Туя
Туя | ||||||||||||
Туя заходняя (Thuja occidentalis) | ||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | ||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Міжнародная навуковая назва | ||||||||||||
Thuja L. | ||||||||||||
Тыпавы від | ||||||||||||
|
Ту́я[1] (Thuja) — род вечназялёных хвойных дрэў і кустоў сямейства кіпарысавых.
Апісанне
Вечназялёныя аднадомныя дрэвы або кусты. Вышыня дрэў 7—11 м (часам да 20 м), дыяметр да 30 см (у асобных экзэмпляраў да 90 см). Каранёвая сістэма паверхневая. Крона густая, пірамідальная або конусападобная, у некаторых сартоў шарападобная. Парасткі падоўжаныя; маладыя — плоскія, дарослыя — акруглыя, гарызантальныя або ўзбежныя. Лісце накрыж супраціўнае, простае, суцэльнае, суцэльнакраёвае, лускападобнае, рэдка іголкападобнае. Мужчынскія шышкі дробныя, даўжынёй 1-3 мм, шарападобныя, чырванаватыя. Спелыя жаночыя шышкі даўжынёй 7-15 мм, з 4-6 парамі пляскатых супраціўных лускавінак, даўгавата-яйцападобныя, прамастаячыя, спярша зялёныя, пры паспяванні бурыя; спеюць восенню ў год апылення. Пасля выспявання ападаюць цалкам. Насенне пляскатае, з двума крыламі.
Працягласць жыцця ў сярэднім 100—200 гадоў (некаторыя віды дажываюць да 1000 і больш гадоў).
Пашырэнне
Род налічвае 5 відаў, распаўсюджаных пераважна ў халодных і ўмераных шыротах Паўночнай Амерыкі (2 віды) і Усходняй Азіі (3 віды). Шырока культывуюцца ў многіх іншых рэгіёнах зямнога шара.
Ценевынослівая, зімаўстойлівая, вільгацелюбівая, непатрабавальная расліна, устойлівая да гарадскіх умоў, добра пераносіць стрыжку, лёгка размнажаецца чаранкаваннем. На Беларусі інтрадукавана туя заходняя, ці негніючка (Thuja occidentalis) і туя складкавая, або гіганцкая (Thuja plicata). Часцей вырошчваюць тую заходнюю і яе садовыя формы. Ва ўмовах Беларусі схільная да кушчэння, пыленне ў сакавіку — красавіку.
Выкарыстанне
Драўніна лёгкая, духмяная, устойлівая да гніення, шырока прымяняецца ў будаўніцтве, для вырабу музычных інструментаў і розных прадметаў быту. Каштоўная дэкаратыўная расліна (асабліва для стварэння жываплотаў). Выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне.
Крыніцы
- ↑ Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 130. — 160 с. — 2 350 экз.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 16. — С. 66. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0263-6 (Т. 16).
Спасылкі
- ТУЯ на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларуская энцыклапедыя»