Грамадзянская вайна ў Руандзе

Грамадзянская вайна ў Руандзе
Міратворчыя сілы ААН на ваенных грузавіках у лагеры бежанцаў (уверсе); Целы руандыйскіх бежанцаў (унізе злева); Школьны клас, які згарэў (унізе справа).
Дата 1 кастрычніка 199018 ліпеня 1994
Месца Руанда
Вынік Перамога Руандыйскага Патрыятычнага Фронту (РПФ), падпісанне Арушскіх пагадненняў, канец генацыду ў Руандзе.
Праціўнікі

Руандыйскі патрыятычны фронт
Руанда Руанда
Заір Заір (1990–91)
Францыя Францыя (да 1994)
Камандуючыя
Фрэд Руіг’ема †
Поль Кагамэ
Руанда Жувеналь Хаб'ярымана †
Руанда Тэанестэ Багасара
Сілы бакоў
каля 20 000 салдат РПФ каля 35 000 салдат Узброеных Сіл Руанды
Агульныя страты
каля 7 500 забітых салдат з абодвух бакоў
15 забітых міратворцаў МААНпР

Грамадзя́нская вайна́ ў Руа́ндзе — ваенны канфлікт, які насіў характар грамадзянскай вайны і меў месца ў Руандзе з 1 кастрычніка 1990 года па 18 ліпеня 1994 года паміж дзяржаўнымі Узброенымі Сіламі Руанды і паўстанцамі Руандыйскага Патрыятычнага Фронту (РПФ). Адной з галоўных прычын вайны з’яўляліся старыя рознагалоссі, якія цягнуліся шмат гадоў паміж этнічнымі групамі хуту і тутсі, якія складалі большасць насельніцтва Руанды. Руандыйская Рэвалюцыя 1959–1962 гадоў прывяла да таго, што манархія на чале з тутсі была зрынута і заменена рэспублікай на чале з хуту. У выніку гэтага, больш за 336 000 тутсі былі вымушаныя шукаць прытулак у суседніх краінах. Менавіта такая група бежанцаў-тутсі ва Угандзе і стварыла Руандыйскі Патрыятычны Фронт (РПФ) на чале з Фрэдам Руіг’емам і Полем Кагамэ. Пад канец 1980-х гадоў гэта арганізацыя стала цалкам баяздольнай арміяй.

Вайна пачалася 1 кастрычніка 1990 года, калі РПФ уварваўся ў паўночна-ўсходнюю частку Руанды, прайшоўшы 60 км па тэрыторыі краіны. Зрэшты, паспяховае наступленне хутка было спынена ўжо на другі дзень, калі быў забіты Фрэд Руіг’ема — адзін з лідараў РПФ. Узброеныя Сілы Руанды, якім актыўна дапамагалі войскі з Францыі, атрымалі перавагу і амаль цалкам разбілі РПФ ужо пад канец кастрычніка. Поль Кагамэ на той момант знаходзіўся ў Злучаных Штатах Амерыкі, адкуль вымушаны быў вярнуцца, каб узяць камандаванне войскамі пад уласны кантроль. Ён адвёў армію РПФ у горы Вірунга на некалькі месяцаў, дзе яна рыхтавалася да контрнаступлення. РПФ пачала партызанскую вайну, якая працягвалася аж да сярэдзіны 1992 года, прычым ніводны з бакоў канфлікту не мог атрымаць перавагу. Серыя пратэстаў прымусіла Прэзідэнта Руанды Жувеналя Хаб’ярыману пачаць мірныя перагаворы з РПФ, а таксама з апазіцыйнымі партыямі самой Руанды. Нягледзячы на перашкоды, у тым ліку, і шматлікія забойствы людзей, што чынілі прадстаўнікі руху «Моц хуту» — экстрэмісцкай арганізацыі, якая была супраць любых дамоваў, — і нягледзячы на новае наступленне РПФ у пачатку 1993 года, перагаворы паспяхова скончыліся падпісаннем Арушскіх пагадненняў.

Пасля гэтага ўсталяваўся нестабільны мірны перыяд, на працягу якога Арушскія пагадненні паступова выконваліся. Войскі РПФ размясцілі лагер у Кігалі, а міратворчая Місія Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па Руандзе (МААНпР) была ўведзена на тэрыторыю краіны. Тым часам, рух «Моц хуту» паступова набіраў уплыў і планаваў «канчатковае вырашэнне пытання» з тутсі метадам фізічнага вынішчэння апошніх. План пачалі ажыццяўляць адразу жа пасля забойства Прэзідэнта Хаб’ярыманы 6 красавіка 1994 года. На працягу перыяду каля 100 дзён адбываўся генацыд у Руандзе, ахвярамі якога сталі, па розных падліках, ад 500 000 да 1 000 000 тутсі і ўмераных хуту. На фоне гэтых падзей РПФ неадкладна працягнуў грамадзянскую вайну. Асновай іх дзеянняў стаў паступовы захоп тэрыторыі праз акружэнне гарадоў і перакрыццё шляхоў забеспячэння. Пад сярэдзіну чэрвеня войскі РПФ акружылі сталіцу краіны, Кігалі, а 4 ліпеня занялі яе. У ліпені жа вайна і скончылася, калі РПФ заняў апошнія тэрыторыі, што кантраляваў часовы ўрад, які быў вымушаны збегчы ў Заір разам з, так званымі, генацыднікамі.

Такім чынам, РПФ на чале з Полем Кагамэ перамог у барацьбе за кантроль над краінай. Кагамэ фармальна займаў пасаду віцэ-прэзідэнта з 1994 па 2000 гады, але ў рэальнасці наўпрост кіраваў краінай. Была распрацавана праграма аднаўлення інфраструктуры і эканомікі краіны, адначасова ішлі судовыя справы над выканаўцамі генацыду і спробы дасягнення згоды паміж хуту і тутсі. У 1996 годзе ўрад Руанды, якім фактычна кіраваў РПФ на чале з Кагамэ, пачаў наступленне на лагер бежанцаў у Заіры, дзе жылі беглыя лідары папярэдняга рэжыму і мільёны этнічных хуту, што схаваліся, баючыся помсты за генацыд. Так пачалася Першая кангалезская вайна, у выніку якой быў зрынуты дыктатарскі рэжым Прэзідэнта Заіра Мабуту Сесе Секо. Зрэшты, сам Поль Кагамэ пайшоў падобным шляхам, устанавіўшы ў Руандзе асабістую дыктатуру. Па стане на красавік 2020 года, РПФ са сваім нязменным лідарам усё яшчэ маюць манаполію на рэальную ўладу ў Руандзе.

Перадгісторыя

Руанда ў перыяд да дасягнення незалежнасці і паходжанне хуту, тутсі і тва

Рэканструкцыя палаца Караля Руанды ў горадзе Ньянза.

Найстаражытнейшым народам, які калісьці пражываў на тэрыторыі Руанды, быў народ тва — група карэнных пігмеяў паляўнічых-збіральнікаў, якія засялілі тэрыторыю Руанды ў перыяд прыкладна паміж 8000 і 3000 гг. да н. э., прычым пражываюць у Руандзе і дагэтуль[1][2]. Паміж 700 г. да н. э. і 1500 г. н. э. некалькі груп банту мігравалі ў Руанду і пачалі вырубаць лес, каб займацца сельскай гаспадаркай[3][2]. Гісторыкі маюць некалькі тэорый наконт прыроды міграцый банту: больш старая тэорыя сцвярджае, што першымі насельнікамі былі хуту, калі тутсі мігравалі пазней і сфарміравалі выразную расавую групу, магчыма, кушыцкага паходжання[4]. Больш новае даследаванне сцвярджае, што міграцыя з суседніх раёнаў была павольная, але стабільная, таму этнічныя групы сталі генетычна блізкія адна да адной[5] і, хутчэй, інтэграваліся адна ў адну, а не ажыццяўлялі асіміляцыю карэнных народаў[6][2]. У адпаведнасці з гэтай тэорыяй, адрозненні паміж хуту і тутсі праявіліся пазней і мелі не расавы, а класавы або каставы характар: тутсі займаліся жывёлагадоўляй, калі хуту апрацоўвалі зямлю[7][8]. Хуту, тутсі і тва ў Руандзе пераважна размаўляюць на адзінай мове, вядомай пад назвай руанда  (англ.)[9].

Насельніцтва аб’ядналася спачатку ў кланы (ubwoko)[10], а потым, прыкладна да пачатку XVIII ст., у восем каралеўстваў[11]. Адно з каралеўстваў, Каралеўства Руанда, знаходзілася пад панаваннем клана тутсі Ньігінья і пачало імкліва дамінаваць на мясцовай палітычнай арэне прыкладна з сярэдзіны XVIII ст.[12] і пашырацца праз заваяванні і асіміляцыю[13], дасягнуўшы найбольшага росквіту за часам панавання Караля Кігелі IV  (англ.) (18531895 гг.). Кігелі пашырыў межы каралеўства на захад і поўнач[14][12] і ініцыяваў адміністрацыйныя рэформы; яны ўключалі ў сябе «убухакэ  (англ.)», калі тутсі абвяшчаліся ўласнікамі буйнога рагатага быдла, атрымліваючы такім чынам прывеліяваны статус, а хуту і іншыя кліенты тутсі выкарыстоўваліся для эканамічных або асабістых патрэб[15], і «убурэтва» — класавую сістэму, калі хуту прымушалі працаваць на босаў-тутсі[14]. Рэформы Кігелі IV паглыбілі сацыяльна-эканамічную і сілавую бездань паміж папуляцыямі хуту і тутсі[14].

Па выніках Берлінскай канферэнцыі 1884 года Руанда і суседняя Бурундзі перайшлі пад кантроль Германіі, якая ўмацавалася там у 1897 годзе, заключыўшы саюз з мясцовым Каралём. Германскі разлік быў у тым, каб кіраваць тэрыторыяй праз марыянетачную Руандыйскую манархію, што дазволіла бы дасягнуць паспяховых вынікаў каланізацыі з выкарыстаннем меншай колькасці нямецкіх войскаў. Каланісты абралі для падтрымання сваёй улады прадстаўнікоў тутсі, прызначыўшы іх на адміністрацыйныя пасады, бо верылі, што тутсі з’яўляюцца мігрантамі з Эфіопіі і маюць расавыя перавагі над хуту. Руандыйскі Кароль цёпла прыняў прыход немцаў і выкарыстаў армію Германскай імперыі для ўмацавання свайго панавання і пашырэння меж свайго каралеўства.

Падчас Першай сусветнай вайны бельгійскія войскі атрымалі кантроль над Руандай і Бурундзі, а з 1926 года Бельгія пачала палітыку больш прамога кіравання калоніямі, у параўнанні з Германіяй. Вельмі важная роля адводзілася бельгійцамі духавенству Каталіцкай Царквы. Пачалася мадэрнізацыя лакальнай эканомікі, якая спалучалася з павелічэннем падаткаў і ўвядзеннем прымусовай працы для карэннага насельніцтва. Тым не менш, паколькі манархічная Бельгія мела пэўную эмпатыю да манархічнай жа Руанды, ніякага ціску на эліты тутсі каланіяльная адміністрацыя не аказвала, што прывяло да таго, што хуту сталі адчуваць сябе яшчэ больш прыгнечанымі. У 1935 годзе Бельгія ўвяла на тэрыторыі Руанды ідэнтыфікацыйныя карткі, у якіх пазначалася адна з чатырох ідэнтычнасцей: «тутсі», «хуту», «тва» або «натуралізаваны». Калі раней заможным хуту яшчэ было магчыма ажыццявіць «пераход» і стаць тутсі, ідэнтыфікацыйныя карткі спынілі ўвесь далейшы рух паміж класамі.

Рэвалюцыя, выгнанне тутсі і рэспубліка на чале з хуту

Пасля 1945 года сфарміраваліся контр-эліты, якія з’яўляліся этнічнымі хуту. Яны пачалі патрабаваць трансферу ўлады ад тутсі да хуту. Эліты тутсі адрэагавалі на гэта спробай як мага хутчэй абвясціць незалежнасць Руанды як дзяржавы, але праблема была ў тым, што Бельгія больш не падтрымлівала іх. Адначасова назіраліся зрухі ўнутры мясцовых структур Каталіцкай Царквы, калі відныя кансерватыўныя лакальныя іерархі пачалі натуральным чынам замяняцца больш маладым клірам — пераважна выхадцамі з рабочага класу. Сярод бельгійскіх каталіцкіх місіянераў колькасна пераважалі фламандцы, а не валоны. Прынята лічыць, што фламандцы сімпатызавалі прыгнечаным хуту, бо самі, у пэўнай ступені, дыскрымінаваліся ў Бельгіі. У лістападзе 1959 года хуту пачалі серыю бунтаў і падпалаў дамоў тутсі. Фармальнай прычынай сталі плёткі (як высветлілася пазней, хлуслівыя) аб забойстве паважанага актывіста мясцовых хуту (замах на яго жыццё сапраўды быў, але смерць прычынена не была). Выступленні хутка распаўсюдзіліся па ўсёй краіне, што і дало пачатак Руандыйскай рэвалюцыі. Кароль і набліжаныя да яго тутсі адрэагавалі на гэта адпаведнай агрэсіяй, каб спыніць хуту і тых бельгійцаў, якія падтрымлівалі апошніх. Зрэшты, па запрашэнні каланіяльнага губернатара ў Руанду прыбыў бельгійскі палкоўнік Гіём Лажы, які адразу жа ўсталяваў закон і парадак і спыніў Караля Руанды. Адначасова з гэтым Лажы пачаў праграму адкрытай падтрымкі і пратэкцыі эліт хуту. У тым ліку, па ініцыятыве Гіёма Лажы многія тутсі былі знятыя з пасад і замененыя на хуту, а Кароль Кігелі V адправіўся ў выгнанне.

Палкоўнік Гіём Лажы і лідар мясцовых хуту Грэгуар Кайібанда абвясцілі аўтаномную рэспубліку ў складзе Бельгіі ў 1961 годзе, а ўжо ў 1962 годзе рэспубліка атрымала незалежнасць. Больш за 336 000 тутсі пакінулі Руанду да надыходу 1964 года, каб пазбегнуць прыгнёту з боку хуту, прычым кірункамі міграцыі тутсі былі пераважна суседнія краіны: Бурундзі, Уганда, Танзанія і Заір. Тактыка тутсі ў эміграцыі была самая розная: хтосьці атрымліваў статус бежанца і заставаўся жыць у новай краіне, хтосьці натуралізаваўся і атрымліваў мясцовае грамадзянства, а некаторыя прагнулі вярнуцца на радзіму, прычым звычайна тутсі, якія вярталіся ў Руанду, дэманстравалі поўную лаяльнасць да новага рэжыму. Зрэшты, былі і такія, хто аб’ядноўваліся за мяжой ва ўзброеныя групы і спрабавалі ладзіць атакі на Руанду, найбольш паспяховая з якіх дайшла амаль да Кігалі ў 1963 годзе. На мясцовай мове гэтыя ўзброеныя групоўкі былі вядомыя пад назвай «inyenzi» (прусакі). Гісторыкі дакладна не ведаюць прычын абрання такога тэрміна самімі паўстанцамі, але большасць з іх сыходзіцца на меркаванні, што яны так сябе назвалі таму, што атакавалі пераважна ноччу. Што адметна, да мянушкі «inyenzi» вярнуліся ў 1990-я гады, але тады гэты тэрмін ужо выкарысталі хуту з пагардай да тутсі: іх называлі прусакамі, каб максімальна дэгуманізаваць. Атакі «inyenzi» на практыцы не прывялі да поспехаў, бо яны былі вельмі блага экіпіраваныя і арганізаваныя, таму руандыйскі ўрад кожны раз перамагаў іх. Апошняя значная атака адбылася з Бурундзі ў снежні 1963 года, прычым мела вельмі адчайны характар: ва ўмовах благога планавання і моцнага недахопу амуніцыі яна не магла мець ніякіх шанцаў на перамогу. Зрэшты, пэўны эфект набегі «inyenzi» мелі: руандыйскія ўлады адказвалі на іх рэпрэсіямі ў бок мясцовых тутсі. Так, пасля апісанай вышэй атакі 1963 года ў Руандзе былі забітыя каля 10 000 тутсі.

Грэгуар Кайібанда кіраваў маладой рэспублікай на працягу наступных дзесяці гадоў. Ён стварыў моцны аўтакратычны рэжым з элітамі хуту, які вельмі нагадваў дарэвалюцыйную феадальную манархію. У 1973 годзе армейскі афіцэр Жувеналь Хаб'ярымана зрынуў Кайібанду ў выніку дзяржаўнага перавароту. У 1975 годзе Хаб’ярымана заснаваў палітычную партыю пад назвай «Нацыянальны Рэспубліканскі Рух за Дэмакратыю і Развіццё» (НРРзДіР), пасля чаго прапанаваў новую канстытуцыю, якая была прынята на рэферэндуме ў 1978 годзе. Такім чынам, Руанда стала аднапартыйнай дзяржавай, у якой кожны грамадзянін быў абавязаны быць членам НРРзДіР. Дыскрымінацыя тутсі працягнулася і падчас панавання Хаб’ярыманы, але яе маштабы значна знізіліся, а выпадкі праявы жорсткасці сталі эпізадычнымі. У дадатак да ўсяго, краіна перажывала перыяд буйнога эканамічнага росту, які быў спынены крызісам, выкліканым калапсам сусветных цэн на каву ў канцы 1980-х гадоў. Гэта моцна ўдарыла па даходах руандыйскіх фінансавых эліт, што прывяло да палітычнай барацьбы за ўладу, а таксама за доступ да замежнай гуманітарнай дапамогі. Сям’я першай лэдзі Агаты Хаб’ярыманы, якая была вядомая як «аказу» або «клан Мадам», перамагла ў гэтай палітычнай барацьбе. Гэты клан меў больш знатную радаслоўную за самога Прэзідэнта і ў XIX стагоддзі нават кіраваў адной з незалежных дзяржаў каля горада Гісеньі. Менавіта таму Жувеналь Хаб’ярымана абапіраўся на аказу для кантролю насельніцтва паўночнага захаду краіны. Аказу ўдала скарысталіся сітуацыяй і стварылі з Прэзідэнтам сістэму адносін, заснаваную на ўзаемазалежнасці. Эканамічная сітуацыя прымусіла Хаб’ярыману значна скараціць нацыянальны бюджэт, што прывяло да масавых пратэстаў. Па парадзе Прэзідэнта Францыі Франсуа Мітэрана, Хаб’ярымана абвясціў пра прыхільнасць стварэнню шматпартыйнай палітычнай сістэмы, але не зрабіў ніякіх рэальных крокаў да гэтага. Пратэсты, пераважна студэнцкія, працягваліся, што толькі ўзмацніла крызіснае становішча ўнутры Руанды пад канец 1990 года.

Фарміраванне РПФ і падрыхтоўка да вайны

Арганізацыя, якая з цягам часу атрымала назву Руандыйскі патрыятычны фронт (РПФ), была заснавана ва Угандзе ў 1979 годзе. Спачатку яна была вядома як Асацыяцыя Дабрабыту Руандыйскіх Бежанцаў, а з 1980 года займела назву Руандыйскі Альянс дзеля Нацыянальнага Адзінства (РАдНА). Фарміраванне гэтай арганізацыі стала адказам на пераслед і дыскрымінацыю бежанцаў-тутсі з боку рэжыму Прэзідэнта Уганды Мілтана Аботэ. У сваёй рыторыцы Аботэ абвінавачваў руандыйскіх бежанцаў у падтрымцы рэжыму свайго папярэдніка Ідзі Аміна: у прыватнасці, заяўлялася, што руандыйскія бежанцы займалі дамы тых угандыйцаў, якія пакідалі іх, каб схавацца ад пераследу ўрада Аміна, а таксама — выкрадалі быдла ўгандыйцаў. Тым часам, бежанцы-тутсі Фрэд Руіг'ема і Поль Кагамэ далучыліся да створанага Ёверы Мусевені паўстанцкага Фронту дзеля Нацыянальнага Выратавання (ФдНВ). У 1979 годзе Мусевені разам з Аботэ змагаўся супраць рэжыму Аміна (які быў у выніку зрынуты), але пакінуў новы ўрад пасля спрэчнай перамогі Аботэ на ўгандыйскіх агульных выбарах 1980 года. Сумесна з Руіг’ема, Кагамэ і Мусевені заснавалі новую паўстанцкую ўзброеную арганізацыю, якая атрымала назву Армія Нацыянальнага Супраціўлення (АНС) і мэтай якой было зрынуць урад Аботэ (так пачалася грамадзянская вайна ва Угандзе, таксама вядомая ў гістарыяграфіі як «вайна ў кустах»). Прэзідэнт Аботэ захоўваў варожае стаўленне да руандыйскіх бежанцаў на працягу ўсяго свайго перыяду знаходжання ва ўладзе, у выніку чаго ў 1981 годзе РАдНА быў прымушаны пакінуць краіну і перадыслацыраваўся ў горад Найробі — сталіцу Кеніі. У 1982 годзе (з дазволу і пад уплывам Прэзідэнта Аботэ) мясцовыя органы ўлады ў рэгіёне колішняй дзяржавы Анколэ выдалі пастанову з патрабаваннем да бежанцаў пакінуць дамы і перасяліцца ў лагеры. З мэтай ажыццяўлення дадзенай пастановы, мясцовыя маладзёжныя міліцэйскія фарміравання ўжылі да бежанцаў грубую фізічную сілу. Многія перамешчаныя асобы паспрабавалі перасекчы мяжу з Руандай, каб вярнуцца на радзіму, але рэжым Хаб’ярыманы змясціў іх у ізаляваных лагерах і закрыў граніцу дзеля прадухілення далейшай міграцыі. Такім чынам, перад рэальнай пагрозай стаць апатрыдамі значная доля бежанцаў-тутсі ва Угандзе вырашыла далучыцца да АНС на чале з Мусевені.

У 1986 годзе АНС захапіла Кампалу (сталіцу Уганды) сіламі 14 000 салдат, з якіх 500 чалавек складалі руандыйцы, і сфарміравала новы ўрад. Пасля інаўгурацыі Мусевені на пасаду Прэзідэнта Уганды, Кагамэ і Руіг’ема былі прызначаны ім на вышэйшыя афіцэрскія пасады ў новай дзяржаўнай арміі. Досвед «вайны ў кустах» натхніў тутсі на планаванне атакі на Руанду, каб дамагчыся, у тым ліку, і вяртання бежанцаў на радзіму. Адначасова з выкананнем сваіх абавязкаў ва ўгандыйскай арміі, Кагамэ і Руіг’ема пачалі рыхтаваць многіх тутсі да вайны, прызначаючы іх на розныя армейскія пасады. Скарыстаўшыся дапамогай спрыяльна настроенага да бежанцаў Мусевені, РАдНА вярнулася ў Кампалу з кенійскага выгнання. У 1987 годзе на з’ездзе арганізацыі адбыліся дзве значныя падзеі: яна была перайменавана ў Руандыйскі Патрыятычны Фронт, а таксама было публічна абвешчана, што РПФ будзе дамагацца вяртання бежанцаў у Руанду любымі магчымымі метадамі. У шэрагах РПФ у 1988 годзе ўтварылася сітуацыі крызісу лідарства, якая была вырашана прамым умяшаннем Фрэда Руіг’емы: ён зняў Петэра Байінгану з пасады прэзідэнта РПФ і заняў яго месца. Кагамэ і іншыя ўплывовыя руандыйцы з шэрагаў АНС занялі ў РПФ высокія пасады. У прыватнасці, Поль Кагамэ стаў віцэ-прэзідэнтам. Байінгана фармальна стаў другім віцэ-прэзідэнтам, але ў рэальнасці страціў рэшткі аўтарытэту. Тым не менш, ён і яго прыхільнікі паспрабавалі пачаць вайну ў 1989 годзе без падтрымкі Руіг’емы, але спроба ўварвання была хутка спынена Арміяй Руанды.

Прэзідэнт Руанды Хаб’ярымана пачаў насцярожана ставіцца да павелічэння колькасці ўцекачоў-хуту ў шэрагах Арміі Уганды і звярнуўся з гэтай прычыны да Прэзідэнта Мусевені. У той жа час, многія карэнныя ўгандыйцы і афіцэры з этнасу ганда ў шэрагах АНС пачалі крытыкаваць Мусевені за тое, што апошні прызначаў руандыйскіх бежанцаў на высокія пасады. Лідар Уганды адрэагаваў на гэта паніжэннем Кагамэ і Руіг’емы ў 1989 годзе. Нягледзячы на тое, што яны засталіся старшымі афіцэрамі, змяненне іх статусу прывяло да таго, што яны маглі страціць доступ да ўгандыйскіх ваенных рэсурсаў. Дадзеныя абставіны прымусілі іх паскорыць ажыццяўленне плану ўварвання ў Руанду. У 1990 годзе спрэчка на паўднёвым захадзе Уганды паміж угандыйскімі фермерамі і асобамі, што самавольна занялі іх зямлю (сярод якіх многія былі руандыйцамі), прывяла да шырокіх дэбатаў аб юрыдычным статусе руандыйскіх бежанцаў, канчатковым вынікам якіх стала прызнанне руандыйцаў апатрыдамі, а не грамадзянамі Уганды. У сярэдзіне 1990 года, зразумеўшы, што трапляюць у безвыходную сітуацыю з прычыны ўзмацнення ціску на ўцекачоў ва Угандзе і нестабільнай палітычнай сітуацыі ў Руандзе, Руіг’ема і Кагамэ вырашылі ажыццявіць план інтэрвенцыі зараз жа. Вельмі імаверна, што Прэзідэнт Мусевені ведаў пра іх планы, але не аказаў ім відавочнай падтрымкі. У сярэдзіне 1990 года Мусевені загадаў Руіг’ему накіравацца ў форт Лівенворт на вучэбныя курсы Камандна-Штабнога Каледжа Злучанных Штатаў Амерыкі, а таксама планаваў замежную падрыхтоўку і для іншых этнічных руандыйцаў, што займалі вышэйшыя афіцэрскія пасады. Існуе меркаванне, што дадзеныя дзеянні былі зроблены для таго, каб адкласці ў часе інтэрвенцыю руандыйцаў на радзіму і каб разрадзіць напружанне паміж угандыйцамі і руандыйцамі. Зрэшты, пасля двух дзён дыскусій Руіг’ема заявіў Мусевені, што ён стаміўся і хоча часова адпачыць ад ваеннай справы. У выніку па загадзе Прэзідэнта Уганды ў ЗША паляцеў Поль Кагамэ. Лідары РПФ вырашылі, што, нягледзячы на тое, што гэта будзе значыць адсутнасць Кагамэ на фронце ў пачатку вайны, варта не перашкаджаць гэтаму, каб не выклікаць ва ўгандыйскай улады падазрэнні ў нелаяльнасці.

Крыніцы

  1. Chrétien 2003, с. 44.
  2. а б в Mamdani 2002, с. 61.
  3. Chrétien 2003, с. 58.
  4. Prunier 1999, с. 16.
  5. Luis, J. R.; et al. (2004). «The Levant versus the Horn of Africa: Evidence for Bidirectional Corridors of Human Migrations». American Journal of Human Genetics 74 (3): 532—544. doi:10.1086/382286. PMC 1182266. PMID 14973781. (Errata)
  6. Mamdani 2002, с. 58.
  7. Chrétien 2003, с. 69.
  8. Shyaka, Anastase. The Rwandan Conflict: Origin, Development, Exit Strategies. National Unity and Reconciliation Commission, Republic of Rwanda. Праверана 16 лютага 2012.
  9. Mamdani 2002, с. 52.
  10. Chrétien 2003, с. 88–89.
  11. Chrétien 2003, с. 482.
  12. а б Chrétien 2003, с. 160.
  13. Dorsey 1994, с. 38.
  14. а б в Mamdani 2002, с. 69.
  15. Prunier 1999, с. 13–14.

Літаратура