Незалежнасць Фінляндыі
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/5/5b/Senate1917.jpg/330px-Senate1917.jpg)
Фінляндыя абвясціла незалежнасць 6 снежня 1917 года. Фармальнае абвяшчэнне незалежнасці было часткай доўгага працэсу, які прывёў да незалежнасці Фінляндыі.
Гісторыя
Пракламацыя імператрыцы Лізаветы (1742)
Тэма незалежнасці Фінляндыі ўпершыню згадваецца ў XVIII стагоддзі, калі Фінляндыя знаходзілася пад кантролем Швецыі. 18 сакавіка 1742 года, калі Фінляндыя была пад акупацыяй Расійскай імперыі ў ходзе Расійска-шведскай вайны (1741—1743) , імператрыца Лізавета Пятроўна выдала пракламацыю да фінскага народа на фінскай мове, дзе заклікала да стварэння незалежнай ад Швецыі і Расіі дзяржавы[1]. Гэта прывяло да падрыхтоўкі стварэння Каралеўства Фінляндыі . Пляменнік Лізаветы, герцаг Пётр Шлезвіг-Гольштэйн-Готарпскі (пазней Імператар Усерасійскі) быў абвешчаны Каралём Фінляндыі. Аднак палітычная сітуацыя хутка змянілася і ідэя была забытая[2].
Аньяльскі саюз
Аньяльскі саюз узнік у 1788—1790 з мэтай спыніць вайну Швецыі з Расійскай імперыяй, і да некаторай ступені закранаў ідэю незалежнасці Фінляндыі. Частка ўдзельнікаў была звязана з ордэнам Вальгалы . Расійскія акупацыі і спусташэнні 1713-21 гадоў (так званае Вялікае ліхалецце ) і 1741-43 гадоў усё яшчэ былі ў памяці фінаў, што вялі партызанскую вайну супраць Расіі.
Георг Магнус Спрэнгтпортэн , які браў удзел у саюзе, напісаў праект канстытуцыі Фінляндыі ў 1786 годзе. Пазней Спрэнгтпортэн удзельнічаў у фарміраванні аўтаномнага Вялікага Княства Фінляндскага, у 1808 годзе стаў першым генерал-губернатарам Фінляндыі пасля таго, як Швецыя страціла фінскія землі ў часе Фінскай вайны[3].
Паўстанне нацыянальнай самасвядомасці
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/1/15/Suomineito_%28Isto%29.jpg/220px-Suomineito_%28Isto%29.jpg)
Органы кіравання развіваліся ў залежным ад Расійскай імперыі Вялікім Княстве Фінляндскім пасля 1809 года. Сойм Фінляндыі збіраўся рэгулярна з 1863 года.
Нацыянальная самасвядомасць развівалася адначасова з агульнаеўрапейскімі ідэямі нацыяналізму. Юхан Людвіг Рунеберг і Эліяс Лёнрут стварылі ідэалізаваны вобраз фінскага народа і фінскай прыроды ў 1830-40-х гадах[4]. Юхан Вільгельм Снельман быў цэнтральнай фігурай нацыянальнага рамантызму і тагачасных дыскусій пра нацыю. Цягам моўнага канфлікту ў Фінляндыі ён заахвочваў адукаваныя слаі грамадства выкарыстоўваць фінскую мову замест шведскай[5].
Елізавета Ярнефельт трымала літаратурны салон Järnefelts skola («Школа Ярнефельт»), які стаў цэнтрам руху фенаманаў . У 1880—1910 залаты век фінскага мастацтва спалучыўся з нацыянальным адраджэннем. Вядомымі дзеячамі таго часу былі Акселі Гален-Калела, Алексіс Ківі і Альберт Эдэльфельт.
Лозунгам фенаманаў было:
- «Мы больш не шведы,
- рускімі станавіцца не хочам,
- дык давайце будзем фінамі.»[6]
Першы перыяд русіфікацыі Фінляндыі пачаўся ў 1899 годзе з лютаўскага маніфеста Мікалая II, калі Мікалай Бобрыкаў стаў генерал-губернатарам Фінляндыі[7][8][9]. У выніку быў напісаны ліст Pro Finlandia, які сабраў 523 тысячы подпісаў, і быў дастаўлены ў Санкт-Пецярбург дэлегацыяй з 500 чалавек[10]. У той жа час паўстаў рух супраціўлення Кагал . У 1901 годзе Расія спрабавала рэфармаваць фінскую армію новай вайсковай павіннасцю, якая абавязвала фінаў не толькі абараняць Фінляндыю, але і служыць на ўсіх франтах імперыі. Фінскае супраціўленне зрабілася масавым і толькі палова прызыўнікоў з’явілася на службу[11]. Бобрыкаў быў застрэлены ў 1904 годзе Эйгенам Шаўманам, які пасля застрэліў і сам сябе[8][12]. Фінская газета Päivälehti, раней цэнзураваная, была канчаткова зачынена праз асвятленне забойства. Кампазітар Ян Сібеліус стварыў жалобны марш In memoriam у памяць аб Шаўмане[12]. Параход «Джон Графтан » няўдала спрабаваў пераправіць вялікую колькасць зброі для фінскага супраціўлення ў часе расійска-японскай вайны 1904—1905 гадоў. Фінская ўсеагульная забастоўка 1905 года часова спыніла русіфікацыю.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/b/b8/Schauman_shoots_Bobrikov.jpg/220px-Schauman_shoots_Bobrikov.jpg)
Цягам 1905—1908 Леа Мехелін сфармаваў урад і стварыў ліберальную дэмакратыю з усеагульным выбарчым правам . У 1906 годзе быў створаны аднапалатны Парламент Фінляндыі[13]. Тым не менш, паўнамоцтвы парламента абмяжоўваліся імператарам у 1908—1916 гадах.
Другі перыяд русіфікацыі Фінляндыі ў 1908 годзе і Першая сусветная вайна прывялі да аб’яднання актывістаў. У перыяд кіравання Франца-Альберта Зейна , пераемніка Бобрыкава, абмеркаванне законаў было перанесенае ў расійскую Дзяржаўную думу , якая прасоўвала абмежаванні фінскай аўтаноміі[14]. Мікалай II дамагаўся поўнай русіфікацыі і скасавання аўтаноміі Фінляндыі ў 1914 годзе, але працэс быў спынены пачаткам Першай сусветнай вайны. Быў створаны рух фінскіх егераў і першыя 200, а затым 1900, фінскіх добраахвотнікаў былі адпраўленыя ў Германію каб прайсці навучанне як егеры (элітная лёгкая пяхота) для ўзброенага супраціву[15]. Фінскія егеры сфарміравалі 27-ы егерскі батальён і былі адпраўленыя ў Лібаву змагацца супраць Расійскай імперыі. Сібеліус напісаў Jäger March на словы Хейкі Нурміа , які служыў у 27-ым батальёне[16].
Падзеі 1917 года
Рэвалюцыя ў Расійскай імперыі
Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі 1917 года парадзілі надзею ў Вялікім Княстве Фінляндскім. Пасля адрачэння цара Мікалая II ад прастола 2 (15) сакавіка 1917 года асабістая унія паміж Расіяй і Фінляндыяй страціла юрыдычную аснову — прынамсі, згодна з меркаваннем у Хельсінкі — бо імператар адначасова быў вялікім князем Фінляндскім . Пачаліся перамовы паміж Часовым урадам Расіі і фінскім кіраўніцтвам.
Закон аб вярхоўнай уладзе
Атрыманая ў выніку прапанова, зацверджаная Часовым урадам Расіі, была моцна перапрацавана ў фінскім парламенце і пераўтворана ў так званы Закон аб вярхоўнай уладзе (фінск.: Valtalaki, шведск.: Maktlagen), у адпаведнасці з якім парламент абвясціў[17], што цяпер ён мае ўсе паўнамоцтвы ў заканадаўстве, за выключэннем міжнароднай палітыкі і ваенных пытанняў, а таксама, што можа быць скасаваны толькі ўласным рашэннем. Падчас галасавання лічылася, што Часовы ўрад хутка пацярпіць паражэнне ад паўстання ў Санкт-Пецярбургу . Часовы ўрад, аднак, захаваўся, не ўхваліў Закон аб уладзе і распусціў фінскі парламент.
Пасля новых выбараў і канчатковага паражэння Часовага ўрада ў Кастрычніцкай рэвалюцыі парламент Фінляндыі вырашыў стварыць рэгенцкі савет з трох чалавек[18] на аснове Канстытуцыі Фінляндыі, а дакладней на аснове § 38 старога Закона аб форме кіравання 1772 года, які быў прыняты саслоўямі пасля бяскроўнага перавароту Густава III. Гэты параграф прадугледжваў абранне новага манарха ў выпадку спынення каралеўскай лініі і тлумачыўся ў Фінляндыі як надзяленне суверэнітэтам саслоўяў, а пазней парламента, падчас такога міжцарства. Аднак рэгенцкі савет так і не быў абраны праз моцную апазіцыю фінскіх сацыялістаў і іх усеагульную забастоўку 1917 года, якая патрабавала больш радыкальных дзеянняў.
2 (15) лістапада 1917 года бальшавікі абвясцілі агульнае права на самавызначэнне, у тым ліку права поўнага аддзялення, «для народаў Расіі». У той жа дзень парламент Фінляндыі выдаў дэкларацыю, у якой часова браў на сябе ўсе паўнамоцтвы кіравання Фінляндыяй[19].
Стары Закон аб форме кіравання больш не лічыўся прыдатным. Вядучыя колы доўгі час лічылі, што манархізм і спадчынная знаць састарэлі, і выступалі за рэспубліканскую канстытуцыю для Фінляндыі.
Абвяшчэнне незалежнасці
Пер Эвінд Свінхувуд сфармаваў Сенат, які пачаў сваю дзейнасць 27 лістапада 1917 года. Яго мэтай было як мага хутчэйшае дасягненне незалежнасці. 4 снежня Сенат звярнуўся ў парламент з Дэкларацыяй аб незалежнасці і прапановай новага рэспубліканскага закона аб форме кіравання[20]. Тэхнічна Дэкларацыя незалежнасці атрымала форму прэамбулы прапановы і павінна была быць узгоднена парламентам. Парламент прыняў Дэкларацыю 6 снежня 100 галасамі супраць 88[21][22].
Са спасылкай на дэкларацыю ад 15 лістапада, у новай дэкларацыі гаворыцца:
Народ Фінляндыі гэтым крокам узяў свой лёс у свае рукі; крок адначасова апраўданы і запатрабаваны сучаснымі ўмовамі. Народ Фінляндыі глыбока адчувае, што не можа выканаць свой нацыянальны і міжнародны абавязак без поўнага суверэнітэту. Векавое жаданне свабоды чакае здзяйснення цяпер; Народ Фінляндыі выступае як свабодная нацыя сярод іншых нацый свету. (…) Народ Фінляндыі смее з упэўненасцю чакаць, як іншыя краіны свету прызнаюць, што з яго поўнай незалежнасцю і свабодай народ Фінляндыі можа зрабіць усё магчымае для дасягнення тых мэт, якія забяспечаць яму месца сярод цывілізаваных народаў.
Міжнароднае прызнанне
Свінхувуд неадкладна звярнуўся да Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Германіі і Францыі з просьбай прызнаць незалежнасць Фінляндыі. Захад, аднак, заявіў, што будзе чакаць, пакуль былы кіраўнік, Расія, прызнае дэкларацыю. Яны сказалі Свінхувуду дагаварыцца з бальшавіцкім урадам Леніна. Свінхувуд вагаўся, бо не хацеў прызнаваць бальшавікоў законнымі кіраўнікамі Расіі. Да таго ж ён думаў, што бальшавіцкая ўлада, напэўна, хутка ўпадзе. Таму парламент вырашыў папрасіць прызнання ва Усерасійскага ўстаноўчага сходу . Германія, якая тым часам вяла перамовы з Савецкай Расіяй , прымусіла фінаў перагаварыць з Леніным і Саветам народных камісараў . Свінхувуд паслухаўся іх парады, бо Фінляндыя жадала як мага хутчэйшага прызнання Германіяй[23].
18 (31) снежня 1917 года ўрад Савецкай Расіі выдаў дэкрэт аб прызнанні незалежнасці Фінляндыі[24], а 22 снежня 1917 года (4 студзеня 1918 года) ён быў зацверджаны вышэйшым органам савецкай выканаўчай улады — Усерасійскім цэнтральным выканаўчым камітэтам[25].
Пасля гэтага незалежнасць Фінляндыі была прызнана Германіяй, Швецыяй і Францыяй 4 студзеня 1918 года, Нарвегіяй і Даніяй 10 студзеня і Аўстра-Венгрыяй 13 студзеня[26].
Арганізацыя новай краіны
Эканамічныя праблемы абцяжарвалі простых людзей, што прывяло да палярызацыі і неўзабаве распаліла грамадзянскую вайну. Дэкларацыя звяртае ўвагу на гэтую праблему:
Урад будзе звяртацца да замежных дзяржаў, каб дамагчыся прызнання нашай палітычнай незалежнасці. Усе ўскладненні, голад і беспрацоўе, якія вынікаюць з цяперашняй міжнароднай ізаляцыі, патрабуюць ад урада неадкладнага ўстанаўлення прамых кантактаў з замежнымі дзяржавамі. Тэрміновая, канкрэтная дапамога ў выглядзе неабходных рэчаў для жыцця і прамысловасці — адзіны наш выратаванне ад немінучага голаду і спынення вытворчасці.
Многія з неабходных міністэрстваў і органаў улады былі заснаваныя ў гады аўтаноміі і працягвалі сваю дзейнасць, частка з іх пад новай назвай. Банк Фінляндыі займаў тую ж пазіцыю, што і раней. Нацыянальная лоцманская служба была русіфікавана, бо мела ваеннае значэнне. Нацыянальная навігацыйная рада, пазней названая Фінскай марской адміністрацыяй, была заснавана 15 снежня 1917 года, і лоцманства стала яе абавязкам[27][28].
Спроба ўсталяваць у Фінляндыі манархію правалілася, і ў 1919 годзе Каарла Юха Стольберг быў абраны першым прэзідэнтам. Першыя парламенцкія выбары ў гісторыі незалежнай Фінляндыі адбыліся ў сакавіку 1919 года.
Нацыянальныя сімвалы
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/d/da/SuomiNeito.png)
З шэрагу прапаноў парламент выбраў сіне-белы сцяг, які быў падняты над домам парламента 28 мая 1918 года[29]. Герб Фінляндыі з каранаваным ільвом на чырвоным полі існаваў з часоў шведскага кіравання[30].
Выбар дзяржаўнага гімна падзяліў сацыяльныя класы. Кансерватары аддавалі перавагу «Маамме» Рунеберга і Пацыуса, а рабочы клас спяваў «Марсельезу» і «Інтэрнацыянал». Пасля перамогі белых у грамадзянскай вайне ў Фінляндыі быў абраны «Маамме».
Дзень незалежнасці Фінляндыі 6 снежня быў абвешчаны нацыянальным святам. Законапраект аб ператварэнні Фінляндыі ў рэспубліку быў прыняты сеймам у 1919 годзе.
Зноскі
- ↑ Szíj Enikő (1979). Finnország. Budapest: Panoráma. p. 56. ISBN 963 243 111 1.
- ↑ Singleton, Fred (1998). A Short History of Finland. Cambridge University Press. p. 51. ISBN 9780521647014.
- ↑ Sprengtporten, Georg Magnus (1740 - 1819) . Biografiakeskus. Праверана 7 снежня 2017.
- ↑ Matti Klinge. Runeberg, Johan Ludvig (1804 - 1877) . The National Biography of Finland. Праверана 24 November 2017.
- ↑ Snellman, Johan Vilhelm (1806 - 1881) . The National Biography of Finland. Праверана 24 November 2017.
- ↑ Kari Tarkiainen: Adolf Ivar Arwidsson, in Matti Klinge (ed.): Suomen kansallisbiografia 1. SKS, Helsinki 2003, ISBN 951-746-442-8 (page 406)
- ↑ Johnson, A.; Bickford, C., Hudson, W., Dole, N. Cyclopedic Review of Current History. Volume 9. Garretson, Cox & Co. 1899 page 198 and following
- ↑ а б Kauffman, George B.; Niinistö, Lauri (1998). "Chemistry and Politics: Edvard Immanuel Hjelt (1855–1921)". The Chemical Educator. 3 (5): 1–15. doi:10.1007/s00897980247a.
- ↑ 1899. The Collection of Decrees of the Grand Duchy of Finland. No 3. . Праверана 9 снежня 2017.
- ↑ Pro Finlandia. . Праверана 9 снежня 2017.
- ↑ The Russian Empire . Finland: A Country Study.. Library of Congress (19 лютага 1988). Праверана 26 December 2016.
- ↑ а б Other orchestral works / In Memoriam(недаступная спасылка). Jean Sibelius. Finnish Club of Helsinki. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 7 снежня 2017.
- ↑ Parliamentarism in Finland . Finland.fi. Праверана 12 June 2016.
- ↑ Markku Tyynilä. Historiaa: Amiraalisenaatin oikeusosasto(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 June 2018. Праверана 8 снежня 2017.
- ↑ The Finnish Jaeger Movement . Embassy of Finland, Riga.
- ↑ The war and the fifth symphony 1915-1919(недаступная спасылка). Jean Sibelius. Finnish Club of Helsinki. Архівавана з першакрыніцы 17 снежня 2015. Праверана 7 снежня 2017.
- ↑ Hallituksen esitykseen, joka sisältää ehdotuksen laiksi erinäisten asiain siirtämisestä Suomen senaatin ja kenraalikuvernöörin ratkaistavaksi (фін.) (25 ліпеня 1917). Праверана 8 February 2014.
- ↑ D. G. Kirby (1980). Finland in the Twentieth Century: A History and an Interpretation. Minneapolis: University Of Minnesota Press. p. 47. ISBN 978-0816658022.
- ↑ Eduskunta (фін.)(недаступная спасылка). Suomi 80. Tampere University. Архівавана з першакрыніцы 15 May 2017. Праверана 20 August 2016.
- ↑ "Tiistaina 4. p. joulukuuta – Hallituksen puheenjohtajan lausunto Suomen valtiollisen itsenäisyyden toteuttamisesta". Toiset valtiopäivät 1917, Pöytäkirjat, osa I(фін.). Valtioneuvoston kirjapaino. 1918. p. 310–311.
- ↑ Osmo Jussila – Seppo Hentilä – Jukka Nevakivi (1999). From Grand Duchy to a Modern State: A Political History of Finland Since 1809. London: C. Hurst & Co. p. 103. ISBN 0 8093 9112 0.
- ↑ Ohto Manninen (1992). Itsenäistymisen vuodet 1917–1920. osa I: Irti Venäjästä(фін.). Helsinki: Valtionarkisto. p. 227.
- ↑ Hajo Holborn (1969). A History of Modern Germany: 1840-1945. Princeton University Press. p. 492. ISBN 0 691 05359 6.
- ↑ Primary Documents - Soviet Recognition of Finland's Independence, 18 December 1917 (англ.). first world war. Праверана 20 August 2016.
- ↑ On This Day - 4 January 1918 . first world war. — «Eastern front: Bolshevik Government recognises independence of Finland.» Праверана 20 August 2016.
- ↑ Szíj Enikő (1979). Finnország. Budapest: Panoráma. p. 93. ISBN 963 243 111 1.
- ↑ Autonomian ajan viranomaiset (фін.)(недаступная спасылка). Arkistojen portti. Archives of Finland. Архівавана з першакрыніцы 27 снежня 2016. Праверана 26 December 2016.
- ↑ Finland - International Hydrographic Review . Centre for Digital Scholarship Journals. Праверана 26 December 2016.
- ↑ Quirks of history: Finnish flag created in a restaurant back room?(недаступная спасылка). Suomifinland100. Архівавана з першакрыніцы 1 December 2017. Праверана 12 June 2016.
- ↑ Coat of Arms . finland.fi. Праверана 26 December 2016.