Цэтынэ
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||
Цэтынэ[1], (чарнагор.: Цетиње/Cetinje, італ.: Cettigne) — гістарычная і культурная сталіца Чарнагорыі, адміністрацыйны цэнтр аднайменнага муніцыпалітэта. Месцазнаходжанне Прэзідэнта Чарнагорыі і мітрапаліта Чарнагорыі і Прымор’і Сербскай Праваслаўнай Царквы.
Горад размешчаны ў даліне, акружанай горамі, каля падножжа гары Лоўчан.
Цэтынэ быў заснаваны ў 1482 годзе князем Іванам Чарноевічам і стаў калыскай чарнагорскай культуры і адным з важных цэнтраў Праваслаўнай Царквы.
Гісторыя
Узнікненне Цэтынэ было абумоўлена гістарычнымі, палітычнымі і эканамічнымі ўмовамі XV стагоддзя. Націск турэцкіх заваёўнікаў вымусіў Івана Чарноевіча, кіраўніка Зэты, перамясціць сталіцу з умацаванага горада Жабляк Чарноевіча ў новае месца — у 1475 годзе ў Обад, а неўзабаве пасля гэтага да падножжа гары Лоўчан. У 1482 годзе ў Цэтынскай даліне размясціўся двор Чарноевічаў, а двума гадамі пазней заснаваны Цэтынскі манастыр, які стаў рэзідэнцыяй мітрапаліта Зэты. Так быў заснаваны горад, які атрымаў свая назву па рацэ Цэтына, што працякала па даліне, і стаў свецкім і духоўным цэнтрам Чарнагорыі.
Георгій Чарноевіч, сын Івана Чарноевіча, заснаваў тут першую друкарню ў славянскіх краінах Балканскага паўвострава.
Хуткае развіццё горада пад уладай дынастыі Чарноевічаў было спынілася ў канцы XV стагоддзя. У 1499 годзе Зэта страціла незалежнасць і толькі тая яе частка, якая і стала называцца ўласна «Чарнагорыя» (паміж ракой Чарноевіча і Бокай Котарскай), засталася свабоднай.
У наступныя два стагоддзі развіццё Цэтынэ замарудзілася. У XVI—XVII стст. горад не раз падвяргаўся нападам туркаў і венецыянцаў і іншым выпрабаванням. У гэты перыяд палац і манастыр Чарноевічаў былі разбураны. І толькі ў 1697 годзе, з усталяваннем улады дынастыі Пнтравічаў-Негашаў, Цэтынэ зноў стаў расквітаць.
Кіраўнікоў Чарнагорыі ў першую чаргу займала вызваленне краіны і ўмацаванне яе адзінства. Доўгі час яны не маглі надаваць дастаткова часу і сродкаў будаўніцтву Цэтынэ. Прыкметны прагрэс быў дасягнуты толькі падчас кіравання Пятра II Петравіча-Негаша. У 1838 годзе для яго была пабудавана новая каралеўская рэзідэнцыя. Горад станавіўся ўсё больш еўрапейскім.
У 1878 годзе рашэннем Берлінскага кангрэса была прызнана незалежнасць Чарнагорыі як суверэннага княства, і Цэтынэ стала сталіцай новай еўрапейскай краіны. Пасля ўсталявання дыпламатычных адносін у горадзе размясціліся замежныя пасольствы і консульствы, для якіх былі пабудаваны прыгожыя асабнякі.
У часы кіравання князя Ніколы I Петравіча-Негаша ў горадзе было пабудавана мноства велічных збудаванняў — новы каралеўскі палац, першы ў Цэтынэ гатэль, гарадская бальніца і г.д.
У 1910 годзе Чарнагорыя была абвешчана каралеўствам, што надало новы штуршок развіццю Цэтынэ. Быў пабудаваны Дом Урада — сімвал дзяржаўнай улады. Праведзены ў тым жа годзе перапіс паказаў у адной з самых маленькіх сталіц свету значны рост насельніцтва, які дасягнуў 5895 жыхароў, большасць з якіх былі сербамі.
У перыяд з 1878 па 1914 у Цэтынэ прыехалі шматлікія вядомыя дзеячы культуры і адукацыі з іншых паўднёва-славянскіх краін. Яны ўнеслі вялікі ўнёсак у жыццё горада.
Пасля Першай сусветнай вайны, калі Чарнагорыя ўвайшла ў склад Каралеўства Сербаў, Харватаў і Славенцаў, Цэтынэ значна вырас тэрытарыяльна. Але калі пасля завяршэння Другой сусветнай вайны парламент Чарнагорыі 13 ліпеня 1946 года перанёс сталіцу ў Цітаград. У 1975 годзе Цэтынэ быў узнагароджаны Ордэнам Народнага героя.
З 2006 года ў незалежнай Чарнагорыі. 12 жніўня 2022 ў Цэтынэ здарылася масавае забойства, найбуйнейшае ў гісторыі краіны.
Насельніцтва
Перапіс 2003 года налічыла ў Цэтынскім муніцыпалітэце 18482 жыхароў. Пры гэтым Цэтынэ — адзіны горад муніцыпалітэта з насельніцтвам больш тысячы жыхароў. Насельніцтва ўласна Цэтынэ — 15137 жыхароў.
Паводле даных апошняга перапісу, больш 90 % жыхароў муніцыпалітэта лічаць сябе чарнагорцамі, яшчэ амаль 5 % лічаць сябе сербамі.
Турызм
У перыяд пасля Другой сусветнай вайны Цэтынэ не развіваўся як турыстычны кірунак. Замест гэтага, горад спрабавалі развіваць як прамысловы вузел. Былі пабудаваны заводы і фабрыкі, якія прыйшлі ў заняпад пасля распаду Югаславіі.
Тады індустрыяльны вектар развіцця быў прызнаны памылковым, з прычыны таго, што ў Цэтынэ цудоўныя ўмовы для развіцця турызму. Прывабнасць горада не звязана з марскімі курортамі (такімі, як Котар ці Будва) — Цэтынэ цікавы як палітычны і рэлігійны цэнтр Чарнагорыі, што вельмі важна для разумення гісторыі краіны.
Пры гэтым чакаецца, што некаторыя адміністрацыйныя ўстановы вернуцца ў Цэтынэ з Падгорыцы — у тыя ж будынкі, у якіх яны размяшчаліся ў часы манархіі. Гэта яшчэ больш павялічыць значнасць горада. Напрыклад, тут размясцілася рэзідэнцыя Прэзідэнта Чарнагорыі.
Раз у два гады ў горадзе праходзіць міжнародная выстаўка мастацтваў «Цэтынская біенале», заснаваная прынцам Ніколам Петравічам-Негашам, прапраўнукам караля Ніколы I Петравіча-Негаша.
Славутасці
Сярод гарадскіх славутасцяў можна згадаць наступныя:
- Влашская царква (1450), агароджа якой зроблена са ствалоў трафейных стрэльбаў.
- Царква Ражства Багародзіцы на Чыпуры, пабудаваная на развалінах Старога Цэтынскага манастыра Чарноевіча (1484)
- Новы Цэтынскі манастыр (1701)
- Палац «Більярда» (1838) — умацаваная рэзідэнцыя князя Пятра II Петравіча-Негаша, размешчаная побач з Цэтынскім манастыром. У палацы дагэтуль захоўваюцца яго асабістыя князя, у тым ліку рукапіс «Горнага вянка».
- Палац караля Ніколы I (1863)
- Каралеўскі тэатр «Зэцкі Дом» (1884)
- Рэзідэнцыя спадчынніка прастола «Блакітны палац», цяпер — рэзідэнцыя прэзідэнта Чарнагорыі (1895)
- Асабнякі багатых чарнагорскіх родаў (Джуканавічаў, Вукоцічаў, Вуёвічаў і інш.)
- Старадаўнія будынкі замежных пасольстваў і консульстваў (цяпер у іх размешчаны розныя навучальныя ўстановы і іншыя ўстановы)
- Арліны ўцёс (Orlov Krs/Орлов Крш), з якога адкрываецца краявід на ўвесь Цэтынэ.
У Цэтынэ размешчаны шмат іншых вядомых музеяў, якія ўваходзяць у склад Нацыянальнага музея Чарнагорыі.
Культура і адукацыя
На працягу пяці стагоддзяў Цэтынэ з’яўляецца культурным і адукацыйным цэнтрам Чарнагорыі. Тут размешчаны Цэнтральная нацыянальная бібліятэка Джураджа Чарноевіча, Дзяржаўны архіў Чарнагорыі, Рэспубліканскі інстытут захавання культурнай спадчыны.
Адукацыя
Найстарэйшая школа горада — Пачатковая школа Пятра II Петравіча-Негаша — заснавана ў 1834 годзе. У Цэтынэ таксама размешчаны тры факультэты Універсітэта Чарнагорыі: факультэт вытанчаных мастацтваў, факультэт драматургіі, музычная акадэмія.
Бібліятэкі
У Цэтынэ размешчаны найстарэйшыя бібліятэкі Чарнагорыі, дзе захоўваюцца старадаўнія кнігі і дакументы вялікай гістарычнай каштоўнасці. Найстаражытная з іх — бібліятэка Цэтынскага манастыра, якая вядзе сваю гісторыю з моманту заснавання горада. Тут захоўваюцца 75 кірылічных рукапісных кніг, 4 інкунабулы і мноства старадаўніх літургічных кніг.
Першая публічная чытальная зала была адкрыты ў 1896 годзе. З моманту заснавання яна стала адным з культурных цэнтраў краіны. У гарадской бібліятэцы і Негашавай чытальнай зале захоўваецца больш за 63000 кніг і перыядычных выданняў.
Кнігадрукаванне і выдавецкая справа
Цэтынэ мае даўнія традыцыі кнігадрукавання. Друкарня Чарноевіча (1492—1496) з канца XV стагоддзя друкаваў кірылічныя рэлігійныя кнігі на сербскай мове («сярбулі»), якія мелі велізарнае значэнне для чарнагорскай і сербскай культуры, і ўнеслі вялікі ўнёсак у культуру іншых праваслаўных балканскіх народаў. Пазней былі заснаваны новыя друкарні, якія працягнулі старажытную традыцыю: Негашава друкарня (1833—1839) і Дзяржаўная друкарня (1858), з 1952 — «Обад».
Таксама тут з 1835 выдавалася першае літаратурнае і навуковае штогадовае выданне Чарнагорыі «Горліца», а з 1871 — першая чарнагорская газета «Чарнагорац». У 1914 годзе ў горадзе з насельніцтвам меней чым 6000 жыхароў выдавалася шэсць розных штодзённых газет.
Рэлігія
У Цэтынэ размешчана рэзідэнцыя мітрапаліта Чарнагорскага і Прыморскага Сербскай Праваслаўнай Царквы. Акрамя таго ў Цэтынэ размешчана Духоўная семінарыя.
Акрамя некалькіх праваслаўных храмаў тут ёсць і каталіцкі касцёл Св. Антонія Падуанскага.
У Новым Цэцінскім манастыры захоўваецца Правіца Іаана Хрысціцеля.
Транспарт
Цэтынэ злучана з гарадамі ўзбярэжжа і Падгорыцай двухпалоснай аўтадарогай. Таксама ёсць старадаўняя дарога да Бокі Котарскай — не занадта зручная, але вельмі маляўнічая.
Тывацкі аэрапорт размешчаны за 50 км ад горада, аэрапорт Падгорыцы за 55 км.
Вядомыя асобы
- Міядраг Джурыч — мастак
- Уладзімір Міхайлавіч (нар. 1990) — чарнагорскі баскетбаліст
Гарады-пабрацімы
Зноскі
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
Спасылкі
Цэтынэ на Вікісховішчы |
- Cetinje даведнік на сайце Wikivoyage