Першы ліст Яна
Першы ліст апостала Яна | |
---|---|
Выява Яна Багаслова пэндзля Даменікіна | |
Раздзел: | Новы Запавет |
Вікікрыніцы: | Пе́ршае саборнае пасланьне сьвятога Апостала Іоана Багаслова
Тэкст на Вікікрыніцах |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Першы ліст апостала Яна, Першы Сабо́рны ліст Свято́га Апо́стала Іаа́на Багасло́ва[1], Першае Сабо́рнае Пасла́нне свято́га Апо́стала Іаа́на Багасло́ва[2], 1-ы ліст Яна[3], Пе́ршае пасла́ньне Я́на Багасло́ва[4] — адзін з лістоў апостала Яна, які ўваходзіць у спіс кніг Новага Запавету. Змяшчаецца пасля другога ліста апостала Пятра перад другім лістом Яна.
Аўтарства і асаблівасці ліста
Традыцыйна лічыцца, што аўтарам з’яўляецца Ян, сын Зевядзея, любімы вучань і апостал Ісуса Хрыста. Нідзе ў лісце, ні ў пачатку, ні ў сярэдзіне, ніводнага разу не згадваецца імя аўтара. Аднак у пачатку ліста аўтар адносіць сабе да тых, што быў сведкам і ўдзельнікам тых падзей, што здарыліся, калі Хрыстос быў на зямлі. Таксама мова ліста вельмі падобная на тую, на якой было напісана чацвёртае Евангелле, гэта прыводзіць да думкі, што абодва творы напісаны адным аўтарам.
Ліст таксама адрозніваецца ад іншых лістоў Новага Запавета тым, што ў лісце няма ні зачыну, ні канцоўкі, якія традыцыйна прысутнітчаюць у большасці лістоў Новага Запавета. Няма і імя аўтара і таго, таму адрасаваны ліст. Твор названы лістом таму, што ў ім ёсць словы «я пішу вам» і адрасаваны, верагодна, да хрысціян Малой Азіі.
Мэта напісання ліста
У суполках, у якіх прапаведаваў Ян, з’явіліся людзі, што адвяргалі рэальнасць увасаблення Хрыста. Яны маглі з’яўляцца прадстаўнікамі адной з першых хрысціянскіх ерасей — дакетызму (слова перакладаецца з грэчаскай мовы як «здавацца»). Прадстаўнікі дакетызму лічылі, што Хрыстос быў не сапраўдным чалавекам, але толькі здаваўся ім. Дакетызм стаўся падмуркам гнастыцызму, прадстаўнікі якога адвяргалі ўвасабленне Хрыста. Лічучы матэрыю сусветным злом, гностыкі меркавалі немагчымым, каб святы Бог мог увасобіцца ў грэшнае цела, таму адвяргалі як ўвасабленне Хрыста, так і Ягоныя смерць і Уваскрасенне. Калі не было ўвасаблення, то бесцялесны дух не мог і прынесці сябе ў Ахвяру і ўратаваць чалавецтва. Паводле іх меркаванняў, Бог Айцец не быў Творцам матэрыяльнага сусвету. Таму атрымаць уратаванне магчыма праз дасягненне таемных ведаў, каб праз іх пазбегнуць зла і сусвету. Вучэнне прадстаўляла небяспеку самаму існаванню Царквы, у выніку ерэтыкі пакінулі суполку. Таму апостал ставіць на мэту адвергнуць ілжэвучэнне і падбадзёрыць тых хрысціян, якія засталіся.
Змест ліста
Ліст пачынаецца велічнымі словамі, што аўтар ліста — сапраўдны сведка падзей, якія «бачыў уласнымі вачамі і кранаў уласнымі рукамі», «пра Слова жыцця, якое і ёсць Ісус Хрыстос». У сваім лісце апостал рашуча заяўляе сваім чытачам, што толькі тыя вернікі ад Бога, хто прызнае, што Ісус прыйшоў у плоці, стаў чалавекам і ўратаваў чалавецтва ад граху дзякуючы сваёй Ахвяры. З другога боку, Ян безапеляцыйна паведамляе, што ўсялякі, хто адвяргае ўвасабленне Хрыста, той і ёсць Антыхрыст (дарэчы, нідзе больш у Новым Запавеце гэткае слова не ўжываецца). Згодна аўтару Выратаванне даецца толькі верай, праяўленнай у любові і сапраўдных дзеяннях. Гэткая вера супрацьлеглая таемным ведам, якія ў рэшце рэшт прыводзяць да падзелаў і нянавісці. Такая вера з’яўляецца адлюстраваннем сапраўдных ведаў. Толькі той мае сапраўдныя веды, хто народжаны Богам і любіць Бога. Гэтакжа як і той, хто не любіць брата, не любіць і Бога. Таму сапраўдныя веды змяшчаюцца ў любові да Бога і бліжняга. У лісце знаходзяцца вядомыя словы пра тое, што «Бог ёсць любоў».
Месца і час напісання ліста
Дакладна немагчыма вызначыць, калі быў напісаны ліст, нават цяжка вызначыць, ці быў спярша напісаны ліст, а потым Евангелле, ці наадварот. Хутчэй за ўсё, ліст быў напісаны ў апошнім дзесяцігоддзі першага стагоддзя, а таму месцам напісання лічыцца Эфес, дзе апостал Ян правёў апошнія гады свайго жыцця.
Структура ліста
Ліст падзелены на 5 радзелаў. Ліст цяжка пераказаць, у ім думкі аўтара выкладваюцца не паслядоўна адна за другой, але аўтар увесь час вяртаецца да раней выкладзеных тэм, разглядаючы іх па-іншаму. Такія тэмы, як Боская сутнасць Хрыста, ілжэвучэнняў, любові, духоўнага жыцця, праходзяць праз увесь ліст.
Сціслы план ліста
- Уводзіны (1:1-4)
- Свет і цемра (1:5-2:29)
- Дзеці Бога і дзеці д’ябла (3:1-24)
- Дух праўды і дух ілжы (4:1-6)
- Вера і любоў (4:7-21)
- Перамога Божых дзяцей (5:1-21)
Пераклады
- Першае пасланьне Яна Багаслова у перакладзе Васіля Сёмухі
- Першае Саборнае Пасланне святога Апостала Іаана Багаслова ў перакладзе Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы
- Першае пасланне святога Яна Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
- Першае паўсюднае пасланьне апостала Яна ў перакладзе Антонія Бокуна
- Першы суборны ліст сьвятога Яана апостала Багаслова Архівавана 3 чэрвеня 2021. ў перакладзе Яна Станкевіча
- Першае саборнае пасланьне сьв. апостала Іоана Багаслова Архівавана 3 чэрвеня 2021. ў перакладзе Лукаша Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча
- Першы ліст сьв. ап. Яна Архівавана 3 чэрвеня 2021. ў перакладзе Уладзіслава Чарняўскага
- 1 ліст Яна ў перакладзе П. С. Татарыновіча
- Першы Сабо́рны ліст Свято́га Апо́стала Іаа́на Багасло́ва ў перакладзе А. К. Клышкі
- 1-ы ліст Яна ў перакладзе Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь
- Першае саборнае Пасланьне Яана ў перакладзе Э. К. Сабілы, С. А. Малахава
Зноскі
- ↑ Анатоль Клышка. Новы Запавет. — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2014. — 610 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-6983-42-2.
- ↑ Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста. — Мінск: Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора: Медыял, 2017. — 544 с. — ISBN 978-985-6594-63-5 ISBN 978-985-6914-45-7.
- ↑ Біблія кананічная. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў. — Мінск: Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, 2017. — 928+336 с. — 1 500 экз. — ISBN 978-985-6183-14-3.
- ↑ Васіль Сёмуха. Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. Кананічныя. У беларускім перакладзе. — DUNCANVILLE, USA: WORLD WIDE PRINTING, 2002. — 1538 с. — 10 000 экз. — ISBN 1-58712-085-2.
Літаратура
- Жан Кальвин. Толкование на 1-е Петра, 1-е Иоанна, 1-е и 2-е послание к Фессалоникийцам. Мн., 2011.
- Толковый Апостол. Соборные послания, изъясненные Епископом Михаилом. - М.: Правило веры, 2009. - 769 с. ISBN 978-5-94759-099-9
- Мэтью Генри. Толкование на книги Нового Завета. Том 5: Послания от Иакова — Коринфянам. 1999. 406 с.
- Толковая Библия. Новый завет. В 7 томах. Том 7. Деяния. Соборные послания. Откровения Иоанна Богослова. Под редакцией А. П. Лопухина. - М.: ДАРЪ, 2009. - 1296 с. ISBN 978-5-485-00276-3