Лістоўніца

Лістоўніца

Лістоўніца еўрапейская (Larix decidua)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Larix Mill., 1754

Тыпавы від

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  183409
NCBI  3325
EOL  34193
IPNI  31974-1
FW  83628

Лістоўніца[1] (Larix) — род голанасенных хвойных раслін сямейства хваёвых.

Апісанне

Хвойныя лістападныя аднадомныя дрэвы вышынёй 35–50 м, дыяметрам ствала да 1 м. Каранёвая сістэма моцна разгалінаваная, глыбокая, са стрыжнёвым коранем. Ствол прамы, поўнадраўнінны. Драўніна з вялікім чырванаватым ядром і вузкай светлай абалонай, цвёрдая, высокатрывалая, устойлівая да гніення. Крона конусападобная або цыліндрычная. Парасткі падоўжаныя і ўкарочаныя. Лісце (ігліца) мяккае, плоскае, на падоўжаных парастках размяшчаецца спіральна, на ўкарочаных — пучкамі па 20–40 шт. Лісце распускаецца рана вясной, перад восеньскім лістападам жоўкне і ападае. Лістоўніца адрозніваецца ад іншых хваёвых дрэў тым, што кожную восень поўнасцю скідвае ігліцу.

Шышкі і каласкі ўвесну.

Мужчынскія і жаночыя шышкі з’яўляюцца адначасова з ігліцай. Мужчынскія каласкі дробныя, 5–8 мм у дыяметры, авальныя або шарападобныя, жаўтаватыя, размешчаны на ўкарочаных парастках. Пылок без паветраных мяшкоў. Жаночыя шышкі акруглыя або прадаўгаватыя, ад 1 да 10 см даўжынёй, маладыя — чырванаватыя, ружовыя, зялёныя, спелыя — бурыя, прамастаячыя, спеюць восенню ў год апылення. Пасля выспявання застаюцца на дрэве 2–4 гады і ападаюць цалкам. Насенне дробнае, крылатае.

Пашырэнне

Налічваецца 10–15 відаў, вельмі шырока распаўсюджаных у халодных і ўмераных абласцях Еўразіі і Паўночнай Амерыкі. Многія віды з’яўляюцца важнейшымі лесаўтваральнымі пародамі. Вырошчваюць у лясных культурах і як дэкаратыўнае дрэва ў садах і парках. На Беларусі 13 інтрадукаваных відаў, найбольш пашыраныя: лістоўніца еўрапейская (Larix decidua), сібірская (Larix sibirica), японская (Larix kaempferi). Цвіце лістоўніца ў сакавіку—маі, адначасова з распусканнем пупыршак.

Малапатрабавальная да ўрадлівасці і вільготнасці глебы, святлалюбная, марозаўстойлівая. Адчувальная да забруджвання, але ў параўнанні з іншымі хваёвымі лепш вытрымлівае гарадскія ўмовы.

Жывуць дрэвы да 450 і больш гадоў, у аптымальных умовах да 950 гадоў.

Захворванні

Выкарыстанне

Драўніна моцная, трывалая да гніення. Выкарыстоўваецца для падводных збудаванняў (Венецыя стаіць на лістоўнічных па́лях), у караблебудаванні, для вырабу паркету, мэблі і інш. Пры падсочцы ствол дае каштоўную жывіцу (тэрпенцін), з якой атрымліваюць шкіпінар і каніфоль. Шырока прымяняецца ў дэкаратыўным азеляненні і ахоўным лесаразвядзенні.

Крыніцы

  1. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 71. — 160 с. — 2 350 экз.

Спасылкі