Teachers. — Alaska Native Language Center, University of Alaska Fairbanks, 1984.
- ↑ Oleg A. Mudrak. 3 // Kamchukchee and Eskimo Glottochronology and Some Altaic Etymologies Found in the Swadesh List. — Аспекты компаративистики. — М.: изд. РГГУ, 2008. — С. 297-336.
- ↑ Jan Henrik Holst. Einführung in die eskimo-aleutischen Sprachen. — Buske Verlag.
- ↑ М. Т. Дьячок, В. В. Шаповал. Основные положения генеалогической классификации языков. — Генеалогическая классификация языков. — Новосибирск, 2002. — С. 32.
- ↑ Mattissen, Johanna. Ontology and Diachrony of Polysynthesis / Wunderlich, Dieter. — Advances in the Theory of the Lexicon. — С. 291-294. — ISBN 3-11-019019-2.
- ↑ Mattissen, Johanna. Dependent–Head Synthesis in Nivkh: A Contribution to a Typology of Polysynthesis. — С. 282. — ISBN 90-272-2965-1.
- ↑ Garry, Jane; Rubino, Carl R. Galvez. Facts about the World's Languages. — An Encyclopedia of the World's Major Languages. — С. 842-844. — ISBN 0-8242-0970-2.
Літаратура
- Bernet, John W. An Anthology of Aleut, Eskimo, and Indian Literature of Alaska in English Translation. — Fairbanks, Alaska, 1974.
- Conference on Eskimo Linguistics, and Eric P. Hamp. Papers on Eskimo and Aleut Linguistics. — Chicago: Chicago Linguistic Society, 1976.
- Dumond, Don E. On Eskaleutian Linguistics, Archaeology, and Prehistory. — 1965.
- Fleming, Harold C. 4.1/2 // Towards a definitive classification of the world's languages. — Diachronica, 1987. — С. 159-223.
- Fortescue, Michael D. Some Problems Concerning the Correlation and Reconstruction of Eskimo and Aleut Mood Markers. — København: Institut for Eskimologi, Københavns Universitet, 1984. — ISBN 87-87874-10-5.
- Fortescue, Michael D., Steven A. Jacobson, Lawrence D. Kaplan. Comparative Eskimo Dictionary with Aleut Cognates. — Fairbanks, Alaska: Alaska Native Language Center, University of Alaska, Fairbanks, 1994. — ISBN 1-55500-051-7.
- Fortescue, Michael. Language Relations across Bering Strait: Reappraising the Archaeological and Linguistic Evidence. — London and New York: Cassell, 1998. — ISBN 0-304-70330-3.
- Greenberg, Joseph H. Volume 1: Grammar // Indo-European and Its Closest Relatives: The Eurasiatic Language Family. — Stanford, California: Stanford University Press, 2000.
- Greenberg, Joseph H. Volume 2: Lexicon // Indo-European and Its Closest Relatives: The Eurasiatic Language Family. — Stanford, California: Stanford University Press, 2002.
- Holst, Jan Henrik. Einführung in die eskimo-aleutischen Sprachen. — Hamburg: Buske, 2005.
- Marsh, Gordon H. The Linguistic Divisions of the Eskimo–Aleut Stock. — 1956.
- Swift, Mary D. Time in Child Inuktitut: A Developmental Study of an Eskimo–Aleut Language. — Studies on Language Acquisition 24. — Berlin: Mouton de Gruyter, 2004. — ISBN 3-11-018120-7.
- Меновщиков Г. А. Эскимосско-алеутские языки. — Языки Азии и Африки. — М., 1979. — Т. ІІІ.
- Bergsland K. 61 // The Eskimo-Uralic Hypothesis. — Journal de la Societe Finno-Ougrienne. — 1959.
- Hammerich L. L. The Eskimo Language. — Oslo, 1970.
- Hamp E. P. On Eskimo-Aleut and Luoravetlan / Eric P. Hamp. — Papers on Eskimo and Aleut Linguistics. — Chicago: Chicago Linguistic Society, 1976. — С. 81-92.
- Holst, J. H. Einführung in die eskimo-aleutischen Sprachen. — Hamburg, 2005.
- Krauss M. 2 // Eskimo-Aleut. — Current Trends in Linguistics. — 1973. — Т. Х.
- Swadesh M. 17-18 // Unaaliq and Proto-Eskimo. — International Journal of American Linguistics. — 1951-1952. — Т. I—V.
- Vakhtin N. B., Golovko E. V. 11 // The Relations in the Yupik Eskimo Sub-Group According to Lexicostatistics. — Études Inuit Studies. — 1987. — Т. 1.
- Woodbury A. Eskimo-Aleut / D. Damas. — Handbook of American Indian Languages.
Спасылкі
- Н. Б. Вахтин. Эскимосско-алеутские языки. — Языки мира. Палеоазиатские языки. — М.: Philology.ru — Русский филологический портал, 1997. — С. 72-75. (руск.)
- Eskimo-Aleut — MultiTree Архівавана 23 ліпеня 2011. (англ.)