Ядловец
Ядловец | ||||||||||||||
Juniperus chinensis | ||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | ||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Міжнародная навуковая назва | ||||||||||||||
Сінонімы | ||||||||||||||
Тыпавы від | ||||||||||||||
|
Ядло́вец[1], ядлаве́ц (Juniperus) — род хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя (Cupressaceae).
Апісанне
Вечназялёныя дрэвы вышынёй 10—12, радзей да 30 м, ці кусты, часам сцелістыя. Дыяметр ствала да 0,5 м. Каранёвая сістэма моцная і глыбокая. Драўніна чырванаватая або бураватая, трывалая, духмяная. Большасць відаў — двухдомныя. Крона разнастайнай формы. Парасткі падоўжаныя. Лісце іглападобнае або шылападобнае, часам дарослае лісце лускападобнае, а ювенільнае — іглападобнае, звычайна накрыж супраціўнае або ў кальчаках па 3, застаецца на парастках да 5-6 гадоў. Мікрастробілы дробныя, авальныя. Пасля апладнення мегастробілы зрастаюцца паміж сабой і ўтвараюць сакаўныя шышкі (часам іх называюць шышкаягадамі або ядлоўцавымі ягадамі).
Мужчынскія шышкі дробныя, даўжынёй 0,5-8 мм, акруглыя або прадаўгаватыя, жаўтаватыя. Жаночыя шышкі (шышкаягады), даўжынёй 3-25 мм, акруглыя або авальныя, звычайна не раскрываюцца, сакавітыя, сінія, радзей чырванаватыя, звычайна з шызым налётам, спеюць у розных відаў на працягу 1-3 гадоў пасля апылення. Пасля выспявання ападаюць цалкам. Насенне бяскрылае.
Пашырэнне
Малапатрабавальныя да ўрадлівасці і вільготнасці глебы, засухаўстойлівыя, святлалюбныя расліны. Налічваецца 50-70 відаў, шырока распаўсюджаных пераважна ў горных абласцях умераных і субтрапічных рэгіёнаў Паўночнага паўшар’я. Часта вырошчваецца ў культуры, дзе прадстаўлены вялікай колькасцю сартоў. На тэрыторыі Беларусі адзін абарыгенны від — ядловец звычайны (Juniperus communis), утварае падлесак у хвойных і мяшаных лясах, радзей — на пераходных балотах амаль па ўсёй тэрыторыі за выключэннем паўднёвага ўсходу; таксама інтрадукавана каля 20 відаў.
Растуць марудна, жывуць да 500—1000 гадоў. Пыленне ў маі — чэрвені (у некаторых відаў восенню).
Захворванні
Выкарыстанне
Тэхнічныя, лекавыя, дэкаратыўныя расліны. Драўніна трывалая, устойлівая супраць насякомых і гніення. Салодкія пахучыя шышкаягады ядлоўца выкарыстоўваюць у харчовай і парфумернай прамысловасці; лісце і маладыя парасткі, багатыя эфірнымі алеямі, што ачышчаюць паветра ад мікробаў — у медыцыне, ветэрынарыі і парфумерыі.
Расліны аказваюць аздараўляльны ўплыў на лес — выдзяляюць фітанцыдаў больш за іншыя хвойныя. Гарадскія ўмовы пераносяць здавальняюча.
Крыніцы
- ↑ Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 70. — 160 с. — 2 350 экз.
Літаратура
- Ядловец // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — С. 242. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
- Можжевельник // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
Спасылкі
- ЯДЛОВЕЦ на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларуская энцыклапедыя»